Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гіперстрафa

   Гіперстрафa — страфічная канструкцыя, якая складаецца з сямнаццаці і больш вершарадоў і паўтараецца ў творы не менш, чым двойчы.
   У гіперстрафе можна выдзеліць звычайныя строфы (двух-, трох-, чатырохрадкоўі і інш), у той жа час яна валодае сэнсава-інтанацыйнай цэласнасцю і непадзельнасцю, што падкрэсліваецца на пісьме прабеламі паміж такімі страфічнымі комплексамі, прысваеннем ім парадкавых нумароў і назваў і г. д. Такімі гіперстрофамі звычайна пішуцца вялікія па аб’ёму творы: паэмы, вершаваныя апавяданні, аповесці, раманы.

   Так, у Ю. Гаўрука сустракаем страфу з 17 вершарадоў (АбААбввГдГдЕЕбЕёё), якой напісана «Смерць Мальмгрэна». У творы пяць аналагічных сямнаццацірадкоўяў. Да гіперстрафы звярнуўся і аўтар найбольшай страфы — шаснаццацірадкоўя — Аркадзь Куляшоў. Ён скарыстаў гіперстрафу з 20 («Мой Новы год», 5 строфаў) і 24 («Варшаўскі шлях», 15 строфаў; «Запісная кніжка», 5 строфаў) вершарадоў. Калі ўнутры гіперстрафы асобныя радковыя комплексы аддзелены адзін ад аднаго толькі прабеламі, то самі гіперстрофы яшчэ і пранумараваны, што нагадвае нумарацыю асобных раздзелаў вялікіх мастацкіх палотнаў. Такая архітэктоніка абумоўлена змястоўнай сутнасцю куляшоўскіх твораў: кожная з гіперстрофаў — гэта своеасаблівая філасафема, медытацыя, развага на тую ці іншую субтэму, цесна звязаную з асноўнай тэмай твора. У паэзіі сустракаюцца і іншыя разнавіднасці гіперстрафы.