Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Версэт

   Версэт (франц. verset) — напісаны прозай невялікі лірычны твор, які сваёй вобразнасцю, павышанай эмацыянальнасцю і своеасаблівай рытмічнасцю набліжаецца да паэзіі. Версэт — гэта, па сутнасці, твор, паэтычны па змесце і празаічны па форме выяўлення гэтага зместу. У ім няма вершаванага рытму, метра і рыфмы. У той жа час яму характэрныя многія іншыя прыкметы паэтычнага выказвання — у змесце (матывы, ідэі, вобразы тыя ж, што і ў паэзіі адпаведнага перыяду), агульнай лірычна-суб'ектыўнай танальыасці, паэтычнай вобразнасці (канцэнтрацыя тропаў, павышэнне асацыятыўнай сувязі паміж асобнымі словамі і рэаліямі), сінтаксісе (шматлікасць разнастайных паўтораў, зваротаў, недасказаў і г.д.), кампазіцыі (невялікі памер, падзел твора на дробныя абзацы, што нагадваюць строфы ў звычайным вершы, адсутнасць сюжэта).

   У беларускай літаратуры версэт узнік у пачатку XX ст. і адразу набыў рэфлексійнасць, філасофскую заглыбленасць і сацыяльную скіраванасць. Першы такі твор — «Думкі ў дарозе» Якуба Коласа (1906). Услед за Якубам Коласам да версэта звярнуліся Ядвігін Ш.Васількі», «Раны»), Максім ГарэцкіСтогны душы», «Максімава зязюля»), Змітрок Бядуля («Плач пралесак», «Пяюць начлежнікі», «Прытуліся ка мне»). Для Алеся Разанава версэт стаў адным з асноўных відаў творчасці. Версэты ёсць у Янкі Брыля, А. Мінкіна, Уладзіміра Арлова (кніга версэтаў «Там, за дзвярыма»), Ю. Пацюпы, І. Бабкова і інш. Вось як гучыць, напрыклад, версэт Ядвігіна Ш. «Раны», прысвечаны памяці С. Палуяна:


    Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — гояцца, і па іх
    знаку няма. Большыя — гояцца, але па іх астаюцца рубцы.
        Гэтак на целе.
    Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя — гояцца; па іх
    астаюцца рубцы. Большыя — заўсёды крывавяцца.
        Гэтак на сэрцы.
    Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя заўсёды крывавяцца.
    Большыя — залечвае толькі... смерць.
        Гэтак на душы.


    Часта версэт не зусім правільна называюць вершам у прозе, паколькі ў самім гэтым словазлучэнні два паняцці (верш і проза) узаемна выключаюць адно другое.