Клаўзула (ад лац. clausula – заключэнне) – заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада. У залежнасці ад колькасці складоў пасля націску клаўзулы бываюць мужчынскія (пасля націску складоў няма), жаночыя (адзін склад), дактылічныя (два склады) і гіпердактылічныя (тры і больш складоў).
Сугучныя клаўзулы утвараюць рыфму.
Клаўзула з’яўляюцца адным з асноўных рытмастваральных кампанентаў сілабічнага, сілаба-танічнага і танічнага вершаў.
Ад характару клаўзулы залежыць рытмічны малюнак вершаваных радкоў.
Што шаг – пабеда бліжай, бліжай...
Штандар чырвоны на плячы...
Чым крыж цягнуць – лепш спаць
пад крыжам...
Іграйце песню, трубачы!!!
(Міхась Чарот. «Босыя на вогнішчы»)
Усе радкі гэтай страфы напісаны адным і тым жа памерам – чатырохстопным ямбам. Але яны розняцца характарам клаўзулы: у цотных радках – мужчынскія, у няцотных – жаночыя.
Як і іншыя рытмічныя адзінкі (пірыхіі, спандэі, лагічныя націскі і інш.), Клаўзулы надаюць рытмічнаму малюнку верша своеасаблівасць, адметнасць. Так, «мужчынскія канчаткі заўсёды ствараюць уражанне большай завершанасці, чым жаночыя» (Б. Тамашэўскі). У пэўнай ступені клаўзулы вызначаюць характар паэтычнага стылю таго ці іншага аўтара. Скажам, дактылічныя клаўзулы ў Якуба Коласа складаюць менш 1% ад агульнага радковага аб’ёму твораў, у той час як у Максіма Багдановіча – 2,4%, а ў Янкі Купалы – 4,8%.
У белым вершы пэўнае чаргаванне клаўзул, або клаўзацыя, дапамагае спалучэнню вершаваных радкоў у строфы.