Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Караткевіч - Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Бясспрэчнай заслугай Уладзіміра Караткевіча з'яўляецца тое, што ўпершыню ў беларускай літаратуры ён стварыў такі глыбокі і змястоўны філасофска-гістарычны твор, як раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", раман-прытчу, раман-легенду пра жыццё на Беларусі ў XVI стагоддзі, напоўнены горкай іроніяй, драматызмам і адначасова гумарам, весялосцю, аптымізмам.
Пры напісанні гэтага рамана Уладзімір Караткевіч праявіў вялікую мастацкую фантазію, асабліва ў тых выпадках, дзе ён не меў у дастатковай ступені неабходныя матэрыялы.
Як вынікае з эпіграфа, запісу з "Хронікі..." Стрыйкоўскага, падзеі, што апісваюцца ў рамане, павінны адбывацца на пачатку XVI стагоддзя, у гады праўлення Жыгімонта I Старога (1506-1548). Гэта пацвярджае і ліст да Хрыста папы рымскага Льва X, які займаў прастол у 1513-1521 гады.
Многія ж факты, прыведзеныя ў творы, сведчаць, што дзеянне адбываецца ў 20-30-я гады XVI стагоддзя. Згадваецца Бона Сфорца. Жонкай Жыгімонта I яна стала ў 1518 годзе, у 1556 годзе выехала ў Італію. Адзін з герояў рамана кардынал Лотр гаворыць пра выдадзеную Францыскам Скарынам Біблію і пра тое, што "вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю". Як вядома, Скарына надрукаваў у Празе 23 кнігі Бібліі ў 1517-1519 гады, Калумб адкрыў Амерыку ў 1492 годзе. Езуіт Лотр нагадвае, што папа рымскі хутка зацвердзіць ордэн езуітаў, заснавальнікам якога быў Ігнацый Лайола. Ордэн езуітаў быў зацверджаны папам рымскім Паўлам III у 1540 годзе.
Аднак падзеі рамана ахопліваюць не толькі 30-я гады XVI стагоддзя. Пераважная большасць герояў народжаны фантазіяй пісьменніка. Выключэнне складае Кашпар Бекеш (1520-1579), беларускі мысліцель-антытрынітарый. Толькі наўрад ці змог юнак, якому не было і дваццаці гадоў, выказваць думкі, што сфармаваліся ў яго значна пазней. Ды і праніклі езуіты ў Вялікае княства Літоўскае толькі ў канцы 70-х гадоў XVI стагоддзя.
Дзеянне рамана адбываецца на працягу адносна невялікага прамежку часу. Аднак пісьменнік глянуў на падзеі мінуўшчыны шырэй. Ён свядома дапусціў анахранізм, пераставіў гістарычныя факты і даты, што ўвогуле характэрна для многіх класічных гістарычных раманаў. Гэта дазволіла яму глыбей перадаць дух і агульную атмасферу беларускага сярэднявечча. Для пісьменніка істотным было паказаць падзеі так, каб сучасны чытач зразумеў і зацікавіўся імі.
Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" займае ў беларускай літаратуры адметнае месца. Калі ж знаходзіць яму аналогіі ў сусветнай літаратуры, то па мастацкіх асаблівасцях яго можна суаднесці з "Гарганцюа і Пантагруэлем" Франсуа Рабле, "Легендай пра Уленшпігеля" Шарля дэ Кастэра, "Кала Бруньёнам" Рамэна Ралана, "Майстрам і Маргарытай" Міхаіла Булгакава.
Пісьменнік развіў у творы традыцыі "карнавальнай літаратуры", плённа выкарыстаў гратэск. Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" увабраў у сябе і традыцыі фальклорнай смехавой культуры.
Пісьменнік вельмі арыгінальна глянуў на падзеі гістарычнай даўнасці. Прыгодніцкі сюжэт ён напоўніў сацыяльна-філасофскім і псіхалагічным зместам, багата выкарыстаў матэрыялы хронік і летапісаў, біблейскія тэксты і вытрымкі з мастацкіх твораў, народныя выслоўі.
Гэта кніга пра лёс прадстаўнікоў самых розных класаў і праслоек. У цэнтры рамана — вобраз Хрыста — Юрася Братчыка, які звязвае ў адно цэлае ўсе сюжэтна-кампазіцыйныя лініі твора і вакол якога разгортваецца асноўнае дзеянне.
Уладзімір Караткевіч паказаў заканамернасць перамогі новага, прагрэсіўнага і чалавечнага над аджываючым, кансерватыўным і антыгуманным. У кнізе супрацьстаяць дзве сілы. Адна — царкоўнікі і прадстаўнікі ўлады: кардынал Лотр, дамініканец Фларыян Басяцкі, біскуп Камар, войт Цыкмун Жаба, мітрапаліт Балвановіч, багатыя гародзенскія мяшчане, другая — беларускія сярэдневяковыя асветнікі і вучоныя Кашпар Бекеш, Альбін Крыштофіч, разьбяр Кляонік, каваль Кірык Вястун, мечнік Гіаў Турай, залатар Ціхон Вус, Марка Турай, селянін Зянон, прадстаўнікі простага люду.
Аўтар адразу ўводзіць чытача ў тыя трывожныя і неспакойныя часы, паказвае чалавека таго часу з ягонымі вераваннямі, прымхамі і забабонамі, з ягоным поглядам на жыццё. Алавядае пра цмокаў у Сенненскім возеры, пра прывіды гарадоў і воінскіх рацей у небе (Бог знак падаў), пра ўспрыняцце простым людам падзення метэарыта як д'ябальскага наслання і пра смаллянскага лекара, які трупы выкопваў і трыбушыў і якога ўратавала ад пакарання каралева Бона.
I вось па гэтай распаленай сонцам і сухой, як порах, зямлі імчыць конны паязд — людзі царкоўнага звання і кабеты. Кардынал Лотр кажа: "Палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. I трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй". Караткевіч піша пра царкоўнікаў здзекліва, пагардліва і адначасова са спагадай і шкадаваннем: "Цёмныя і брудныя, нават фізічна, яны не думалі, што плаванне Калумба і выданне Скарынай Бібліі на зразумелай мове — ёсць два ўдары з серыі смяротных удараў, якія наносіць іхняй догме новы Чалавек... Яны былі проста дзеці свайго часу, няшчаснага, хворага, гнойнага, сагнутага, калі чалавек быў амаль жывёлай і толькі сям-там выбіваліся наверх парасткі скарлючанага, але ўпартага і моцнага жыцця". I супраць іхняй догмы паўставалі некаторыя прадстаўнікі таго суровага часу. Але гэта былі адзінкі. З прыхаванай іроніяй пісьменнік разважае пра тое, чым займаліся тагачасныя ўладары жыцця: "Рабавалі, разважалі аб тым, колькі анёлаў можа змясціцца на вастрыі голкі і што было ў бога спачатку, Слова або Дзея, баяліся падкопаў нячыстага, судзілі мышэй". Вось яна, сутнасць жыцця божых служак. I галоўнае, яны ўсведамляюць заканамернасць і неабходнасць такога жыцця. У далейшым адбываецца варты жалю суд над мышамі. Мышы выступаюць то як проста жывыя стварэнні, то як алегарычныя вобразы, за якімі ўгадваюцца ці самі царкоўнікі, бо адзенне іхняе мае шэры колер (і ад гэтага яшчэ ўзмацняецца недарэчнасць сітуацыі), ці просты люд. Аднак мышы моцна не караліся, што адпавядала духу беларускага сярэднявечча. Як вядома, на гэтых землях, у параўнанні з заходнееўрапейскімі, царква ў адносінах да ерасей была памяркоўнейшай.
Далей пісьменнік паказвае мужыка Зянона з прынёманскай вёскі, якога ў Гародню прыводзіць голад. Ён вельмі здзіўлены, што вось у яго няма чым пракарміць сям'ю, а гародзенская брама ўсё праглынае і праглынае вазы з харчамі і ўсякай жыўнасцю. "Пане божа, — уздыхнуў Зянон. — Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з'явіўся". Гародзенскія рамеснікі таксама адчуваюць несправядлівасць існуючага ладу. Разьбяр Кляонік прыходзіць да заключэння, што "не павінна быць розніцы ў законе". Народ прагне перамен. Адбываецца вялікая бойка на Старым рынку. Нарастае людскі гнеў. Рамеснікі і мяшчане накіроўваюцца да купецкіх крамаў. У старажытнай Гародні бунт. Суняць яго, прымірыць дзве варожыя групоўкі, рамеснікаў і гандляроў, спрабуюць служкі царквы.
I невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б у гэты момант не з'явіліся ў Гародню трынаццаць вандроўных акцёраў. Пасля няўдалага выступленяя ў мястэчку Свіслач яны накіраваліся ў вялікі горад, дзе іхняе майстэрства, магчыма, ацэняць і зразумеюць. Пісьменнік са здаровым народным гумарам апісвае ўваход акцёраў у горад: "Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна... а перад імі ішоў чалавек. З цярновым вянцом на лбе".
У Гародню прыйшоў Хрыстос. Духавенства прымае яго за ілжэ-Хрыста і таму хоча пакараць, гародзенскія ж людзі простага звання бачаць у Юрасю Братчыку Божага Сына і народнага заступніка. Таму яны штурмуюць замак, у якім знаходзіцца зняволены Хрыстос і апосталы, і патрабуюць даць ім свабоду. I ў гэтай сітуацыі Лотр і ягоныя прыслужнікі з езуіцкай вынаходлівасцю прымушаюць Братчыка стаць Хрыстом. Дамініканец Басяцкі кажа членам сінедрыёна: "У краіне цяжка, неспакойна. Каб не было гэтага "прышэсця" — яго варта было б выдумаць". Голад прымусіў Юрася Братчыка стаць прытворшчыкам і махляром. Але прысвоіць сабе імя Сына Божага ён не згаджаецца. Яго катуюць. Езуіты сапраўды не разумелі, што ён можа так многа цярпець. У той жа час Хрыстос разважае: ён загіне, а пра яго скажуць потым, што ён "нарадзіўся", што "прыйшоў не ў свой век". I з уласцівай народу кемлівасцю Братчык згаджаецца быць Хрыстом. Так па іроніі лесу колішні бадзяга і валацуга становіцца Хрыстом. Але праз месяц, загадвае езуіт Лотр, ён павінен узнесціся.
А паколькі ты Сын Божы, то ты павінен быць усемагутным і справядлівым. Хрыстос з'яўляецца народу: "Усе радаваліся, што адолелі. Але адначасова было неяк ніякавата на душы". Ніякавата было таму, што і гэту сітуацыю слугі Божыя выкарысталі з карысцю для сябе. Адзін з арганізатараў паходу за вызваленне Хрыста Кляонік ціха прамовіў: "Лёгка ж яны абышліся... Я праўды патрабаваў".
Для Хрыста і ягоных апосталаў пачынаецца жыццё, поўнае радасці і асалоды. Яны засталіся жывымі. Братчык па-ранейшаму працягвае знешне іграць ролю махляра і ашуканца, але яго адольваюць самыя розныя і супярэчлівыя думкі. Хрыстос пачынае рабіць "цуды". Як і біблейскі Хрыстос, Братчык "пяццю хлябамі" і "дзвюма рыбамі" накарміў народ: раздаў людзям запасы з крамаў хлебніка і рыбніка. Толькі гэтыя "цуды" вельмі ўжо рэальныя і зямныя. Народ яшчэ больш паверыў у Хрыста, што надало таму сілу і ўпэўненасць.
Праўда, паводзіны Хрыста ўстрывожылі гародзенскіх асветнікаў і вучоных Кашпара Бекеша і Альбіна Крыштофіча, разьбяра Кляоніка. Бекеш абураецца: "А што б ён растлумачыў цёмнаму таму люду? Слова "справядлівасць"? Слова "роўнасць"? Слова "гуманізм"? Слова "праўда"? Слова "пазнанне"?.." Крыштофіч не вызваляецца ад думкі, што Братчык "прахвост і самазвавец... шалбер, махляр, круцель і ашуканец". Згодны са сваім сябрам і разьбяр Кляонік: "I я гэта ведаў. Ды толькі думаў, што мы ягоным імем тут пачысцім трохі. А выяўляецца, яны (царкоўнікі) і імя прыбралі сабе, ды нас жа і ў дурні. Цяпер вылюдства гэтае, ізуверства адсюль і за сотню год не вымецеш".
I асабліва насцярожаны паводзінамі Хрыста царкоўнікі. Лотр думае з трывогай: "А што, калі ён і круцель, і срэбралюбец, ды яшчэ і аматар улады... I што, калі ён сілу сваю адчуе, дый зразумее, што ён сам усё можа?" А Хрыстос, сапраўды, адчуў сваю сілу. Гэта добра паказана ў сцэне ягонага з'яўлення народу. На замкавай вежы побач з ім стаіць Лотр. Ды раптам з натоўпу пачуўся голас: "Гэй, Лотр! Ты што гэта побач з Хрыстом стаў, хамула?!" I тут езуіт зразумеў, "якую пачвару ён нарадзіў і выпусціў на святло". Той Хрыстос, які напачатку чым хутчэй хацеў пазбавіцца ад сваёй новай ролі, на прапанову езуіта служыць ім, бо яны яму жыццё далі і дзеўку гожую дадуць, адказвае Лотру злосна і з'едліва: "Сам вазьму. Бач, ашчаслівілі. Сам знайду сваю Дзеву Марыю... I ідзі ты са сваім узнясеннем!.."
Новая роля не задавальняе Хрыста. Ён пачынае вывучаць святыя кнігі, з якіх хоча даведацца пра нормы сваіх паводзін. Аднак на пытанні, што мучаюць Хрыста, ён не можа знайсці адказу і ў Святым Пісанні. А калі і знаходзіць, то гэтыя адказы расчароўваюць яго. Дзеля пазнання ісціны жадае сустрэцца з адным чалавекам, які жыве ў Рыме і які ўсё ведае, — з вялікім майстрам. I гэта акалічнасць выклікае зацікаўленасць з боку Бекеша, Крыштофіча і Кляоніка. Разьбяр Кляонік становіцца памяркоўным у сваіх меркаваннях пра Хрыста, рашае быць уважлівым да гэтага чалавека, прыгледзецца і паспрабаваць зразумець яго.
Але не было яснасці ў душы Хрыста. Часам ён прыходзіў у адчай. Красуня Анея, дачка мечніка, палюбіла ў ім Хрыста, а не чалавека, і таму Хрыстос "ледзь не плакаў ад страшнага прыніжэння і ад нясцерпнай цягі, ад кахання да яе".
Каб выманіць Хрыста з Гародні, Лотр і ягоныя прыслужнікі ўпотай адпраўляюць Анею з горада ў Машкаўскі манастыр. Хрыстос ідзе на пошукі сваёй каханай. Паказальная для разумення эвалюцыі вобраза Хрыста сцэна, калі ён са сваімі апосталамі выходзіў з Гародні. Хрыстос вельмі ўзрадаваўся, калі Кляонік паведаміў, што гэта каваль Кірык Вястун горад узняў, каб Хрыста выратаваць. Хрыстос усклікнуў: "Братка! Чаго ж ты раней не прыйшоў?" Характэрны зварот Хрыста: "Братка!" I ці не сведчыць прозвішча Хрыста — Юрась Братчык — пра ягоную сувязь з народам, з "братамі ў Хрысце"? Паведамленне Кляоніка надало сілы Хрысту, ён зразумеў, што цяпер не адзін, што ў яго ёсць аднадумцы, занепакоеныя лёсам мужыцкага Хрыста.
Юрась запытаўся ў рамеснікаў: "Верыце, што я — бог?" На што Кляонік адказаў: "Я... не дужа. Але ж хто б ты ні быў — ты з намі ў адну дуду дзьмеш, аднолькавыя поршні носіш, галадаеш, як мы. Даў ты нам хлеб. I яшчэ... даў ты нам веру. Веру ў тое, што не ўсе нам ворагі, што не ўсе нас хочуць ціснуць. Павінен быў ты прыйсці". Хрыстос пачынае ўсведамляць неабходнасць свайго прышэсця.
Юрась Братчык увасабляе вобраз сярэдневяковага чалавека, тагачаснага беларускага народа, актыўнага, неспакойнага, вясёлага і гарэзлівага, які вызваляўся з путаў царкоўных догмаў і засвойваў эстэтычныя і духоўныя набыткі, што неслі з сабой новыя часы. Так, Кляонік, дакараючы Бекеша ў тым, што той бачыў у Хрысце махляра і ашуканца, кажа: "А мы, гуманісты, ва ўсім павінны ад іх (царкоўнікаў) адрознівацца... Гэта цікавы чалавек. Я шкадую, што не разабраўся ў ім. Гэта варты ўвагі чалавек... I ён не сябра царкве". Пісьменнік імкнуўся паказаць тую аснову, на якой узраслі лепшыя гуманістычныя ідэі беларускага сярэднявечча.
Уладзіміра Караткевіча прывабіла рэнесансная паўната жыцця. Ён адлюстраваў разняволенне чалавечага цела і духу. Асабліва гэта прыкметна ў тых мясцінах рамана, дзе апісваюцца прыгоды Хрыста і ягоных апосталаў у розных канцах "княства Беларуска-Літоўскага". Падарожнікі спачатку прыходзяць у "весь Збланы, што ля Немана", дзе Хрыстос "уваскрашае" п'янага Лазара, потым ля Любчанскага замка сустракаюць гандляра індульгенцыямі, выкрываюць яго ў махінацыях і хлусні, а грошы раздаюць народу, далей наведваюць шляхецкі хутар, які знаходзіўся "трохі наводшыбе ад вёскі Вераскава", і ў адказ на сквапнасць, душэўную глухату і чэрствасць гаспадыні спальваюць яе хату. Потым уцякаюць ад месца злачынства, трапляюць у Наваградак, дзе Хрыстос таксама робіць "цуды" — і "сляпыя" становяцца відушчымі. Здавалася б, Юрась Братчык зноў вярнуўся да такога прызвычаенага махлярскага занятку. Аднак ягоныя паводзіны становяцца матываванымі і апраўданымі, а ўчынкі справядлівымі.
Глыбока трагічнай атрымалася сцэна, у якой інквізітары караюць ні ў чым не вінаватых людзей. Аднак Хрыстос і ягоныя апосталы на гэты раз не змаглі прадухіліць злачынства. Вось чаму ў далейшым, ва ўмоўна-сімвалічнай сцэне Божага суда над генеральным камісарыем доказнай інквізіцыі, сцвярджаецца думка пра заканамернасць пакарання злачынцаў.
Хрыстос усё далей і далей ідзе па зямлі беларускай. Як і ў Святым Пісанні, ён выганяе гандляроў з храма. Людзі пачынаюць верыць, што з'явіўся мужыцкі Хрыстос. I яны бачаць у Хрысце народнага заступніка.
Паводзіны і ўчынкі Хрыста пісьменнік увесь час узгадняе з біблейскім сюжэтам. Але Братчык-Хрыстос дзейнічае нібы насуперак біблейскай традыцыі. Так, на беларускія землі яшчэ ў XVI стагоддзі рабілі спусташальныя набегі татары. Хрыстос, Сын Божы, павінен абараніць людзей ад гэтай навалы. Братчык сустракаецца з ханам Марлорай, і калі той здзекліва ўспомніў словы з Бібліі: "Хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю...", то Братчык прадоўжыў: "Падстаў яму і другую". Але потым Хрыстос, "ніхто не паспеў заўважыць... нанёс хану скрышальны ўдар у зубы". Караткевіч у прыгодніцкім плане паказвае перамогу Хрыста над татарскім войскам. Як заўсёды, Братчыка выручаюць знаходлівасць і кемлівасць.
Толькі нядоўга давялося радавацца пераможцам. Сын Марлоры мурза Сялім сабраў новы загон. Набліжаецца чарговая сутычка. Тут варта прывесці думкі Хрыста напярэдадні бойкі з Марлорай: "Страшэнна, вядома, шкада людзей. Але што можа зрабіць бадзяга з тузінам паплечнікаў? На гэта ёсць войска... А ён — маленькі чалавек; яму трэба выжыць, зберагчы людзей, якія спадзяюцца на яго і за якіх ён адказвае. Магчыма, знайсці сваю жанчыну. Трэба сяк-так дажыць жыццё, раз трапіў у гэты гной. Калі ўбачыць, што недзе б'юцца, бокам аб'едзе". I калі думкі Хрыста напярэдадні першай сутычкі з татарамі былі супярэчлівымі, то перад другою ён ужо адчуў не толькі шкадаванне да народа, але ўсвядоміў усю адказнасць за ягоны лес. Народ паверыў у свайго мужыцкага Хрыста і ў другой бітве перамог татараў: "Яны (татары) не ўлічылі гневу і жадання перамагчы ў сэрцы гаспадароў зямлі... Тут ішоў народ". Але гэты народ, які перамог, быў народжаны для працы, а не для бітвы. Мужыкоў зямля клікала: "Сеяць трэба. Мужыкі мы". I Хрыстос зразумеў, што мужыка, які нават на ятаган глядзіць як на серп, не ўтрымаеш. Войска распадаецца.
Хрыстос — махляр і валацуга — паступова ператвараецца ў народнага заступніка, і нішто не можа скіраваць яго з выбранага шляху: "Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора... Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы — бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!"
Тут Уладзімір Караткевіч уступае ў дыскусію з летапісцамі. Некаторыя з іх зблыталі Братчыка з самазванцам Якубам Мялінцінскім, пісалі, што адпор татарам арганізавала царква. "Але, — піша Караткевіч, — нават мечучы перуны і бліскавіцы, яны самым стылем сваім паказвалі, што сімпатыі іхнія на баку гарластых, дзёрзкіх, знаходлівых людзей, якія ўмеюць абвесці вакол пальца нават самога бога, а ўжо служак ягоных і пагатоў". Пісьменнік праводзіць думку, што ворага перамог народ.
Хрыстос пачынае верыць у свой народ. Пасля бітвы з татарамі ад сотніка Карнілы і езуіта Басяцкага Хрыста і ягоных апосталаў бароняць тыя ж мужыкі, у іх яны знаходзяць падтрымку.
Царква спявае анафему Хрысту. Да яго падсылаюць забойцу. Але Хрыстос цудам застаецца жыць. Вакол яго згуртоўваецца люд. Голад прымусіў мужыкоў зноў узяцца за зброю. Хрыстос вядзе людскі натоўп на Гародню: "Людзі... Дзецюкі! Народ мой! Адна ў нас дума, і няма больш сілы маёй трываць, як няма яе ў вас. Цяпер — да канца... Хлеб у Гародні. Але я не хачу думаць, што ідзём мы па адзіны хлеб... За абражаную веру ў дабрыню чалавечую — няма даравання..."
Божыя служкі спрабуюць падкупіць Хрыста — той адмаўляецца ад грошай. Яны разумеюць, што цяпер не так, як месяц таму: не пройдзе іхні нумар і з заложніцай Анеяй, каханай Хрыста. Хрыстос не можа пакінуць у адказны момант людзей, якія даверылі яму свой лес: "Ведаю. Але не пайду. У першы раз бачу, што яны вартыя. Вераць у нешта лепшае, чым самі яны сёння. Не магу падмануць гэтую веру". Праз пакуты, нястачы і выпрабаванні Хрыстос ішоў да свайго народа, да ўсведамлення цеснай знітаванасці ўласнага лесу з лесам народным: "Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў. Але я нікому яшчэ не здрадзіў на гэтай зямлі. I не збіраюся. Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго".
Адбываецца бітва паміж мужыкамі і гародзенскім войскам. Гародня ўзята. Падзелены ўсе запасы з царкоўных і магнацкіх свірнаў. Але тыя ж мужыкі ідуць з горада да свайго асноўнага занятку — касіць, араць, сеяць. Як і раней, Хрыстос не мог і не меў права затрымаць іх. Для людзей мінулі тры бяды: нашэсці, голад і Лотр. Але небяспека ад Лотра не знікла. Горад рыхтуецца да абароны. I ў гэты крытычны момант Хрыстос выступае як перакананы змагар за праўду і шчасце: "Раз ужо я з'явіўся на зямлю — я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць Чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе пэўна ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду..." Напярэдадні ночы белых крыжоў Хрыстос прыходзіць да наступнага заключэння: "Я — тутэйшы. Я — беларус. Няма дзеля мяне даражэйшай зямлі, і тут я памру".
Праз падземны ход у Гародню пранікае войска, якое з Ваўкавыска прывёў Лотр. Хрыстос узяты ў палон. У горадзе караюць паўстанцаў. Але ўладары жыцця раптам адчулі, што ў людзях не было ўжо ранейшай пакоры і баязлівасці. Тыя, хто пазнаў волю, былі гордымі і нязломнымі. Хрыстос прамаўляе сваім суддзям праўдзівыя словы: "I не за самазванства вы мяне судзіце, а за тое, што я, махляр, валацуга, шалбер, перастаў быць махляром, стаў тым, кім вы мяне зрабілі, кім баяліся мяне бачыць. Уваскрэсні зараз бог, уваскрэсні той, з каго пачалася ваша справа, вы і з ім зрабілі б тое, што са мной".
Хрыстос вытрымлівае катаванні, не раскайваецца ў зробленым, да канца гатовы несці свой крыж. Бурмістра горада Юстына ён пераконвае, што нараджаецца новая парода людзей "з веданнем і чысцінёй думак". Іх можна абылгаць, але нельга вытравіць іхнія імёны і справы з памяці народнай, бо нельга "зрынуць славу тых, хто гінуў і гіне за людзей, за народ". Дзеля шчасця і волі на зямлі Хрыстос гатовы ахвяраваць уласным жыццём. Што гэта? Самаахвярнасць у духу хрысціянскай маралі? Магчыма. Але пісьменнік у такое разуменне ўкладвае свой гуманістычны сэнс.
Радуючыся, што Юстын здолеў убачыць хлусню ў кожным запавеце, Хрыстос кажа яму: "Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню — значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага і святога, хай сабе не ведаючы, дзе яно, — значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі? Не толькі ваўкі. Не толькі звяры, паскуды і хлусы". Тут выявілася неспатольная прага духоўнасці і непераможная вера ў чалавека, у яго стваральную сілу і розум, у яго бясконцае імкненне да ідэалу і дасканаласці.
Кашпар Бекеш цяпер бачыць у Хрысце не ашуканца, махляра і самазванца, а чалавека. Калі ж караюць сапраўднага чалавека, то дзе справядлівасць і праўда на зямлі? I ці ёсць у такім выпадку Бог? Само жыццё прымушала сярэдневяковага гуманіста прыйсці да адмаўлення Бога. Кашпар Бекеш захапляецца сябрамі Хрыста, якія ратуюць яго ад смерці і забіваюць тых, хто жадаў ягонага распяцця, — хлебніка, рыбніка, езуіта Басяцкага.
Раман заканчваецца сімвалічным апісаннем сустрэчы Хрыста са сваімі сябрамі. Фаўстына з Кляонікам і Марка Турай застаюцца на хутары, "а астатнія, на чале з Хрыстом, вырашылі ісці на поўдзень, у нечапаныя пушчы на мяжы Палесся і Белавежы, у месца, якое ведаў Хрыстос. Ісці, карчаваць і паліць там ляды, будавацца, жыць вольным жыццём і чакаць, чакаць святла".
Пісьменнік з любоўю і цеплынёй піша пра свайго героя. Хрыстос кемлівы, знаходлівы, вясёлы, гарэзлівы, махляр і прытворшчык. Але адначасова гэта мысліцель і пакутнік, праўдашукальнік і змагар. Страты, цяжкасці і няўдачы загартоўваюць яго. Уладзімір Караткевіч усхваляе асобу, якая вызваляецца ад путаў сярэднявечча. Нягледзячы на ўсе нягоды, гэты герой застаецца аптымістам. Ён здольны здзіўляцца і захапляцца жыццём, радавацца і смяяцца. I смех гэты надзвычай разнастайны і багаты. Часцей за ўсё ён сведчыць пра здароўе чалавечай натуры і разам з тым пра здароўе народа.
Твор напісаны надзвычай вобразнай, маляўнічай, багатай, сакавітай і добрай сучаснай мовай: "... Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святыя Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў", "Думка (Альбіна Крыштофіча) кіпела, хвастала, забівала, джаліла, паліла". Архаізавана ў рамане толькі танальнасць. Возьмем пачатковыя радкі: "Будучы на схіле дзён, рыхтуючыся да агульнай чашы чалавечай..." і заключныя: "Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая".
Пісьменнік часта звяртаецца да Бібліі, што таксама пэўным чынам адбілася на стылі. Ён умела выкарыстоўвае інверсію і стараславянізмы, якія надаюць твору велічнае і ўрачыстае гучанне: "гішторыяй круцельскай", "рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў", "ныня і мы разам з вамі", "і не былэ яснасці ў душы ягонай", "Паўсюль пытаў ён аб жанчыне, якую шукаў, і нідзе ані слова не пачуў пра яе, і ў адчаі ўсё больш злаваўся на подласць роду людскога", "Што ж, ад гэтага падне мая справа?", ужывае гістарызмы: ратман, каноны, корд, баніцыя і іншыя.
Аўтар шырока выкарыстоўвае народныя выслоўі. Побач са словамі высокага кніжнага стылю ўжывае прастамоўныя словы ці выразы, свае ўласныя параўнанні — простыя, натуральныя, часам арыгінальныя і незвычайныя: "аж ногі да зямлі прыкіпелі, і неба здалося з літоўскі кажух", "Зямля была чорная. Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах", "юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца", "у пергаментны скрутак, пад якім, як крывавы плявок, вісела і гайдалася пячатка мудрага і вялікага Айца", "Горад гудзеў, як вулей, у які нейкі гарэза кінуў каменьчык" і іншыя.
У творы моцна адчуваецца іранічна-гумарыстычны гратэскавы пачатак, які ўзнік з усведамлення беларускім сярэдневяковым чалавекам паўнаты жыцця, з адчування ім смешнага ў рэчаіснасці. Аднак пры ўсім камізме сітуацый, у якія трапляюць героі, пісьменнік гістарычна дакладны. Прыгадаем вобраз Багдана Роскаша, беларускага двараніна, Фамы Нявернага. Як вядома, Статутам 1529 года ў Вялікім княстве Літоўскім шляхта была вылучана ў самастойнае саслоўе. Шляхціч, паводле гэтага Статута, карыстаўся многімі прывілеямі, напрыклад, асабістай і маёмаснай недатыкальнасцю, быў вызвалены ад падаткаў. Галоўным ягоным абавязкам была воінская служба. У свядомасці беларускага народа выпрацаваліся крыху насмешлівыя адносіны да "шляхецкага саслоўя". Ды і мастацкая літаратура сказала сваё важкае слова пра дробнапамесную шляхту. Прыгадаем і Адама Міцкевіча, які пісаў, што шляхціц у сваім агародзе роўны ваяводзе, і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з ягонай "Пінскай шляхтай". Нельга абысці ўвагай таксама фанабэрыстага Адольфа Быкоўскага з "Паўлінкі" Янкі Купалы. I калі смех Купалы быў паблажліва-здзеклівы, то смех Караткевіча лагодны, стрыманы, афарбаваны лёгкай іроніяй. Вось як апавядае пра сябе Багдан Роскаш: "Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойскага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваей сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу". Камічны эфект дасягаецца тут дзякуючы кантрастнасці — усведамленнем Роскашам сваёй перавагі над іншымі і рэальным станам рэчаў. Ён, як і звычайны мужык, ішоў за сахою босы, асцерагаўся, "каб церне не ўпялася ў нагу". Паказальна і наступнае выказванне Роскаша: "Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў — хіба што толькі зусім п'яны". Там, дзе з'яўляецца Роскаш, пануе весялосць. Ён любіць пагуляць, выпіць і ўвогуле адчуць усе асалоды жыцця, якія толькі могуць быць. Каларытна і маляўніча апісаны ў рамане гулянкі апосталаў. Згадаем хоць бы сцэну, дзе магутны Багдан Роскаш для радасці і ўцехі апосталаў на выцягнутых руках прынёс аж восем дзевак і не зморкаў нейкіх, а такіх, дзе "ёсць што абняць". Як бачым, Уладзімір Караткевіч плённа працягваў і развіваў гумарыстычна-сатырычны кірунак у беларускай літаратуры.
Здаровым народным гумарам прасякнута ўся кніга. Каларытна апісана, як уцякалі "ліхадзеі, скамарошкі, блазны несамавітыя" са Свіслачы і ад шляхцюкоў з хутара ля вёскі Вераскава, дзе яны спалілі хату "каменнай бабы". Камічная сцэна ўваходу Хрыста і ягоных апосталаў у Гародню ("і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць"). З адценнем гумару і іроніі апавядае пісьменнік пра прыгоды сваіх герояў. Яны акунаюць п'янага да забыцця Лазара ў крыніцу, дзе той працверазеў. I ў падзяку за такое "ўваскрэсенне" дамашнія Лазара частуюць Хрыста і апосталаў ды даюць ім яшчэ на дарогу. Падарожнікі ідуць далей: "... I зноў дарога. Поўныя сумы за спіною. У скрыні ў Іуды бразгаюць грошы, і, значыць, можна ісці далёка-далёка. А перад Іліяшам бяжыць свіння. Адна з двухсот Лазаравых. Таму што Лазар — сальняк. Свіння харошая, пярэстая". Ад перапою ў іх баляць галовы. Сябры з самазадавальненнем і скрытаю ўсмешкай наракаюць, што ў падзяку за ўваскрэсенне Лазара іх добра-такі пачаставалі.
Наракае на свой лёс таксама і гародзенскі кат, які чалавека ведае да апошняга і лічыць, што работа ў яго старадрэўняя, пачэсная, ганаровая: "З усімі вялікімі людзьмі, ужо не кажучы пра ўсіх разумных, знаёмы". Нават ад людзей, якіх ён карае, гэты кат хацеў бы пачуць словы падзякі. Але яму падзякуюць хіба толькі айцы царквы.
А з айцоў царквы Уладзімір Караткевіч смяецца і здзекуецца больш, чым з каго. Аўтар выкрывае іх крывадушнасць, хлусню і распусту, іхні паразітычны спосаб жыцця. У іх і прозвішчы адпаведныя. Лотр па-народнаму значыць круцель, падлюга, нягоднік. Басяцкі — ад "басяк", таксама нясе ў сабе адмоўны здзекліва-зняважлівы сэнс. Яны ўвасабляюць зло і жорсткасць. Слугі Бога спакойна спекулююць на тым, што для іх, намеснікаў Бога на зямлі, павінна быць святым. Прадавец індульгенцый ускліквае: "Купляйце дараванне. Вы можаце купіць сабе адпушчэнне нават за тое, што згвалціце адзінаццаць тысяч вядомых святых дзеў — оптам ці ў розніцу, калі хопіць на гэта моцы вашай, якая — ад бога..."
Пісьменнік смяецца з усяго коснага і аджываючага, выступае супраць усякага абмежавання духоўнай свабоды, супраць усякай дагматыкі. Альбін Крыштофіч асуджае палітыку царквы, якая дурманіла народ, сцвярджае, што "гуманістам у гэтай юдолі не шанцуе... А шанцуе ў гэтай юдолі шэльмам, паскуднікам, ашуканцам і круцялям". У спрэчцы з Лотрам ён крытыкуе ўсё адмоўнае і злое ў жыцці, выкрывае і праклінае служак веры і ўладароў: "У нас зараз блажэнны начныя грамілы, гандляры жаночым гонарам, ханжы, забойцы, атрутнікі чыстых, п'яныя каты, зацямніцелі, душыцелі праўды. Блажэнны прадажныя... "
Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ўвабраў многія жанрава-стылёвыя адзнакі творчасці Уладзіміра Караткевіча. У падзагалоўку аўтар назваў яго "Евангелле ад Іуды". На самым пачатку твора паведаміў, што, "будучы на схіле дзён", хоча распавесці пра падзеі даўніны. Пра далёкія падзеі ўласнай біяграфіі ўспамінае галоўны герой і ў аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха". Ад першай асобы ідзе апавяданне і ў рамане "Чорны замак Альшанскі". Асабісты пачатак выяўляецца таксама ў рамане "Каласы пад сярпом тваім". У рамане ж "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" адчуваецца большая аб'ектывізацыя ў падыходзе да адлюстроўваемых падзей і характараў, што з'яўляецца характэрным для многіх гістарычных раманаў сусветнай літаратуры.
Асэнсоўваючы постаць Хрыста, пісьменнік уводзіць у твор "словы" ад летапісца, ад другога летапісца і ад двух сведкаў. I такі супастаўляльна-параўнальны погляд на далёкія падзеі надае большую пераканаўчасць, глыбіню і шматграннасць аўтарскаму апавяданню. Уладзімір Караткевіч захапляецца старажытнай беларускай мовай, яе чароўным, лаканічным і трохі наіўным стылем, часта дае слова летапісцу, які хоць часам "наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару".
Сапраўднай маленькай жамчужынай, згубленай у старой пыльнай кнізе, выглядае прыведзенае ў рамане апісанне гісторыі з сукняй. Караткевіч заўважыў, што апавяданне пра сукню напісана ў летапісца "такой цудоўнай грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў". Гэта вызначэнне добра стасуецца і да адлюстраваных ім падзей і характараў у рамане. Пісьменнік не толькі паказаў матывацыю тых або іншых учынкаў сваіх герояў, раскрыў іх адметнасць, але і стварыў пераканаўчыя і яркія малюнкі людскога натоўпу, даў яскравыя апісанні тагачаснай зброі, адзення, вуліцаў і плошчаў Гародні, знешняга і ўнутранага выгляду замка.
Героі твора выглядаюць жывымі, а падзеі, апісаныя ў ім, — пераканаўчымі і праўдзівымі. Тут узноўлены дух тагачаснай эпохі, што надае раману асаблівую мастацкую каштоўнасць.
Непаўторна раскрыліся ў рамане вобразы апосталаў, асабліва Багдана Роскаша (Фамы) і Іосіі бен Раввуні (Іуды). Няпростыя жыццёвыя выпрабаванні вынесла Марына Крывід (Магдаліна). Уражваюць словы і паводзіны дамініканца Фларыяна Басяцкага, мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас якога "нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй". Калі ён гаварыў, то з ягонага рота "нібы плыў смярдзючы гной, нібы травінка-джала высоўвалася з-пад языка". Не проста як ідыёт, а як ідыёт дзейны, "упэўнены ў сваіх велічы і розуме", выступае ў кнізе войт Цыкмун Жаба з ягонымі бязглуздымі рэплікамі і гульнёй, дзе ён выкарыстоўвае начоўкі і розныя фігуры-выявы.
Майстэрствам і глыбінёй зместу чаруюць заключныя раздзелы рамана, дзе апісваецца сон Братчыка, ягоны шлях на Галгофу і ягоная сустрэча са сваімі сябрамі. У сне ён трапляе на неба, у рай, сустракаецца з самім Богам Саваофам. Там усё, нібы на зямлі. I гутарка з Богам адбываецца ў нязмушаных абставінах, нібы ў сялянскай хаце. Бог і Дзева Марыя частуюць госця. Іх узрушвае апавяданне Хрыста пра злыбеды і няшчасці, што пануюць на зямлі беларускай, пра здзек і глум, якія там чыняцца над народам. Узнёсшыся на неба, Хрыстос убачыў там дастатак і заможнасць: "Кожная вёска была, як пахучы букет". Уся зямля была дагледжанай, яна "дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы". Як народная і аўтарская мара пра лепшае жыццё з'явілася перад вачамі Братчыка і тая зямля, з якой ён прыйшоў: "Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы". I гучала на ёй "пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая беларуская мова".
Велічным і сімвалічным атрымаўся фінал твора, дзе сейбіты на чале з Хрыстом "падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара". Яны ішлі насустрач нізкаму сонцу, "і, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю".
У рамане сцвярджаюцца высокія гуманістычныя ідэалы праўды, справядлівасці, дабра. I ў гэтым яго агульначалавечая і мастацкая каштоўнасць.
Змест рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" не вычэрпваецца толькі апісаннем прыгод Братчыка і ягоных апосталаў. Ён значна глыбейшы. Пісьменнік адзначыў, што гэта "не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце".
Похожие статьи:
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў