Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль

Фатаграфія Янкі Брыля   Радзіма Янкі Брыля — Навагрудчына, хоць нарадзіўся ён у Адэсе, дзе служыў правадніком класных вагонаў цягніка Адэса — Пецярбург яго бацька Антон Данілавіч, па паходжанні беларускі селянін з вёскі Загора (Загор'е). Пакуль бацька зарабляў грошы, маці — Анастасія Іванаўна — з дзецьмі гаспадарыла на роднай сядзібе. У пачатку Першай сусветнай вайны (1914) Антон Брыль, пакінуўшы гаспадарку на старэйшую замужнюю дачку Віліту, забраў жонку і дзяцей у Адэсу. Тут 22 ліпеня 1917 года і прыйшоў на свет апошні з дзесяці дзяцей Антона і Настулі — Янка.
   "Калі, пакінуўшы Валодзю ды Ігната там, бацькі з трыма малымі хлопцамі вярталіся ў Загора, мне было няпоўных пяць гадоў", —успамінае пісьменнік на старонках "Майго радавода". «У горадзе перад ад'ездам бацька перахварэў тыфам, брушным і зваротным, а ў сакавіку 1924-га, прастудзіўшыся ў лесе, не вытрымаў запалення лёгкіх. На сваім пяцьдзесят чацвёртым годзе. А мама — на тры гады маладзейшая.
   Маленства маё, апошняга пястуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але і справядліва добрай.
   Пра ўсё гэта, асабліва пра вобраз бацькі, я напісаў у "Птушках і гнёздах" з той непасрэднай шчырасцю, якую тут мне цяжка, а то і немагчыма паўтарыць».
   Сябра Янкі Брыля і аўтар нарыса пра яго жыццё і творчасць Уладзімір Калеснік прыгадваў, што па бацькавай лініі Янка Брыль атрымаў у спадчыну высокі рост, шырокія плечы, пародзісты мужчынскі профіль, а таксама музычны слых і любоў да спеваў, а яшчэ ў дадатак вясёлы нораў, лагодную смяшліваць і ўменне глядзець на свет з мудрай усмешкай. А вось неабходныя мастаку ўзвышанасць, імкненне да духоўнага і ідэальнага, патрэба змяняць свет з дапамогай слова перадаліся яму ад мацярынскага роду Чычукоў.
   Янку Брылю было ўсяго шэсць з паловай гадоў, калі памёр бацька, і незваротнасць гэтай страты, нягоды сіроцкага жыцця адкрываліся для хлопчыка паступова. Паміраючы, бацька даў наказ жонцы вучыць малодшых дзяцей — Мішу і Янку. Анастасія Іванаўна аддала хлопцаў у пачатковую школу ў Загоры, а потым яны закончылі польскую сямігодку ў вёсцы Турэц. Тут Янку Брылю пашанцавала на добрых настаўнікаў літаратуры — маладую сям'ю польскіх інтэлігентаў — Мар'ю і Міхала Пранеўскіх, якія паходзілі з Віленшчыны і добра ведалі беларускую і рускую мовы. У аўтабіяграфічным нарысе "Думы ў дарозе" пісьменнік пісаў пра сваю настаўніцу: "Прыгожая, па-мацярынску абаяльная і светлая душой, яна вучыла нас, заходнебеларускіх пастушкоў, любіць высокае, сапраўднае ў паэзіі і ў песні польскага народа, іншых прадстаўнікоў якога мы бачылі навокал у большых ці меншых чынах прыгнятальнікаў". Мар'я Пранеўская стала прататыпам галоўнай гераіні аповесці "Сірочы хлеб".
   Адметным эпізодам жыцця будучага пісьменніка стаў месяц вучобы ў Наваградскай гімназіі. Сюды, годам раней, паступіў яго брат Міша, які і рыхтаваў Янку да ўступных экзаменаў. Экзамены былі паспяхова здадзены і хлопец залічаны на вучобу, але праз месяц браты дазналіся, што цяжка захварэў брат Мікалай, які вёў гаспадарку, і старэнькая нямоглая маці сама пайшла на поле з сявенькай. Праплакаўшы ноч, Янка і Міша вырашылі ахвяраваць сваёй вучобай, каб падтрымаць сям'ю.
   З Наваградка ў роднае Загора хлопцы прывезлі не толькі разбітыя надзеі, але і прагу да самаадукацыі, да пазнання. Дома ў іх была свая, прывезеная з Адэсы, бібліятэчка, якую старэйшыя браты падабралі для малодшых. Там былі і падручнікі, па якіх яны вучыліся ў гімназіі, і руская класіка — Гогаль, Талстой, Лермантаў, Пушкін. Перачытаўшы ўласныя кнігі, Янка і Міша пазычалі новыя ва ўсіх навакольных кнігалюбаў, якіх тады ў Заходняй Беларусі было нямала. Асаблівай папулярнасцю карысталіся творы і этычнае вучэнне Л.М. Талстога. Граф Талстой, які пагарджаў раскошай, араў поле, сам шыў сабе боты ды пісаў вядомыя на ўвесь свет кнігі, стаў для заходнебеларускай інтэлігенцыі і братоў Брылёў увасабленнем духоўнасці, справядлівасці і дабрыні.
   Напярэдадні Другой сусветнай вайны жыццё ў Заходняй Беларусі віравала: большасць інтэлігенцыі і прагрэсіўнага сялянства належала да Грамады або гурткоў ТБШ. Янка Брыль пазнаёміўся і пасябраваў з многімі актывістамі нацыянальна-вызваленчага руху. Ужо тады пачынае праяўляцца ў маладога хлапца цяга да прыгожага пісьменства, і ён спрабуе свае сілы ў мастацкай творчасці.
   Але жыццё распараджаецца інакш. У 1939 годзе Янка Брыль быў прызваны ў войска. Неўзабаве пачынаецца Другая сусветная вайна. Гітлераўская Германія напала на Польшчу, і малады салдат Янка Брыль удзельнічае ў абарончых баях пад Гдыняй. Там і трапляе ў нямецкі палон, адкуль двойчы спрабуе ўцячы. Урэшце, пераадолеўшы сотні кіламетраў, вяртаецца ў роднае Загора, якое знаходзіцца пад акупацыяй.
   Вясной 1944 года сям'я Брылёў, ратуючыся ад нямецкіх карнікаў, знаходзіцца ў партызанскім атрадзе, а восенню гэтага ж года Янка Брыль — ужо прызнаны партызанскі журналіст і пісьменнік —пераязджае ў Мінск, узначаліўшы рэдакцыйны аддзел часопіса "Вожык". З таго часу лёс Янкі Брыля непарыўна звязаны з Мінскам. Тут былі напісаны яго кнігі, у якіх адлюстраваліся жыццёвыя дарогі пісьменніка і біяграфія яго душы. У 1946 годзе выйшаў першы зборнік прозы Янкі Брыля пад сціплай назвай "Апавяданні". А ў 1951 годзе малады празаік быў прызнаны лаўрэатам адной з самых прэстыжных тагачасных узнагарод —Дзяржаўнай прэміі СССР — за аповесць "У Забалоцці днее".
   Раман "Птушкі і гнёзды. Кніга адной маладосці", якую Янка Брыль закончыў у 1964 годзе, прынёс аўтару шмат клопатаў. Нягледзячы на высокія эстэтычныя вартасці, твор падвяргаўся рэзкай і несправядлівай крытыцы з боку афіцыйных улад і адпаведна ў друку. Аўтабіяграфічны пачатак у гэтым рамане засведчыў цягу пісьменніка да літаратуры факта, яго зацікаўленасць роляй дакумента ў тканіне мастацкага твора. Не дзіўна, што ў 1975 годзе менавіта Янка Брыль у суаўтарстве з Алесем Адамовічам і У. Калеснікам стварае славутую кнігу дакументальных сведчанняў "Я з вогненнай вёскі".
   З часам любімымі жанрамі пісьменніка становяцца лірычныя мініяцюры, нататкі і эсэ. Яны ўвасабляюцца ў кнігах 'Трохі пра вечнае", "На сцежцы дзеці", "Дзе скарб твой?" і інш. 1990 год стаў незабыўным для Янкі Брыля не толькі таму, што гэта былі складаныя часы ў жыцці грамадства, але і па асабістых прычынах: амаль праз паўстагоддзе ён даведаўся падрабязнасці трагічнага лёсу свайго старэйшага брата Валодзі, знайшоў яго магілу. На аснове гэтых матэрыялаў і ўзнікла задума аднаго з лепшых твораў празаіка —аповесці "Муштук і папка". У чэрвені 2006 года выйшла апошняя прыжыццёвая кніга Янкі Брыля пад назваю "Парастак". 25 ліпеня 2006 года Янкі Брыля не стала. Яго пахавалі на могілках у Калодзішчах побач з вернай спадарожніцай жыцця жонкай Нінай Міхайлаўнай.

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")