Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пімен Панчанка - Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю – жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...

Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна...
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!

1964

 

 

   Верш Пімена Панчанкі «Родная мова» – гэта адказ тым прадстаўнікам грамадства, якія ў пачатку 60-х гг. мінулага стагоддзя загаварылі пра фарміраванне новага чалавека, які адмовіцца ад сваіх этнічных асаблівасцей, куды трапляла ў тым ліку і беларуская мова.
   Для пісьменніка гэта было непрымальна, паколькі ён лічыў, што чалавек павінен усведамляць сябе часцінкай свайго народа, нашчадкам яго духоўных і матэрыяльных здабыткаў, куды ўваходзіць і яго родная мова.
   Аўтарская пазіцыя вызначана ў радках, дзе пісьменнік з публіцыстычнай палкасцю гаворыць, што мова для яго «...вечна жывая, як раса, як сляза, як зара». Яна для паэта настолькі цесна звязана з Радзімай, што ўспрымаецца як неад'емная яе частка. Мова захавала ў сабе самае лепшае, што дорага чалавеку і спадарожнічае яму праз усё жыццё.
   Для таго каб мова жыла, паэт гатовы многім ахвяраваць, ад многага адмовіцца. А каб звярнуць увагу на прыгажосць і адметнасць роднага слова, гаворыць пра «назвы родныя роднай зямлі».
   У святы і ў будні, у радасці і ў горы, у хвіліны цяжкіх выпрабаванняў паэт шукае ў мове словы, каб перадаць свае пачуцці і падзяліцца ўражаннямі.
   Даследчык літаратуры Л. М. Гарэлік так сказаў пра значэнне верша «Родная мова» ў творчасці Пімена Панчанкі: «Калі ў паэта ёсць хоць адзін, а яшчэ лепш два або тры вершы, якія даюць права называцца паэтам, значыць, ён адпавядае свайму эстэтычнаму прызначэнню. Пімен Панчанка мог бы стварыць толькі адзін хрэстаматыйны верш «Родная мова» («Ці плачу я, ці пяю, / Ці размаўляю з матуляю – / Песню сваю, мову сваю / Я да грудзей прытульваю...») і тады ён меў бы права называцца паэтам, але ў яго не адзін і не два па-сапраўднаму высакаякасныя мастацкія творы, якія даюць падставы без пераболынвання гаварыць пра далучанасць мастака да вечнасці і прыналежнасць яго лепшых творчых здабыткаў да залатога фонду беларускай паэзіі» (артыкул «Далучаны да вечнасці. Новае прачытанне лірыкі Пімена Панчанкі» ў часопісе «Беларуская мова і літаратура», 1997, № 9, с. 14).

 

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Зварот

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ