Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паэзія

   Паэзія (ад гр. poiesis - творчасць) - адзін з асноўных тыпаў (побач з прозай) мастацтва слова, эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць.    Ёй характэрны перш за ўсё павышаная эмацыянальнасць, ужыванне самых смелых тропаў, стылістычных фігур, музычны пачатак.
   Вершаваны рытм - адзін з магутнейшых узбуджальнікаў эмоцый, таму паэзія карыстаецца звычайна не празаічным спосабам арганізацыі моўнага матэрыялу, а вершаваным. У той жа час нельга змешваць паэзію і верш, для існавання якога дастаткова толькі аднаго рытму. На іх адрозненне ўказваў яшчэ В. Традзьякоўскі: "Тварэнне, домысел і перайменне ёсць душа паэзіі; але верш ёсць мова яе. Паэзія ёсць унутранае ў тых трох, а верш ёсць толькі вонкавае" ("Разважанне пра пачаткі паэзіі і вершаў наогул").
   Пытанне пра адрозненне паэзіі і проста верша (як рытмічна арганізаванай, рыфмаванай вершаванай мовы) актуальнае і для нашага часу. Так, А. Фадзееў з усёй характэрнай для яго настойлівасцю падкрэсліваў, што "не ўсялякія вершы паэтычныя. Адных толькі рыфмаў, нават надзвычай тэхнічна дасканалых, мала для таго, каб напісаныя радкі сталі паэзіяй". А. Твардоўскі таксама размяжоўваў проста вершы і "вершы ў сэнсе паэзіі", або ўласна паэзію. У паэзіі слова, у адрозненне ад прозы, не абазначае якое-небудзь паняцце, я перш-наперш выяўляе пачуццё, думку. Гегель бачыў адрозненне паэзіі ад прозы ў тым, што "ў прозе выдзяляецца не вобраз, а сэнс як такі, які становіцца зместам", у той жа час "паэзія павінна весці ў другую стыхію - у выяўленне самога зместу ці ў іншыя роднасныя з'явы ("Эстэтыка").
   У паэзіі само гучанне слова становіцца сродкам выяўлення. Таму па-за словам твор паэзіі не можа існаваць, яго нельга пераказаць іншымі словамі, можна толькі перадаць агульнае ўражанне ад яго. Рух слоў у вершы, іх узаемадзеянне і супастаўленне ў "сілавым полі" рытму і рыфмы, выразнае выяўленне гукавога боку мовы, узаемадзеянне рытмічнага і гукавога ладу і г. д. абумоўліваюць вялікія сэнсава-вобразныя мажлівасці паэзіі, невядомыя прозе. Увогуле ж для паэзіі характэрна тое, што характэрна для мастацкай літаратуры ў цэлым.
   Гісторыя беларускай паэзіі бярэ пячатак з фальклору (песні, балады, замовы). Пісьмовая паэзія пачынаецца вершамі Францыска Скарыны (пачатак XVІ ст.). Яе развівалі ў сярэднія вякі Мікола Гусоўскі, А. Рымша, Я. К. Пашкевіч, С. Полацкі і інш., у XІX ст. - аўтары ананімных паэм "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе", Аляксандр Рыпінскі, Паўлюк Багрым, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына і інш.
   Пачынальнікі сучаснай беларускай паэзіі - Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля.
   Асаблівага развіцця беларуская паэзія, як і ўся літаратура, дасягнула ў XX ст. Яшчэ ў даваенны час у творчасці Цішкі Гартнага, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Кандрата Крапівы, Уладзіміра Жылкі, У. Xадыкі, А. Александровіча і інш. таленавіта заявілі пра сябе розныя жанры і віды лірыкі, былі абжытыя некаторыя цвёрдыя формы верша. У пасляваенны час на новую вышыню беларускую паэзію узнялі Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Анатоль Вялюгін, А. Зарыцкі, Алесь Звонак, А. Русецкі, Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў і інш. Сучасная беларуская паэзія сваімі лепшымі творчымі здабыткамі дасягае еўрапейскага ўзроўню, пра што сведчаць пераклады яе на многія мовы народаў свету.
   У пераносным сэнсе паэзія - незвычайная, асаблівая прыгажосць прадметаў і з'яў у жыцці і мастацтве (паэзія прыроды, працы, кахання і г. д.).

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

Ніл ГілевічМатывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова

Сучасная літаратура БеларусіСучасная паэзія Беларусі