Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Макаранічны верш

   Макаранічны верш (макаранічная паэзія) ( італ. poesіa maccheronіca, ад maccheronі– макароны) – від жартоўнага ці сатырычнага верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфалагічным законам роднай мовы паэта. Такі верш разлічаны на чытача, які ведае значэнне ўведзеных у верш замежных слоў і выразаў і можа ў поўнай меры спасцігнуць камічны эфект ад іх перайначвання, ад суседства з іншамоўнай лексікай.
   Макаранічныя вершы узніклі ў глыбокай старажытнасці, калі асобныя рымскія паэты перамяжалі сваю мову грэчаскімі словамі. У Расіі XVІІІ-XІX стст., у перыяд франкаманіі, асобныя паэты (напрыклад, І. Мятляеў) высмейвалі ў макаранічных вершах сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І. Катлярэўскага «Энеіда» сатырычнае гучанне набыло ўвядзенне лацінскай лексікі ва ўкраінскі моўны кантэкст.
   Аснова для з’яўлення макаранічных вершаў у беларускай паэзіі была яшчэ ў часы сярэдневякоўя, калі на Беларусі шырока ўжываліся лацінская, стараславянская і польская мовы. Аднак найбольш раннія з такіх твораў – вершы «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе» – датуюцца толькі канцом XVІІІ – пачаткам XІX ст. У іх высмейвалася «пальшчызна» засцянковай шляхты:

 

Яко ценцерук у лесе балбоча,
Так мое сэрцэ – да цябе сакоча!
Ні верашчака, кілбаса, сялянка –
Ніц мі не міло – без цябе, каханка!
Рве се мэ сэрцэ – як тая атоса,
Кеды торгаё пшэклентэ калёса!..
Рве се мэ сэрцэ – як гуж у хамуце!..
Калі пшыядэ і сядэ на куце.
Ды ўжо ж насохся! – як лапаць на печы!
Горкая доля!.. А кту ж мі полечы?!
(«Плач пакінутага каханай»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.