Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міф

   Міф (ад гр. mythos - апавяданне, байка, паданне) — паданні пра асобыя персаніфікаваныя ці проста адухоўленыя аб'екты і з'явы прыроды (дрэва, кветка, возера, планета, навальніца, гром і г. д.), а таксама пра багоў, герояў, дэманалагічных істот (русалак, лесавікоў, палевікоў, дамавікоў і інш.), у якіх увасобіліся ідэалістычныя ўяўленні старажытнага чалавека аб навакольным свеце.
   Міфалагічны светапогляд калісьці замяняў усе формы грамадскай свядомасці - рэлігію, мараль, мастацтва, права, палітыку, філасофію, якія, дарэчы, пазней і выдзеліліся з міфалогіі, адчуўшы (і адчуваючы дагэтуль) на сабе яе моцны ўплыў. Так, міфы, і не толькі свае ўласныя, але і антычныя (пра Зеўса, Праметэя, Геракла, Венеру і інш.), адчувальна паўплывалі на ўсе еўрапейскія, у тым ліку беларускую, літаратуры. У прыватнасці, міфы знайшлі ўвасабленне ў ананімных беларускіх паэмах "Тарас на Парнасе" і "Энеіда навыварат", у творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Травіца брат-сястрыца", "Люцынка, або шведы на Літве"), Максіма Багдановіча (вершаваны цыкл "У зачарованым царстве"), Янкі Купалы (вобразы курганоў, відмаў, начніц, грамавіцы, перуна) і інш. Беларускія міфы у значнай ступені прадвызначылі непаўторнасць польскамоўнай творчасці Адама Міцкевіча (балады "Свіцязянка", "Рыбка", "Курганок Марылі", "Упыр", "Свіцязь", паэмы "Дзяды" і мн. інш.). Палескія міфы, блізкія беларусам, ляглі ў аснову славутай драмы-феерыі Лесі Украінкі "Лясная песня".
   Розныя віды міфаў (касмаганічныя - пра ўзнікненне сусвету, антрапагенічныя - пра паходжанне чалавека, тэагенічныя - пра багоў, салярныя - пра Сонца, этыялагічныя - пра розныя аб'екты і з'явы прыроды, флору і фаўну і г. д.), вобразна паўплывалі на многія жанры фальклору (замовы, казкі, легенды, балады і інш.), а праз яго (ці непасрэдна) і на ўсю старажытную і новую беларускую літаратуру.