Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кленіч

   Кленіч – верш, напісаны ў форме праклёна. Па сваім грамадзянскім пафасе нагадвае інвектыву.
   Вось адзін з ранніх беларускіх кленічаў – верш Г. Леўчыка «…Хто адрокся сваіх...» (1912):

 

Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых, –

Каб ён свету не знаў!


Мову родную хто
Пазабыў, асмяяў,
Загубіў за нішто, –

Каб ён свету не знаў!..


   Яскравы ўзор вострага, грамадзянскага кленіча пакінуў Янка Купала («Каб…...», 1926):

 

Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І не ўстаў ён болей
Са сваёй пасцелі…,


Хто над Беларусяй
Хоча распасцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усмерціць.


   Часам прыёмы кленіча выкарыстоўваюцца і ў больш буйных вершаваных творах, як, у прыватнасці, у паэме Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады»:

 

Я хачу каб вякі
Чорных асаў спалілі праклёнам,
Каб спалілі забойцу таго,
Яго сына і ўнука,
Хто з-пад крылля свайго
Бомбу першую кінуў на брук наш.
Хай загіне ўвесь род, увесь зброд,
У пакутах загіне!

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.