Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Лірыка

   Лірыка (ад гр. lyricos - той, хто спявае пад гукі ліры; музычны; хвалюючы) - адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб'ектыўнае выяўленне пачуццяў, перажыванняў аўтара.
   Менавіта духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў і з'яўляецца прадметам адлюстравання ў лірыцы. Як падкрэсліваў В. Бялінскі, "усё, што цікавіць, хвалюе, радуе, выклікае смутак, дае асалоду, мучыць, заспакойвае, турбуе, адным словам, усё, што з'яўляецца зместам духоўнага жыцця суб'екта, што ўваходзіць у яго, узнікае ў ім, - усё гэта ўспрымаецца лірыкай як законная яе ўласнасць".
   Лірыка - самастойны, вельмі старажытны род літаратуры, але яна не супрацьстаіць ні эпасу як аб'ектыўнаму аповеду пра пэўныя падзеі, ні драме з яе канфліктна-напружаным, скразным дзеяннем. Якраз наадварот: лірыка на працягу ўсяго развіцца літаратуры кантактавала, узаемадзейнічала з эпасам і драмай.
   Элементы лірыкі, або лірызм, няцяжка знайсці і ў эпічных і ў драматычных творах (у лірычных адступленнях, у асаблівай эмацыянальнай насычанасці твораў, прасякнутасці іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу, у лірыцы можна ўбачыць элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). Зрэшты, паэзія як від мастацтва слова з'яўляецца адным з мацнейшых спалучальных звенняў лірыкі, драмы і эпасу. Паэтычныя творы - гэта перш за ўсё творы лірычныя. Але не толькі. Да паэзіі належаць таксама асобныя вершаваныя творы эпічныя (вершаваны раман, быліна, дума), ліра-эпічныя (балада, паэма) і драматычныя (драматычная паэма). З другога боку, сама лірыка згладжвае пэўную антыномію паміж паэзіяй і прозай як двума тыпамі літаратурна-мастацкай творчасці.
   Слова "лірыка" часта ўжываецца як сінонім паэзіі. І памылкі тут вялікай няма. Але не трэба забывацца, што лірыка можа часам карыстацца і празаічнай мовай (лірычныя адступленні ў эпічных творах, так званая лірычная проза). Таму графічна лірыку і паэзію можна ўвасобіць у выглядзе двух акружнасцей, што перасякаюцца паміж сабой. Зона перасячэння будзе ў такім разе ахопліваць уласна лірычную паэзію. Лірыка не можа стварыць асобныя цэласныя характары, вобразы, каб перадаць праз іх заканамернасці жыцця. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету сучасніка яна ўвасабляе ў вобразе лірычнага героя паэта. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць літаральна з усіх твораў паэта, з усёй разнастайнасці іх відаў і жанраў.
   Лірычная паэзія і проза выпрацавала мноства лірычных жанраў і жанравых разнавіднасцей (элегія, песня, загадка, галашэнне, прыказка, версэт, лірычная проза і г. д.). У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць наступныя разнавіднасці лірыкі: грамадзянскую (творы на актуальную сацыяльна-палітычную тэматыку), медытатыўную (гл. медытацыя), філасофскую (вершы-развагі па розных філасофскіх праблемах), інтымную, пейзажную (творы пра прыроду), сугестыўную (гл. сугестыўная паэзія).
   Падзел лірыкі на жанры і віды досыць умоўны. Так, элегія можа быць не толькі сумнай, але і смешнай, сатырычнай; пейзажны верш можа мець глыбока філасофскае або востра грамадзянскае гучанне і г. д.