Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Рыгор Барадулін - Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер*
Запускае руку да пахі.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці.
* Асвер - журавель калодзежа.
Адказы на пытанні:
1. Лірычны верш дазваляе ў яркай вобразнай форме, праз асабістыя перажыванні, пачуцці, думкі перадаць усхваляванасць паэта, глыбока раскрыць праблему, заклікаць сваіх чытачоў да разумення важнасці "святога" дома, дзе ты нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі. Верш добра кладзецца на музыку, яго хочацца паспяваць, вершаваная форма дазваляе мацней уздзейнічаць на ўспрыманне чалавека.
Аўтара хвалюе, што мы, адарваўшыся ад роднага парога, рэдка адведваем сваіх бацькоў, родныя мясціны, сціраем у памяці тое, што зрабіла нас моцным, дарослым, цвёрдым. За будзёнымі клопатамі страчваем самыя дарагія ўспаміны маленства, страчваючы "святое штосьці".
2. Мастацкія дэталі:
Успаміны маленства звязаны з пахам "падвялага аера", "як у студню цыбаты асвер запускае руку да пахі".
Сталенне, жыццё:
Што ў хаце там быў рубель, // У цане і па курсу старому...
Успаміны роднага дому звязаны таксама з марозам і "пякучай клямкай", свежым боханам на стале.
Для паэта важна "не забыць, як завуць суседа", бо гэта вельмі істотна для жыхароў вёска – заўсёды вітацца і паважаць сваіх суседзяў, гэта значыць не забыць усё тое, што яднае яго з роднымі мясцінамі, не "ачарсцвець душой".
3. Шматлікія паўторы слоў і сказаў узмацняюць эмацыйную выразнасць тэксту, падкрэсліваюць асноўнае значэнне слоў "Трэба дома бываць часцей", эмацыйна вылучаючы або ўзмацняючы яго. Акрамя гэтага паўтор акцэнтуе ў слове розныя адценні сэнсу.
4. Паэт мяняе адценне сэнсу ў апошніх радках і яны гучаць як асноўная ідэя верша, сцвярджэнне, аўтар быццам падводзіць выснову вышэй выказанага, яшчэ раз жадаючы сканцэнтраваць увагу на галоўнай думцы.
5. Лірычныя вершы іншых паэтаў на блізкую тэму:
Ніл Гілевіч "Маці", Васіль Зуёнак "Я са шляхоў далёкіх".
6. Творы Рыгора Барадуліна, якія вывучалі ў папярэдніх класах, якія чыталі самастойна:
"Мы - беларусы", "Зямля бацькоў", "Уцякала зіма ад вясны", "Мы людзі такія".
7. Верш "Трэба дома бываць часцей" ды іншыя вершы належаць да лірыкі, якая адлюстроўвае жыццё праз асабістыя перажыванні чалавека, яго пачуцці і думкі.
Похожие статьи:
Рыгор Барадулін → Творчасць Рыгора Барадуліна
Павел Місько → Павел Місько - Як дзеда дзялілі
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...