Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Недасказ

   Недасказ — раптоўны перапынак у паэтычным маўленні, інтанацыйна падкрэслены і графічна абазначаны шматкроп’ем.
   Недасказ разлічаны на здагадку чытача, своеасаблівае садуманне яго з паэтам; недасказ будзіць фантазію таго, хто ўспрымае вершаваны твор.    Гэта адна з найбольш важных стылістычных фігур, паколькі «роля невядомага тэксту (любога ў семантычных адносінах), уведзенага ў бесперапынную канструкцыю верша, непараўнана мацнейшая за ролю пэўнага тэксту» (Ю. Лотман).

   Вось верш Максіма Танка «Пясок», вобразны лад якога «трымаецца» на недасказе:

 

Вы любіце пясок?

І я яго любіў

Перасыпаць, задуманы, між пальцаў,
Скруціўшыся ракушкай, на ім грэцца,
Узводзіць гмахі і пісаць той імя,
Якое ўголас паўтарыць баяўся.
Але калі ні разу не вярнуў ён
Насевак мне, калі засыпаў столькі
Мне дарагіх сяброў

і нават іх слядоў

Не захаваў у памяці сваёй,
А дні мае ў гадзінніку пясочным
Як найхутчэй імкнецца перасыпаць,
Калі...


   Недасказ можа абрываць фразу на паўслове, якое стаіць у рыфме ў канцы радка, што надзвычай вылучае, падкрэслівае яго, а значыць — і ўсю аўтарскую думку, увасобленую ў творы. На такой вельмі рэдкай форме недасказу пабудаваны верш Пімена Панчанкі «Напаўголасу...»:

 

Галандыя ці Турцыя —
Даруйце прастаку —
Усюды прастытуцыя,
Усюды прастыту...
Жаночая, мужчынская,
Паўзучая змяя,
Бязвусая, маршчыністая,
Нават лесбія...


   Часам недасказ можа не толькі абрываць слова, асобны вершаваны радок альбо знаходзіцца ўнутры радка, але займаць сабой цэлы радок ці некалькі радкоў. У гэтым выпадку недасказ інтанацыйна ўвасабляецца ў працяглай паўзе, а на пісьме паказваецца суцэльным шматкроп’ем.
   Так, у паэме Якуба Коласа «Рыбакова хата», напісанай 12-радкоўямі, у трэцяй страфе ХІ раздзела чатыры апошнія радкі заменены шматкроп’ем:

 

Шумяць патокі маладыя
Разлівам звонкім, веснавым,
І сонца твар свой у іх мые,
Брыльянты сыплюць зоры ім.
Гляджу на іх , і сэрца поўніць
Мне радасцю іх гонкі ход,
І ім няма на свеце роўні,
Іх не скуе ніякі лёд...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


   Майстрам розных відаў недасказу быў Янка Купала. Вось, у прыватнасці, прыклад выкарыстання ім недасказу у знакамітым вершы «Перад будучыняй» (1922):

Там чутна: «Беларусь!», там: «Незалежнасць!»
А там: «Паўстань, пракляццем!..» Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...
Без толку крыллем лопаем, як цьмы.


   У вершы «...О так! Я пралетар!» (1924) Янка Купала ужыў надзвычай рэдкі ў літаратурнай практыцы від недасказу — на пачатку твора. Тым самым паэт адразу ўпісаў верш у ідэалагічны кантэкст свайго часу, калі сярод бальшавікоў распачалася вострая палеміка паміж «нацыяналістамі» (нацыянал-патрыётамі, нацыянал-дэмакратамі) і «інтэрнацыяналістамі» (шавіністамі, касмапалітамі). Недасказ яшчэ больш падкрэслівае горкую іронію паэта:

...О так! Я пралетар!..
Яшчэ учора раб пакутны —
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Мне бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!


   Часам недасказ называецца абрывам ці ўмаўчаннем.