Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пуант

   Пуант (ад франц. pointe — вастрыё, востры канец) — нечаканая, рэзкая канцоўка твора, якая часта выяўляецца ў дасціпнай афарыстычнай форме.
   Значэнне пуанта, як правіла, сэнсавае: у ім заключаны новы паварот паэтычнай думкі, своеасаблівая паэтычная «разгадка» папярэдніх радкоў, выказванне з аднаго сэнсавага плана пераводзіцца ў другі. Найбольш характэрны пуант для такіх жанраў, як байка, эпіграма, анекдот, але маецца і ў лірычных вершах, асобных частках ліра-эпічных твораў. Вось невялікі лірычны верш Ніны Мацяш «Без цябе», у якім пуант падкрэслены недасказам:

А мне ўсё лепей без цябе.
Працую — не гарую.
Спакойнай сіле не слабець —
Магу звярнуць гару я.

Бясплённа дзень не праміне,
На мары не патрачу.
Смяюся, калі смешна мне,
А плачацца — не плачу.

Так, мне ўсё лепей без цябе.
Жніво наспела ў часе.
Ні тлуму, ні трывог цяпер.
...І ні хвіліны шчасця.

 

   Майстрам вершаванага пуанта з’яўляецца Максім Танк:

Уся зямля гарыць у майскай квецені.
Колькі год я па ёй вандраваў!
А сёння спыніўся:

як жа ісці

Па вуснах пякучых траў,
Па жывых, раскрытых вачах лотаці?
Дык вось чаму птушкі лётаюць!


   Канцоўка — наогул адзін з найбольш важных кампазіцыйных элементаў верша.
   «Адным з сур’ёзных момантаў верша, асабліва тэндэнцыйнага, дэкламацыйнага, — падкрэсліваў У. Маякоўскі ў артыкуле «Как делать стихи», — з’яўляецца канцоўка. У гэту канцоўку звычайна ставяцца самыя ўдалыя радкі верша. Часам увесь верш перапрацоўваем, каб толькі была апраўдана такая перастаноўка»