Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паэт

   Паэт (гр. poietes) — тварэц паэзіі, пісьменнік, які піша вершы.
   Паэты — людзі, якія складанню вершаў прысвяцілі сваё жыццё, — вядомыя былі ў розных народаў свету яшчэ з глыбокай старажытнасці. Яны, як правіла, жылі пры двары нейкага ўладара або вандравалі ад аднаго паселішча да другога і пад гукі музычнага інструмента (кобзы, гусляў, ліры, гітары, дамбры, дутары і г. д.) выконвалі ўласныя ці фальклорныя творы. Гэта — старажытнарускія баяны, гусляры, беларускія лірнікі, песняры і дудары, украінскія кабзары і бандурысты, старажытнагрэцкія рапсоды і аэды, старажытнакельцкія барды, старажытнаскандынаўскія скальды, сярэдневяковыя нямецкія мінезінгеры, мейстэрзінгеры і ваганты, армянскія гусаны, закаўказскія ашугі, казахскія жыршы, узбекскія і туркменскія бахшы, кіргізскія манасчы, сярэднеазіяцкія акыны і інш. Амаль усе гэтыя паэты былі імправізатарамі, г. зн. хутка, без спецыяльнай падрыхтоўкі маглі складаць і тут жа выконваць вершы ня пэўную тэму. Большасць іх твораў — гэта, па сутнасці, вершы-экспромты, якія вокамгнення зляталі з вуснаў, але затым шліфаваліся ў працэсе далейшага іх выканання. Пазней, у пісьмовы перыяд нацыянальных літаратур, вандроўныя паэты-сказіцелі ў многіх народаў пачынаюць знікаць, а іх найменні часам становяцца своеасаблівымі тытуламі найбольш адароных паэтаў-прафесіяналяў (баян, пясняр, бард, акын).
   У сярэднія вякі ў асобных краінах з'явіліся школы, дзе вучылі пісаць вершы. У прыватнасці, у брацкіх школах Беларусі XVІ-XVІІ стст. усіх вучняў навучалі вершаванню. Што датычыць Германіі, то там існавалі цэлыя спецыяльныя цэхавыя школы па падрыхтоўцы мейстэрзінгераў. Тым не менш такое пагалоўнае навучанне вершапісанню не прывяло да рэзкага ўздыму паэзіі, таму што далёка не кожны вершапісец – паэт. Навучыць пісаць вершы можна, бадай, любога чалавека, які валодае адчуваннем моўнага рытму і хаця б асноўнымі звесткамі з тэорыі вершавання. Але каб стаць паэтам — для гэтага трэба мець прыродныя паэтычныя здольнасці.
   У Беларусі, як і ў некаторых іншых краінах, уведзена ганаровае званне народнага паэта, якое прысвойваецца найлепшым нацыянальным песнярам. Першымі народнымі паэтамі Беларусі сталі Янка Купала (1925) і Якуб Колас (1926). Затым у розныя гады гэта званне атрымалі Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Масім Танк, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін.

Похожие статьи:

ПераказыМясціны Коласа

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

ПераказыПімен Панчанка

Алесь СалавейАлесь Салавей - Паэт

Янка КупалаЭстэтычныя погляды Янкі Купалы