Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ніл Гілевіч - Маці
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: "Са святам!" –
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.
Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю – нядужнай, сівой –
На калені...
Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, ночы.
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...
Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.
Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...
А цяпер ёй –
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна – любімыя дзеці –
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...
Адказы на пытанні:
1.Твор прасякнуты глыбокім пачуццём любві сына да сваёй матулі. Споведзь сына кранае тым, што аўтар гаворыць трапную ісціну – толькі дарослымі мы можам зразумець "сваю няўдзячнасць" у адносінах да нашых бацькоў.
2. Паэта выказвае глыбокія і шчырыя пачуцці да самага роднага ў свеце чалавека. Ніл Гілевіч асэнсоўвае паўсядзённы клопат вясковай жанчыны і разумее, што "трэба б упасці перад ёю – нядужнай, сівой – на калені...". Кожная наступная страфа перадае палітру адценняў, звязаных з вобразам маці. Гэта дасягаецца стварэннем асобных сімвалаў:
Вочы маці – увасабленне чысціні, радасці, дабрыні (яны "вясёлымі зоркамі ззялі", "усміхаліся нам, забаўлялі...").
Рукі маці – увасабленне працавітасці, клапатлівасці, пяшчоты ("у працы не зналі прынукі", "мазалі, як бабіны, "мілыя рукі"), Сэрца маці – крытэрый дабра, спагадлівасці, справядлівасці, жалю, самаахвярнасці, маральнай чысціні ("наш боль быў тваім", "сорам наш...", "кропля радасці... напаўняла цябе, разлівалася морам...").
3. Галоўная тэма верша – маці, як увасабленне вялікай духоўнасці, пяшчоты, сардэчнасці, любві да сваіх дзяцей, а таксама ўвага дзяцей да сваіх матуль.
4. Шматкроп’я ў гэтым вершы служаць для стварэння своеасаблівай паўзы пры пераходзе ад адной думкі да другой.
5. Маці аўтара, якой ён прысвячае верш, – увасабленне ўсіх нашых матуль. Яна ўсё жыццё правяла ў вёсцы, нястомная працаўніца, якая праводзіць вялікую частку дня на гародзе, у клопатах па гаспадарцы, рана ўстае, позна кладзецца, яе рукі ў мазалях. Яна ганарыцца і перажывае за свайго сына, яе адзінае жаданне на "сынка наглядзецца". Вобраз маці створаны аўтарам з вялікай любоўю і замілаваннем.
6. У апошняй страфе верша паэт з горыччу заўважае, што мы позна пачынаем разумець тую увагу, клопат і любоў, якую самаахвярна аддаюць нам бацькі.
Пісьменнік падводзіць нас да думкі, што жыццё кожнага з нас было б значна прыгажэйшым, калі б мы былі больш чулымі ў адносінах да нашых матуль. Бо маці – пачатак жыцця, апора ў душэўнай сумненнях, толькі маці любіць нас за тое, што мы ёсць.
Похожие статьи:
Пераказы → І надыходзіць дзень