Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Футурызм

   Футурызм (ад лац. futurum – будучае) – адна з самых ранніх плыней нерэалістычнага характару ў літаратуры ХХ ст. Найбольшае распаўсюджанне футурызм атрымаў у Італіі і Расіі. Яго ідэі, якія першапачаткова аформіліся ў прасторавых мастацтвах (архітэктуры, жывапісе), знайшлі пазней сваё прымяненне і ў літаратуры, а таксама ў тэатры, музыцы, кінематографе.
   У 1909 г. убачыў свет «Маніфест італьянскага футурызму» Ф. Марынэці. У ім пракламаваўся поўны разрыў з традыцыйнай культурай. Адвяргалася як сухасць акадэмічнага мастацтва, так і сентыментальнасць мастацтва салоннага. У роўнай ступені футурысты не прымалі і імпрэсіянізм, і сімвалізм. У сваёй творчай практыцы яны арыентаваліся на адлюстраванне сучаснага «машыннага» свету, абгрунтоўвалі эстэтыку індустрыяльнай урбаністычнай цывілізацыі з яе дынамікай і безасабовасцю.
   Мэтай мастацтва футурысты аб’явілі стварэнне «новай рэальнасці», прызываючы «скінуць класіку з парахода сучаснасці» (У. Маякоўскі). Так, напрыклад, італьянскія футурысты заклікалі да разбурэння музеяў, бібліятэк, тэатраў і іншых асяродкаў культуры. Іх рускія аднадумцы імкнуліся да поўнага рэфарматарства паэтычнай мовы, ратуючы за «самавітае» слова.
    Наогул, эвалюцыю футурызму, і ў першую чаргу італьянскага, можна было прадбачыць. Пачаўшы з эстэтычнай агрэсіі супраць кансерватыўных густаў і традыцый, італьянскія футурысты (Ф. Марынэці, Дж. Северыні, У. Бачоні і інш.) закончылі праслаўленнем культу сілы, апалогіяй вайны – «гігіены свету».
   Рускі літаратурны футурызм узнік амаль адначасова з італьянскім і адчуў яго пэўны ўплыў (культ сучаснага індустрыялізму і тэхнікі, адмаўленне традыцыйнай культуры). «Але ў цэлым ён рашуча адрозніваўся ад італьянскага з яго ідэямі насілля і агрэсіі»  .
   У агульным рэчышчы расійскага футурызму існавала некалькі груповак, якія амаль што варагавалі паміж сабой. Гэта «Гілея» (кубафутурысты), якую прадстаўлялі В. Хлебнікаў, Дз. і М. Бурлюкі, У. Маякоўскі, А. Кручоных і інш.; «Асацыяцыя эгафутурыстаў» (І. Севяранін, К. Алімпаў і інш.); «Мезанін паэзіі» (Хрысанф, В. Шаршаневіч і інш.); «Цэнтрыфуга» (Б. Пастэрнак, М. Асееў, С. Баброў і інш.).
   У пошуках «першаасноў» слова рускія футурысты звярталіся да нацыянальнай міфалогіі і народнага мастацтва (лубка, раёшніка і інш.). Г. зв. «сімваляціне» яны супрацьпастаўлялі «першапачатковае» – тое, што не было «заплямлена» цывілізацыяй. Разам з тым рускія футурысты арыентаваліся на мову вуліц, на плакат, рэкламу. Шукаючы новыя формы мастацкага выражэння, рускія футурысты выкарыстоўвалі гукаперайманне альбо сумесь дысаніруючых гукаў, эксперыментавалі над паэтычнай графікай, сінтаксісам і г. д. Творы іх пазначаны рэзкімі кантрастамі трагічнага і камічнага, фантастыкі і газетнай паўсядзённасці, што прыводзіла даволі часта да гратэскавага змяшання стыляў. Пры наяўнасці разбуральнага і адмоўнага ў эстэтыцы і паэтычнай практыцы рускія футурысты разам з тым, па сцвярджэнні Н. Кубаравай, прыўносілі ў мастацтва прадчуванне рэвалюцыйных змен, абнаўляючы змест і формы, адкрывалі шлях ідучым за імі плыням у літаратуры і мастацтве .
   Футурызм не быў, так бы мовіць, навінкай у асяроддзі мастацкі адукаваных людзей Беларусі як у дарэвалюцыйны, так і ў паслярэвалюцыйны час. Перыядычны друк даволі рэгулярна пісаў аб ім. У 1914 г. у Мінску нават быў арганізаваны літаратурны вечар футурыстаў з удзелам Дз. Бурлюка і У. Маякоўскага. Уплыў футурызму адчула на сабе група Казіміра Малевіча «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (кубафутурызм). Як вядома, крыху пазней Малевіч заснуе новую плынь у выяўленчым мастацтве, якую назаве супрэматызмам, а ў больш шырокіх колах яна паімянуецца абстракцыянізмам. Апошняму як мастацтву, дзе кожны з рэцыпіентаў можа ўкладваць у твор любую думку і досыць адвольна трактаваць формы, будзе наканавана доўгае жыццё.  У сваіх розных мадыфікацыях (поп-арт, оп-арт, кінетычнае мастацтва і інш.) абстракцыянізм праіснуе даволі доўга, ледзь не да самага канца ХХ ст.
   У беларускай літаратуры футурызм не аформіўся (ды і наўрад ці змог бы аформіцца) у самастойную плынь. Аднак яго асобныя тэндэнцыі ў пэўнай ступені паўплывалі на творчасць П. Шукайлы, Я. Відука (Янкі Скрыгана). Большасць жа беларускіх літаратараў даволі крытычна ставілася да футурызму, абвінавачваючы яго ў падмене мастацтва рамесніцтвам.