Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Інтымная лірыка

   Інтымная лірыка — сукупнасць лірычных твораў пра каханне, дружбу, сямейныя ўзаемаадносіны.
   Адным з самых старажытных і знакамітых майстроў інтымнай лірыкі была старажытнагрэчаская паэтэса Сапфо, або Сафо (канец VІІ — 1-я палова VІ ст. да н. э.). Значны ўклад у развіццё сусветнай інтымнай лірыкі ўнеслі Авідзій, Ф. Петрарка, П. Рансар, У. Шэкспір, А. Пушкін, Адам Міцкевіч, Р. Гамзатаў і іншыя.
   Паэзія выпрацавала нямала жанраў і жанравых разнавіднасцей інтымнай лірыкі: альбы, баркаролы, серэнады, эпіталамы, рамансы...
У беларускім фальклоры існуе асобны вялікі і багаты жанр песень пра каханне. На іх аснове і з выкарыстаннем сусветнага паэтычнага вопыту беларускія паэты XVІІ-XVІІІ стст. напісалі нямала вершаў, што ўзбагацілі тагачасную інтымную лірыку.
   У новай беларускай літаратуры, што нараджалася і развівалася ў XІX ст. амаль што ў канспіратыўных умовах, было не да інтымнай лірыкі — у ёй выразна пераважалі грамадзянскія матывы. І толькі ХХ ст. прынесла сапраўдны росквіт інтымнай лірыкі. Выдатныя ўзоры яе ёсць у Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Еўдакіі Лось, Я. Пфляўмбаўм, Яўгеніі Янішчыц, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Янкі Сіпакова, Леаніда Дранько-Майсюка, Раісы Баравіковай і інш. Часам выходзяць зборнікі, цалкам складзеныя з твораў інтымнай лірыкі ("Ave Maria" Максіма Танка, "Ты — мая пчолка" Петруся Броўкі, "Гняздо для птушкі радасці" Генадзя Бураўкіна, "Каханне" Раісы Баравіковай і інш.).
   Лепшыя творы народнай беларускай інтымнай лірыкі ўвайшлі ў грунтоўнае выданне "Песні пра каханне" (1978), творы паэзіі пісьмовай — у анталогію "Зорка Венера" (1972).