Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Грамадзянская лірыка

   У грамадзянскай лірыцы выяўляюцца актуальныя, грамадска значныя праблемы часу (палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя). "Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан!" — гэтыя крылатыя словы М. Някрасава вызначылі патрабаванне не толькі ў адносінах да рускай паэзіі, але і да паэзіі ўвогуле. Вядома, яны былі залішне палемічна завостранымі. Сваім выказваннем аўтар "Кому на Руси жить хорошо" палемізаваў з прыхільнікамі так званага "чыстага мастацтва", або "мастацтва для мастацтва" (А. Фет, А. Майкаў, А. Апухцін, К. Фофанаў і інш.), якія свядома пазбягалі сацыяльнай праблематыкі, стараліся стаяць у баку ад грамадскіх праблем. На самай справе, абедзьве крайнасці аднолькава чужыя не толькі для запатрабаванай грамадствам паэзіі, але і для мастацкай літаратуры ўвогуле. Пра гэта сведчыць творчасць літаральна ўсіх буйнейшых класікаў сусветнага мастацкага слова – ад Авідзія, Дантэ, Шэкспіра, Гётэ і да Пушкіна, Міцкевіча, Шаўчэнкі і Янкі Купалы, якія з аднолькавай мастацкай сілай выявілі ў сваёй паэзіі і перадавыя грамадскія ідэалы, і матывы агульначалавечыя, асабістыя, нават прыватныя.

   Беларуская лірыка заўсёды вызначалася сваёй грамадзянскасцю, дапамагала роднаму народу ў яго барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ("Марыська чарнаброва, галубка мая…" Кастуся Каліноўскага, "Перш душылі паны…" Адама Гурыновіча, "Бог не роўна дзеле" Багушэвіча, "Мора", "Суседзям у няволі" Цёткі і інш.). У часы Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча патрэбна была грамадзянская смеласць ужо для таго, каб пісаць і друкавацца на афіцыйна забароненай тады беларускай мове. Тым большая смеласць патрабавалася для выяўлення на гэтай мове праблем сацыяльнай няроўнасці, беларускага патрыятызму, гуманізму. На розных этапах гісторыі Беларусі XX ст. грамадзянская лірыка дапамагала народу фарміраваць яго нацыянальную самасвядомасць, абуджала гістарычную памяць, умацоўвала пачуццё дзяржаўнасці і дзяржаўнай самастойнасці, настройвала чытача на змаганне з праявамі бездухоўнасці, сацыяльнай індэферэнтнасці, амаральнасці, нацыянальнага нігілізму ("Пагоня", "Рушымся, брацця, хутчэй…" Багдановіча, "А хто там ідзе?", "Ворагам Беларушчыны", "Каб…", "Беларускім партызанам" Янкі Купалы, "Беларусам", "Не бядуй!", "Беларускаму люду" Якуба Коласа, "Спатканне", "Родная мова", "Каб ведалі", "Перапіска з зямлёй" Максіма Танка, "Краіна мая", "Родная мова", "Паэма сораму і гневу" Пімена Панчанкі, "Беларуская песня", "Быў. Ёсць. Буду" Уладзіміра Караткевіча, "Мая мова", "Беларусь на крыжы" Рыгора Барадуліна і інш.). Пры гэтым грамадзянскія матывы цесна знітаваны з цеплынёй шчырага лірычнага пачуцця. Як у наступным вершы Міколы Федзюковіча:

Я чуў, як плакала жанчына…
Уздоўж Вайны, усцяж Зямлі
яна штогод ідзе да сына –
туды, дзе макі прараслі…

Пагляд ад спёкі заімглёны,
спіна стамлёная смыліць…
Адно ёй сонца – над зямлёю,
другое сонца – у зямлі.


   Увогуле, калі акінуць вокам усю ўсходнеславянскую паэзію мінулага стагоддзя, то стане відавочным, што менавіта грамадзянская лірыка знаходзіцца ў ёй на першым месцы – як па колькасці творцаў, так і па якасці твораў. Гэта адносіцца не толькі да беларускай паэзіі (назвавем тут яшчэ А. Пысіна, Ніла Гілевіча, Петруся Макаля, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Ніну Мацяш, Уладзіміра Някляева, С. Законнікава, Міколу Мятліцкага, Алеся Пісьмянкова, Анатоля Сыса і інш.), але да рускай (А. Блок, У. Маякоўскі, В. Мандэльштам, М. Гумілёў, А. Ахматава, М. Ісакоўскі, А. Твардоўскі, Р. Раждзественскі, Я. Еўтушэнка, А. Вазнясенскі і інш.) і ўкраінскай (П. Тычына, М. Рыльскі, М. Бажан, М. Нагнібеда, В. Сіманенка, В. Стус, Д. Паўлычка, І. Драч, Б. Алейнік, Р. Лубкіўскі і інш.).