Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Давераснёўская творчасць Максіма Танка

   Паэтычны талент Максіма Танка выявіўся вельмі рана, у пачатку 30-х гадоў, калі ў друку з'явіліся яго першыя вершы. Танкаўскую паэзію жывілі тыя ж вытокі, што і вершы яго вялікіх папярэднікаў: Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі — ён ўзяўся за пяро, каб расказаць свету пра гаротную долю свайго народа. Разам з тым, плённа наследуючы класічныя традыцыі, малады паэт быў захоплены ідэяй наватарскага пошуку. Паэтыка Максіма Танка хоць і ўключае ў сябе, на першы погляд, знаёмую сімволіку (зара, пажар, новая сяўба, агонь і іншыя вобразы рэвалюцыі), але ўводзіць яе ў сферу складанага асацыятыўна-вобразнага мыслення. Выпрацоўка гэтай новай тэхнікі адбывалася праз канкрэтызацыю і зазямленне сімвалаў, што падказваліся самімі абставінамі жыцця, з якімі штодзень сутыкаўся малады паэт. Горкія ўражанні ад уласнага турэмнага зняволення, непрыдуманыя сюжэты людской нядолі ўвасабляліся ў драматычныя карціны танкаўскіх вершаў. Кранальны малюнак сустрэчы бацькі са зняволеным сынам, адлюстраваны ў вершы "Спатканне", Максім Танк стварае ў форме дыялогу. У пачатку гаворка ідзе пра хатнія навіны, бытавыя рэчы, але з кожным сказам усё большую моц набірае эмацыянальнае напружанне, выяўляецца боль родных людзей, якіх разлучылі абставіны:

— Нічога, мы-то жыць жывём, —
Вось ты тут сохнеш за муром...
Я ў торбе сухароў прынёс, —
А вочы мокрыя ад слёз.


   Турэмнае зняволенне за ідэю беларускай незалежнасці, якое выпала на долю самога Танка і многіх з яго сяброў і сучаснікаў, калечыла лёсы не толькі саміх палітвязняў, але і тых, хто быў з імі побач, — бацькоў, жонак, дзяцей. Рэфрэн "А вочы мокрыя ад слёз", які гучыць у вершы "Спатканне", якраз і выяўляе трагічнасць беларускай рэчаіснасці. Гэты твор, як і "Вянок", "Ткала я, ткала палотны", што сталі хрэстаматыйнымі, увайшоў у першы паэтычны зборнік Максіма Танка пад вымоўнай назвай "На этапах" (1936), бо пісаліся гэтыя вершы ў часы арыштаў, этапаў, судоў, за турэмнымі кратамі.
   Ужо ў першай паэтычнай кнізе Максіма Танка выразна выявіўся гуманістычны пачатак яго паэзіі. Гэты гуманізм паглыбляўся ў наступных зборніках "Пад мачтай" (1937), "Журавінавы цвет" (1938). Глыбокі чалавечы змест у творах гэтага часу раскрываўся звычайна ў формах балюча выяўленага кантрасту, як, напрыклад, у вершы "Паслухайце, вясна ідзе". Гармонію радасці жыцця тут на кожным кроку абрывае суровая рэальнасць:

Паслухайце, вясна ідзе.
Звініць ў маім акне жалеза.
З вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.


   Танкаўскі гуманізм у гэтым творы — ваяўнічы, бо выяўляючы прыгажосць прыроды, дадзеную чалавеку Богам, паэт падкрэслівае сацыяльны ўціск свайго народа, заклікае да змагання.
   У мастацкім светаадчуванні Максіма Танка была выключная якасць, якая дапамагала яму вытрымліваць розныя жыццёвыя нягоды — гэта іронія, смех. Яшчэ ў давераснёўскі перыяд паэт пачаў практыкаваць ліра-сатырычныя вершы, у якіх здзекліва высмейваў ворагаў беларушчыны.

Похожие статьи:

Максім ТанкЖыццё і творчасць Максіма Танка

Максім ТанкМатывы і вобразы паэзіі Максіма Танка

БиографииМаксім Танк

Максім ТанкМаксім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест

Максім ТанкМаксім Танк - Ave Maria