Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Знак бяды. Ідэйны змест. Вобразы Петрака і Сцепаніды

Алесь Адамовіч назваў аповесць "Знак бяды", напісаную ў 1982 г., самай антываеннай з усіх быкаўскіх твораў, бо тут вайна выкрываецца вачыма, ацэнкай тых, каму яна заўсёды здавалася такой дзікай і бесчалавечнай. У адрозненне ад цэнтральных герояў папярэдніх быкаўскіх твораў галоўныя героі аповесці "Знак бяды" Пятрок і Сцепаніда не з'яўляюцца ні салдатамі, ні партызанамі, ні падпольшчыкамі. Але вайна прымушае і іх зрабіць свой выбар.
Выпрабаванне герояў сітуацыяй выбару — адметная асаблівасць творчасці Васіля Быкава, верным якой, як і праўдзе жыцця, ён застаецца заўсёды.
Перамежаваны паказ сучаснага і мінулага характэрны для творчасці В. Быкава. Гэтым прыёмам дасягаецца глыбокі псіхалагізм твора. Быкаў не мог здрадзіць сабе і няўмольнай ісціне: усё мае свае вытокі, нічога выпадковага не бывае; наперакор жыццю і самым складаным абставінам Чалавек застаецца верным сабе і сваім маральным прынцыпам.
Аднак назначэнне рэтраспекцый (зварот у мінулае) у гэтым творы не толькі дзеля матывацыі ўчынкаў герояў і дасягнення псіхалагізму.
Па словах Васіля Быкава, "адно з самых недаравальных злачынстваў сталінчшыны — ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правілаў, звычайна не надта паважанага, але нязменнага ў жыцці здаровага сэнсу. Некалі імі ў поўнай меры валодаў народ, цяпер жа не валодае ніхто".
Назначэнне рэтраспекцый — паказаць заканамернасць і сувязь паміж звёнамі сталінізму і фашызму ў адным ланцугу бязмерных пакут беларускага народа. Масавы генацыд, разбурэнне гнёздаў, калечанне лёсаў, давядзенне людзей да адчаю, крах веры, ідэалаў...
Разрываюцца самыя моцныя сувязі паміж людзьмі— кроўныя, роднасныя. Жаніх, вымушаны "раскулачваць" нявесту, даведзены да адчаю, канчае жыццё самагубствам. Але самае страшнае, як зазначае пісьменнік, разбураецца векавая народ ная мараль, ствараюцца абставіны, што правакуюць чала века на выяўленне не самых лепшых яго якасцей, нават "мабілізуюць", рэалізуюць самыя ганебныя. Нават больш — ганебнае заахвочваецца, a бар'ераў для "мярзотнасцей" ужо не існуе, яны знішчаны.
Даносы Каландзёнка каштавалі адным жыцця, а другім — страты веры ў справядлівасць. Гэты "ні мужык ні баба", няшчасны, у многім абдзелены прыродай чалавек, адчуў, што прыйшоў яго зорны час, калі настала панаванне такіх, як ён. Ён стаў героем, яго цяпер ухваляюць за брудныя справы, а яго даносы — друкуюць. Не без яго дапамогі чарговай ахвярай калектывізацыі стала сям'я Ладзіміра Багацькі. Сумленным змагаром за новае жыццё, якое, верылася, будзе светлым, шчаслівым, быў старшыня калгаса Лявон Багацька, але і яго знішчыла рэпрэсіўная машына... Багацькі, а такі трагічны лес!
Васіль Быкаў у аповесці "Знак бяды" некалькі разоў акцэнтуе ўвагу чытача на "гаваркім" прозвішчы сваіх герояў. Да прыкладу, калі Пятрок, адказваючы на пытанне Чарвякова, упершыню адчуў няёмкасць за сваё прозвішча: "так недарэчна прагучала яно на гэтым хуцавым ... падворку". Аўтарская дэталь ("у Выселках палова вёскі былі Багацькі, а другая палова Недасекі, Гужы і сям'я Ганчарыкаў") у сітуацыі раскулачвання Ладзіміра Багацькі набывае сімволіка-трагічнае гучанне.
Тая праўда, тая трагедыя, якую зведаў і сам пісьменнік яшчэ ў дзяцінстве, засталася і знайшла сваё хвалюючае мастацкае ўвасабленне ў аповесці. Так успамінае Васіль Быкаў сваё, як ён сам вызначыў, "нешчаслівае дзяцінства":"Раптам заплача маці. Такога ніколі не было, калі нешта там здаралася ў яе з бацькам, яна проста маўчала. А тут — наўзрыд, давячыся слязьмі, плача. Я, помню, прачнуўся, падхапіўся. Аказваецца, учора арганізаваліся ў калгас і сёння, значыць, раніцай прыехалі і з засекаў, з кадушак у пуньцы забралі ўсё насенне. А гэта якраз час сеяць. I чым дзяцей карміць, і што самой есці? Ну вось з гэтага пачалося. Трохі бульбы было, мяшалі з травой. I такое харчаванне працягвалася шмат гадоў. Зямля благая, ураджаі дрэнныя. Бацька ж з маці працавалі штодня. А прыносяць паўмяшка. Гэта ўсё, што за год зарабіў. А яшчэ і пастаўкі, падаткі з прысядзібнага агарода..."
Наогул, жыццёвая аснова аповесцей (прыгадаем, што правобразамі Петрака і Сцепаніды з'явіліся бацькі пісьменніка) — яшчэ адна асаблівасць творчасці Васіля Быкава. Аднак было б вельмі спрошчана і павярхоўна ўсведамляць назначэнне гэтых галоўных вобразаў толькі ў сцвярджэнні трагізму вайны і яе ўсенароднасці. Гэтая аповесць да ўсяго, бадай, самая філасофская. I філасофія твора выяўляецца не толькі рэалістычнымі сродкамі, але найперш праз умоўнасці, знакі, сімвалы, што і вылучае гэты твор з усёй творчасці Васіля Быкава як самы дасканалы і высокамастацкі не толькі па змесце, але і па форме.
Адзін з крытэрыяў мастацкай вартасці любога твора вычарпальна сфармуляваны Гі дэ Мапасанам: "Геніяльным з'яўляецца толькі такі твор мастацтва, які адначасова ўяўляе сабой сімвал і дакладнае выражэнне рэчаіснасці". Аповесць "Знак бяды" ў поўнай меры адпавядае гэтаму крытэрыю.
У аповесці мноства ўмоўнасцей і сімвалаў. Скрыпка Петрака — сімвал таленавітасці беларускага народа. Хата Петрака і Сцепаніды — сімвал Беларусі. Іх калодзеж — сімвал невычэрпнай сілы народа.
Крыж на Петраковай Галгофе — увасабленне веры, якая здольна дапамагчы чалавеку застацца Чалавекам нават у абставінах, якія мацней за яго... А сама Галгофа— сімвал зямелькі-карміцелькі, якая для герояў — гэта як Радзіма, як маці. Ёй не здраджваюць, нават калі яна няўдаліца ці пакутніца. Адна дарога ў чалавека — несці свой крыж да канца, раздзяліць з маці-карміцелькай яе лёс. Маці-прырода і сын-чалавек — неаддзельныя. Бомба — сімвал стоенага народнага гневу, усенароднай барацьбы. "Бомба чакала сваёй пары..." Палаючы дом Сцепаніды і Петрака — таксама сімвал. Не пастка, а непрыступная крэпасць, помнік чалавеку, які змагаецца з абставінамі да апошняга і перамагае ў гэтай барацьбе, бо перамога заўсёды вызначаецца сілай духу.
Мноства ў творы і непасрэдных знакаў-вешчуноў бяды. Мёртвая птушка — народны знак-вяшчун усіх пакутніцкіх віхураў, што пранясуцца над гэтым полем, так шчодра палітым чалавечым потам.
Спілаваны камсамольцамі крыж — знак парушанай, адрынутай веры, якая і дапамагала нашым героям вытрымаць усе нягоды і выпрабаванні. А парушана вера — і, як сказаў Купала, чорт "загаціў пекла да варотаў", загаціў, заўважым гэта, задоўга да той навалы, імя якой — карычневая чума. Тайфунамі пранясуцца над гэтым полем і сталіншчына, і фашызм. I яшчэ трэба падумаць, які ж з тайфунаў страшнейшы.
Асаблівасць быкаўскіх сімвалаў, што яны народныя, бо ўвасабляюць векавую народную мараль. Знак бяды — не паспець аддаць пазычаныя грошы чалавеку пры яго жыцці. У тым, што Пятрок не паспеў аддаць Чарвякову грошы, не яго віна, а бяда, трагедыя. Але ж колькі народнай мудрасці і перасцярогі ўсім нам і ў гэтай прыкмеце знаку: усяму свой час. Паспей зрабіць дабро бліжняму, пакуль яму гэта яшчэ патрэбна. Спазніцца з добрай справай — паспрыяць злу.
Знакаў бяды ў творы вельмі многа, але ў загаловак вынесены нейкі адзін. Які ж са знакаў пісьменнік лічыць самым страшным, самым гранічным знакам бяды? Ключ разгадкі сэнсу назвы твора — ва ўсведамленні ідэі і філасофіі галоўных вобразаў.
Пятрок і Сцепаніда — носьбіты векавой народнай (а сам Васіль Быкаў падкрэслі ў: хрысціянскай!) маралі і мудрасці, увасабленне самых лепшых, высакародных чалавечых і, заўважым, нацыянальных якасцей. Пятрок і Сцепаніда Багацькі — пісьменніцкі ідэал і выразнікі яго, пісьменніцкага, светапогляду і філасофскай канцэпцыі.
Часам заўважаецца павярхоўнае і памылковае "прачытанне" і ўсведамленне галоўных вобразаў як антыподаў: моцная духам, гераічная і бескампрамісная ў сваёй святой барацьбе з нелюдзямі Сцепаніда — і слабы, палахлівы, прагматычны, апантаны прагай выжыць любой цаной Пятрок. Моцныя, выключныя асобы ў выключных абставінах — яшчэ адна асаблівасць творчасці Быкава.
Моцнай асобай, на думку некаторых чытачоў, і нават крытыкаў, у творы з'яўляецца толькі Сцепаніда.
Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у артыкуле "Па законах праўды і чалавечнасці" піша: "Няма ніякіх падстаў супрацьпастаўляць Петрака Сцепанідзе, хоць такія спробы рабіліся ў крытыцы... Гэта не памяшала некаторым даследчыкам папракаць Петрака за тое, што ён нічога не зрабіў для набліжэння перамогі".
Як нічога выпадковага не бывае на свеце, так нічога выпадковага няма ў творы такога майстра слова, як Васіль Быкаў. Усё: падтэкст, дэталі, рэтраспекцыі, умоўнасці, імёны і прозвішчы персанажаў — усё працуе на ідэю твора. I Сцепаніда, і Пятрок — Багацькі. У іх усё адно на дваіх: і Галгофа, і крыж, і валёнкі — і лёс. Разлучыла іх толькі смерць. Вобраз Петрака — парадаксальны. Нават некаторыя выявы, як нам здаецца, слабасці, канфармізму — сведчанне яго духоўнай сілы і велічы. Вельмі моцны ў Петраку інстынкт самазахавання, імкненне выжыць у экстрэмальнай сітуацыі, прага і воля да жыцця.
Як справядліва зазначае Ян Баршчэўскі, "чалавек, шукаючы паратунку ад смерці, хапаецца за саломінку". Асуджэння варта толькі "хаванне за спіны іншых". А за чые спіны хаваўся Пятрок, цераз каго пераступіў, каго падаслаў пад ногі, ратуючыся ад смерці?
Усе мы на грэшнай зямлі жывём, на ёй нават святыя — грэшнікі. Юнацкі максімалізм адмаўляе зямное і "грэшнае" ў святых. Адвечнае, мудрае — народнае "можа як абыдзецца, калі з імі па-добраму" — успрымаецца як згодніцкае "абы было ціха". Гэты вобраз як ніякі іншы ў творчасці Васіля Быкава патрабуе ад нас здольнасці ўбачыць незвычайнае ў звычайным, сілу — у слабасці, узвышанае — у зямным, радасць — у смутку...
"Слабы" Пятрок заўсёды дапамагаў моцнай Сцепанідзе, калі яе сіла аказвалася слабай перад сілай абставін. Прыгадаем, як не змагла яна паехаць у Мінск да Чарвякова, каб выратаваць Лявона Багацьку, —паслала Петрака. I той паехаў, хоць гэта патрабавала ад яго і фізічных, і маральных высілкаў. Паехаў, бо разумеў, што жыць хочацца не толькі яму... Прыгадаем, як каршуном узвіўся ён, як кінуўся ратаваць сваю Сцёпу (Сцепанідай яна была для ўсіх, для яго — Сцёпа, ён жа для ее не Пятрок, а Пётра!), калі тую хацелі расстраляць за хітрыкі з Бабоўкай.
Моцная Сцепаніда не раз адступала перад сілай Петрака. I калі не боты, а, далажыўшы пазычаныя грошы, ён купіў... скрыпку. I калі пайшоў тую скрыпку ратаваць: яна ўжо і перажагналася, у думках развітаўшыся з ім навек. Палахлівец? I калі ён, наперакор іх агульнаму жаданню завалодаць Яхімаўшчынай, пасля бяссоннай, пакутлівай ночы разваг і хістанняў катэгарычна адмовіўся: "Не пайду, і ўсё. Не магу я..." I гэта слабы чалавек?! Дык якую ж сілу трэба мець, каб стрымаць сябе, не пераступіць, не даць волю адвечнаму чалавечаму "я!", "мае!", "мне!". Ды яшчэ ў сітуацыі, калі само шчасце плыве табе ў рукі!
Сіла незвычайнай моцнай асобы якраз і вызначаецца мяжой, бар'ерам, які яна, асоба, пераступіць не можа. Вызначаецца не тым, што яна можа, а наадварот — чаго не можа. Зноў парадокс! Яго выдатна сфармуляваў Васіль Быкаў, характарызуючы Сцепаніду: "Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць".
Сіла незвычайнай, свабодалюбівай асобы вызначаецца яшчэ і яе стаўленнем да чужой свабоды, чужой сілы, найперш — да свабоды блізкіх ёй людзей. Свабодны чалавек ніколі не замахваецца на свабоду іншага, не прыніжае яго.
Мы захапляемся свабодалюбствам, пачуццём уласнай годнасці, сілай, мужнасцю Сцепаніды. А каму яна найперш абавязана гэтай свабодай? Пісьменнік падкрэслівае, што знявага "выклікала ў яе абурэнне і нянавісць. Сапраўды, такога з ёй ніколі не здаралася", "ніхто яшчэ не падняў на яе руку — ні бацька на малую, ні потым Пятрок".
Надзелены большай жыццёвай мудрасцю, мацнейшым, чым у Сцепаніды, інстынктам самазахавання, Пятрок адразу распазнаў усю заганнасць, нават злачыннасць савецкай улады, якая ўсталёўвалася, якой яны вымушаны былі падпарадкавацца. Здаровы розум Петрака не прымаў таго, што ўсёй душой і сэрцам прыняла Сцепаніда, прагнучы шчасця, верачы ў справядлівасць. Верай і праўдай стала служыць яна гэтай уладзе. Актывістка, стаханаўка — сумленне Выселкаў!
I ён не абмяжоўваў яе актыўнасць, бо бярог яе пачуцці, не разбураў тую веру, не адбіраў у яе мару аб шчасці. Чым гэта скончылася, яскрава паказана ў аповесці: пакутніцкую смерць Багацькі прынялі ад рук тых, "кто был ничем", каго выявіла, мабілізавала і паставіла сабе на службу савецкая ўлада. Ці, як у выпадку з Гужам, супрацьпаставіла сабе, падзяліўшы людзей на сваіх і чужых, зрабіўшы іх лютымі ворагамі адзін аднаму. Якая ўлада — такія і слугі...
Пятрок і Сцепаніда — нацыянальныя тыпы. Гэта ў ментальнасці нашага народа — жыць з працы рук сваіх, потам і мазалямі здабываць кавалак хлеба. "Зямля — аснова ўсёй айчыне", зямля — карміцелька. Колькі разоў ты ёй паклонішся, столькі разоў ты — Чалавек.
Усе жыццёвыя прынцыпы быкаўскіх герояў грунтуюцца на хрысціянскіх запаведзях. Біблейскія рэмінісцэнцыі (пазычанне) на такім узроўні ў аповесці відавочныя і выяўляюць яшчэ адну яе адметнасць. Усе ўчынкі нашых герояў матываваны менавіта выкананнем вечных законаў: нельга пабудаваць сваё шчасце на няшчасці іншых. Не будзе шчасця на зямлі чужой, адабранай, праклятай яе гаспадаром. Адабраць, украсці — вялікі грэх. Нельга радавацца, калі побач з табой нехта плача, пакутуе. Сцепанідзе стала сорамна перад панам Адолем за сваю непрытоеную радасць. Чалавек не бязгрэшны, але Сцепаніда пакутуе, дакарае, раскайваецца і гоніць прэч са сваёй душы нявартыя Чалавека страсці і пачуцці. А мы? Ці заўсёды галоўным суддзём у нашых паўсядзённых учынках бывае нам наша сумленне? Ці заўсёды мы так пакутуем, вагаемся, перш чым сказаць, зрабіць, пайсці ці вярнуцца, і рашуча, як Пятрок, сказаць сабе: нельга! Нельга — і ўсё, як бы таго ні хацелася...
Яшчэ адзін, бадай, самы забыты ў наш час, прынцып Петрака і Сцепаніды: трэба быць літасцівым нават да свайго ворага, асабліва калі ён павержаны. Нельга здзекавацца з таго, ад каго вызваліўся, а трэба знайсці ў сабе сілу паспагадаць, зразумець пераможанага і зрынутага. Вядома, пан Яхімоўскі не быў Петраку і Сцепанідзе ворагам. I , як гэта нярэдка бывае ў жыцці, халоп наравіць выцяць, "лягнуць" павержанага пана. Такая натура ў хама. Ды толькі не такія Пятрок і Сцепаніда. Ворагам пана Адолю аб'явіла савецкая ўлада, а ворагаў яна знішчаць умела. "Вам сказана: любіце бліжняга свайго і ненавідзьце ворага свайго. А я кажу вам — любіце ворагаў вашых, дабраслоўце ненавіснікаў і праклёншчыкаў вашых, рабіце дабро крыўдзіцелям і ганіцелям вашым..." (з Евангелля). Вельмі па-людску абыходзяцца з панам Адолем яго ўчарашнія батракі. I пахавалі па-хрысціянску. Мабыць, ведалі нашы продкі тое, чаму не вучаць сёння нас: паспагадаць пакутніку, наведаць хворага, пахаваць нябожчыка — справы, якімі ратуюцца нашы душы.
Паклапаціцца найперш пра калек і сірот (прыгадаем клопат Сцепаніды пра Янака, смерць якога яна ўсвядоміла таксама як знак вялікай бяды), паспагадаць, дарадзіць, зняць з душы камень, ратаваць другога, нават калі небяспека пагражае самому, — такія Пятрок і Сцепаніда.
Трагічна вырашае пісьменнік канфлікт чалавека з нелюдзямі. Сцэны гібелі Петрака і Сцепаніды таксама сімвалічныя. Самыя лепшыя, самыя высакародныя і чыстыя душой гінуць пакутніцкай смерцю ад рук сваіх жа суайчыннікаў.
Аповесць "Знак бяды" — не толькі самы антываенны, але і самы нацыянальны з усіх твораў Васіля Быкава. У чым жа гэта нацыянальнае ў творы? Васіль Быкаў у публіцыстычных артыкулах не раз даводзіў, што самая вялікая трагедыя беларускага народа звязана з несупыннымі войнамі, рэпрэсіямі, у выніку якіх вынішчаецца генафонд нацыі, гінуць самыя лепшыя, а значыць, вынішчаецца векавая народная мараль, духоўнасць як найвялікшае багацце нацыі, што вядзе да разрыву повязі вякоў і пакаленняў.
"Порвалась связь времен" — і рушацца царствы, сем'і, рушыцца ўсё. Гэтым творам Васіль Быкаў паказаў вытокі і нашых сённяшніх бед і няшчасцяў, нашай бездухоўнасці. З нічога і будзе нішто. Адкуль жа нам быць духоўна багатымі, калі многія Багацькі загінулі... Аднак усведамленне страты не здымае адказнасці чалавека за ўчынкі і стан душы. Многія Багацькі загінулі, але духоўнае багацце і духоўны вопыт засведчаныя ў кнігах. Скарыстанне ці ігнараванне яго цалкам залежыць ад чалавека, яго выбару.
Сімвалічныя, знакавыя не толькі гібель Петрака і Сцепаніды, але і тое, ад каго яны сваю смерць прынялі. Сталінізм і фашызм — прычына самай вялікай трагедыі беларускага народа, які не быў гаспадаром на сваёй зямлі, як і Багацькі ў сваёй хаце. Няволя, нясіла... Але ж усё мінаецца, і рабства таксама не бывае вечным. Трагедыя наша ў тым, што Багацькі так і не дачакаліся ўнукаў, не сустрэліся з імі ў гэтым жыцці. I не перадалі ім векавую народную мараль і тыя прынцыпы, па якіх жылі і ад якіх не адступіліся нават пад страхам смерці. I тым гэты знак папераджальны і для ўсіх нас...

Похожие статьи:

Васіль БыкаўМастацкія асаблівасці аповесці Васіля Быкава "Знак бяды"

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Добры знак

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Знак бяды

Кастусь ЖукКастусь Жук - Бяда

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Знак бяды