Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ідэйны змест паэмы Купалы "Тарасава доля".

   У паэме "Тарасава доля" Янка Купала выяўляе глыбокую любасць да братняга украінскага народа і яго кабзара. У творы такога тыпу лёгка збіцца на просты пераказ біяграфіі, але з Купалам гэтага не здарылася. Вобраз Шаўчэнкі арганічна упісваецца у гісторыю украінскага народа, яго культуру; ён падаецца як носьбіт нацыянальнай свядомасці украінцаў.
   У паэме Купала узнаўляе самыя драматычныя эпізоды біяграфіі прыгоннага хлапчука, надзеленага талентам мастака і паэта.
   Жыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі маюць адносіны да нашага краю, да Беларусі. Гэта адлюстравана ў паэме Купалы. Як дваровы пана, Тарас спачатку жыў у Вільні, потым — у Пецярбургу. Юнак бачыў вакол прыгожыя беларускія лугі, лясы, крыніцы, а таксама бедныя хаціны, паднявольных людзей, — як і на Украіне.
   Беларускага паэта цікавіць не толькі сацыяльны лёс Тараса-юнака, аднолькавы для ўсіх прыгонных, але і асабістае яго жыццё. Аўтар расказвае пра каханне юнака да прыгожай Аксаны, пра яго вернасць ёй у вымушанай разлуцы.
   Тры раздзелы паэмы прысвечаны песні Тарасавай, бясстрашнаму, непадкупнаму слову кабзара. Вялікі духоўны скарб, якім валодаў юнак, ён шчодра аддаваў народу, любай сваёй Украіне.
   Народ пачуў песню свайго кабзара і прыняў яе да сэрца. Тыя хто панаваў, меў сілу і ўладу, вырашылі адабраць у яго гэты скарб, закаваць у кайданы песняра разам з яго песняй: Шаўчэнку арыштоўваюць і ссылаюць у салдаты на дзесяць гадоў у Орскую крэпасць у Арэнбургу. Яшчэ адзін шлях, "катаржны, нялёгкі, вытаптаны горам", прайшоў паэт да месца сваёй ссылкі. Там яму было строга забаронена пісаць і маляваць. Вярнуўся ён адтуль хворы, знясілены, але не выракся песні пра Украіну-маці. Песня яго стала неад'емнай часткай духоўнага жыцця Украіны, бясцэнным скарбам народа.
   Першы і заключны раздзелы пераклікаюцца: тут Купала славіць новую, вольную, Савецкую Украіну, у якой шануюць і паважаюць песню Тараса Шаўчэнкі, што у цяжкія часы прарочыла лепшы, шчаслівейшы лёс сваёй бацькаўшчыне.
   Шчырую любоў да вялікага сына Украіны і яго творчасці, роднасць яго і сваёй песні Купала падкрэслівае у "Тарасавай доле" выкарыстаннем прыёмаў і прынцыпаў, уласцівых стылю і паэтыцы Шаўчэнкі. Асабліва адчуваецца гэта у заключным раздзеле, напісаным у стылі Шаўчэнкавага "Заповіта".

Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці