Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пуант

   Пуант (ад франц. pointe – вастрыё, востры канец) – нечаканая, рэзкая канцоўка твора, якая часта выяўляецца ў дасціпнай афарыстычнай форме.
   Значэнне пуанта, як правіла, сэнсавае: у ім заключаны новы паварот паэтычнай думкі, своеасаблівая паэтычная «разгадка» папярэдніх радкоў, выказванне з аднаго сэнсавага плана пераводзіцца ў другі. Найбольш характэрны пуант для такіх жанраў, як байка, эпіграма, анекдот, але маецца і ў лірычных вершах, асобных частках ліра-эпічных твораў. Вось невялікі лірычны верш Ніны Мацяш «Без цябе», у якім пуант падкрэслены недасказам:

А мне ўсё лепей без цябе.
Працую – не гарую.
Спакойнай сіле не слабець –
Магу звярнуць гару я.

Бясплённа дзень не праміне,
На мары не патрачу.
Смяюся, калі смешна мне,
А плачацца – не плачу.

Так, мне ўсё лепей без цябе.
Жніво наспела ў часе.
Ні тлуму, ні трывог цяпер.
...І ні хвіліны шчасця.

 

   Майстрам вершаванага пуанта з’яўляецца Максім Танк:

Уся зямля гарыць у майскай квецені.
Колькі год я па ёй вандраваў!
А сёння спыніўся:

як жа ісці

Па вуснах пякучых траў,
Па жывых, раскрытых вачах лотаці?
Дык вось чаму птушкі лётаюць!


   Канцоўка – наогул адзін з найбольш важных кампазіцыйных элементаў верша.
   «Адным з сур’ёзных момантаў верша, асабліва тэндэнцыйнага, дэкламацыйнага, – падкрэсліваў У. Маякоўскі ў артыкуле «Как делать стихи», – з’яўляецца канцоўка. У гэту канцоўку звычайна ставяцца самыя ўдалыя радкі верша. Часам увесь верш перапрацоўваем, каб толькі была апраўдана такая перастаноўка»

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.