Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Стракаты верш

   Стракаты верш – верш, напісаны на дзвюх ці больш мовах.
   У адрозненне ад макаранічнага верша, у якім словы з розных моў знаходзяцца побач, у адным вершаваным радку, стракаты верш характарызуецца пэўнай сістэмнасцю ва ўжыванні разнамоўнай лексікі. Так, у сярэдневяковых беларускіх інтэрмедыях паны, багі і чэрці звычайна гаварылі па-польску, а сяляне – па-беларуску. У асобных двухмоўных творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (напрыклад, у «Ідыліі») таксама існавала моўнае размежаванне паміж прадстаўнікамі пануючых класаў, з аднаго боку, і працоўных – з другога (мова першых – польская, другіх – беларуская).
   У стракатым вершы ўжыванне той ці іншай мовы строга вытрымана ў межах пэўных частак ці асобных строфаў твора. Так, у вершы П. Бузука «Як хазяін, чи гість, я не знаю» (1928) першыя восем і апошнія дванаццаць радкоў напісаны па-ўкраінску, сярэднія семнаццаць – па-беларуску. Не толькі зместам, але і самой формай верша «...Дзве мовы у мяне» В. Тарас выявіў арганічную блізкасць для яго дзвюх моўных стыхій – беларускай і рускай. Вось пачатак гэтага верша:

Дзве мовы у мяне.
Абедзве – чараўніцы.
Как в двух родных сестер,
в обеих я влюблен.
Дзве мовы у мяне –
как два крыла у птицы,
дзве мовы у мяне –
как свет из двух окон.


   Ва ўмовах усходнеславянскай моўнай і культурнай блізкасці магчыма існаванне стракатых вершаў, напісаных адначасова на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай.
   Відам стракатага верша з’яўляецца т. зв. перыстая газэль – разнавіднасць газэлі, што пішацца на дзвюх (персідскай і арабскай) або на трох (яшчэ і турэцкай) мовах.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.