Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аркадзь Куляшоў - Сцяг брыгады

   Алесь Рыбка вымушаны пакінуць родны Мінск. Развітваецца з хатай, з цацкамі сына і дачкі. З усіх хатніх рэчаў, якія «прасілі яго па чарзе, каб забраў іх з сабою», ён узяў толькі лыжку. Сэрца, вочы героя адмаўляюцца верыць У тое, што адбываецца вакол:

 

З самалётаў не зводжу вачэй
I не веру, — няўжо самалёты? —
Проста з неба ляцяць на дзяцей,
Сеюць смерць кулямёты.


   Далёка ад горада Рыбку перастрэў патруль і, праверыўшы дакументы, адпусціў. Алесь стаў салдатам, камісар Зарудны даручыў яму ахоўваць сцяг брыгады. Брыгада трапіла ў акружэнне.

Асядлала брыгада шашу
I засела ў мястэчку...
Хоць хацеў бы я, не апішу
Бой за ўзгорак, за рэчку.
Не апішаш, бо слоў будзе мала
Для гэткага бою, —
Як бамбіць налятала
Па сем самалётаў на хвою...
Як патронаў у нашых байцоў,
Як снарадаў не стала.


   Алесь Рыбка, сарваўшы сцяг з дрэўка, выбег на вуліцу. Вакол мёртвыя байцы, бой сціх, толькі рвуцца снарады. У баку ад гарматы Рыбка ўбачыў нерухомага акрываўленага Заруднага. Камісар жывы, жывы таксама і наводчык. З усёй брыгады ацалелі толькі яны.
Безназоўны ручай прывёў акружэнцаў у леснічоўку. Камісар пачаў апраўляцца ад ранення.

 

З камісарам у нас
Пры сустрэчах маўклівая змова:
Аб брыгадзе ўвесь час
Між сабой не гаворым ні слова.


   Аднойчы Зарудны спытаў пра сцяг, а ўбачыўшы яго, загадаў збірацца ў дарогу. Леснічыха знайшла кожнаму цывільнае адзенне. Але камісару зноў стала блага і адыход на некалькі дзён адклалі.
   З чужымі дакументамі акружэнцы ідуць па занятай ворагам зямлі. Заходзяць у вёску, дзе чутны гоман і крыкі. Тут «ладзіць... вяселле Мядзведскі — прыслугач нямецкі». Пагражаючы, што выдасць брата-камуніста, ён прымушае дзяўчыну выйсці за яго замуж.

 

На вяселлі іграць гарманіст
Не згадзіўся, і вёска
Аб'явіла таксама байкот —
Пуста ў хаце.


   Мядзведскі ўзрадаваўся нечаканым гасцям, запрашае за стол, хваліцца, што Салаўкі яго вывелі ў людзі.

 

I выходзіць на хату Смірноў,
Наш таварыш Зарудны:
Ты, — гаворыць, — не ў людзі пайшоў,
А ў іуды...


   Грымнуў стрэл, якога байцы не чакалі, нехта выстраліў у здрадніка з натоўпу.
   Новым месцам адпачынку стала хата вясёлай кабеты Лізаветы. Жанчына паведамляе Рыбку, што немцы ўжо дайшлі да Урала, упрошвае яго застацца («Будзе люба нам жыць і ў горы, будуць ціха свяціць нам зоры...»). Але раніцай Рыбка і яго таварышы пакідаюць Лізавеціну хату.
Не вытрымаў няпэўнасці Ворчык:

Можа, войска няма,
Можа, праўду ўдава мне казала…
Можа, марна ідзём праз чуму —
Не патрэбны нікому?


   Рыбка, Зарудны, Ворчык праводзяць тры дні ў лесе каля прыёмніка. Слухаюць голас Левітана, спаць кладуцца пад гукі «Інтэрнацыянала». Але прыёмнік даносіць і «лязгат гусеніц», фашысцкія маршы і песні. Развітацца з лясным шалашом, прыспешвае Ворчык.

 

— Што сядзім, камісар палкавы?
— Крыкнуў Ворчык. — Даволі!
— Будзем гэтак сядзець, то Масквы
— Не пабачым ніколі.


   Мікіта Ворчык зноў занудзіўся, таварышы здагадваюцца чаму — недалёка бацькоўскі дом. Ноччу Ворчык пакінуў Заруднага і Рыбку, прыхапіў пры гэтым ватоўку з зашытым у ёй сцягам. Байцы не могуць зразумець, дзеля чаго яму спатрэбіўся сцяг. Яны ідуць у вёску, да бацькоў Мікіты.
   Дзверы адчыніў сам Ворчык. Ён расказвае таварышам, як страціў надзею выйсці з акружэння, як «абрыдла сонца, жыццё», засталося спадзяванне, што, можа, забудзецца аб бядзе ў сям'і. Аднак, калі Мікіта вярнуўся дамоў, жонкі ў жывых не было. Яна павесілася, не вытрымаўшы дамаганняў нямецкага афіцэра. У запісцы прасіла Мікіту ад-помсціць. Пра сцяг, што быў зашыты ў ватоўцы, Ворчык забыўся.
   Бацьку і маці Ворчыка Зарудны і Рыбка нічога не сказам («Хай не знаюць яны ў бядзе аб злачынстве сына»). Сын таксама не трывожыў родных, навек пакідаючы хату.

Ён магілу капае сам,
Сам сабе, на лясной паляне,
Мы чакаем...
Пішам мы смяротны прысуд
Ад імя брыгады...
Нам здаецца: не лес вакол
Тут стаіць у суровым маўчанні,
А байцы з батальёнаў і рот...
Асудзіць патрабуюць яны
Чалавека без веры,
Уцякаўшага ад вайны,
Да вышэйшае меры...


   Дарога вывела да родных мясцін Алеся Рыбкі, «сэрца б'ецца, рвецца дамоў, рвецца глянуць на сына, дачку». Уяўленне Рыбкі малюе сустрэчу з самымі блізкімі людзьмі:

...Гасцінца я для дзяцей
Не прынёс, як прыносіў даўней.
Я ад кожнага вока прынёс
Родным дзецям па жмені слёз...


   Рыбка не хоча прыйсці ў дом «нікчэмным, слабым жабраком», ён «сонца ў дом прынясе на штыку», прыйдзе як вызваліцель, як бацька.
   У родных ваколіцах Рыбку не пазнаюць, ён чужы для сваіх крыніц і ляснога ручая. На лясной палянцы акружэнцы сустракаюць бежанцаў, якія не паспелі «уцячы на ўсход». Рыбка бачыць сына, гукае яго. Васілёк, не пазнаўшы бацьку, гаворыць пра кавалачак хлеба. Рыбка і Зарудны аддаюць хлопчыку «паўбуханкі, НЗ», усё, што ў іх засталося.
   «Сёмы дзень лістапада» Алесь Рыбка сустракае ў бліндажы.

 

Больш чым год мінуў з тае даты, —
I са сцягам былым да сяла,
Франтавыя прысады
Абудзіўшы,
Брыгада ішла.

Похожие статьи:

ПераказыДзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Аркадзь КуляшоўСцяг брыгады. Ідэйны змест, мастацкія асаблівасці

ПераказыСвяшчэнныя атрыбуты дзяржавы

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Покліч

Алесь СалавейАлесь Салавей - Трыялет