Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гукапіс літаратурны

   Гукапіс літаратурны, або фоніка (ад гр. fonikos - той, што гучыць) - гукавая арганізацыя літаратурнай мовы, якая ўзмацняе сэнсавую выразнасць і мілагучнасць мастацкага твора.
    Да літаратурнага гукапісу у шырокім сэнсе адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры сінтаксісу літаратурнага, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка твора. Часцей жа гукапіс літаратурны разумеюць як сістэму розных гукавых паўтораў. Гэта могуць быць прадвызначаныя пэўнымі выяўленчымі задачамі паўторы аднолькавых ці падобных гукаў галосных (асананс) або зычных (алітэрацыя), гукаперайманні. Прычым, гукавыя паўторы могуць быць у пачатку (анафара), канцы (эпіфара), у пачатку і ў канцы (кальцо), у канцы і ў пачатку (стык) вершаваных радкоў, слоў, фраз і гэтак далей. У літаратурнай практыцы, як правіла, гэтыя віды гукапісу літаратурнага сустракаюцца побач, суадносячыся з лексікай, інтанацыйна-сінтаксічнай арганізацыяй мастацкага твора. Так, у "Песні званара" Янкі Купалы гукавыя стыкі, анафары і эпітафары ўзмацняюць мастацкую выразнасць асанансу (на "о", "у", "і", "а") і алітэрацыі (на "р", "з", "с", "ц"):


Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,
Думы збудзіць, па сэрцах удара,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
 

   Гукі самі па сабе нейтральныя ў выяўленчых адносінах, яны не выклікаюць ні пэўнай эмоцыі, ні, тым больш, думкі. Аднак у мастацкім кантэксце паўтор аднародных гукаў дапамагае падкрэсліць, вылучыць асобныя словы, звярнуць на іх асаблівую ўвагу. Тут літаратурны гукапіс сутыкаецца з выяўленчымі мажлівасцямі інтанацыі. Таму менавіта роля гукавых паўтораў, як слушна падкрэсліваў Л. Цімафееў, "не столькі непасрэдна гукавая, колькі ў шырокім сэнсе інтанацыйная". Інтанацыйна-гукавая арганізацыя літаратурнай мовы залежыць ад эмацыянальна-сэнсавай напоўненасці таго ці іншага твора, творчай індывідуальнасці пісьменніка, літаратурнага метаду ці напрамку, да якога ён належыць, фанетычных асаблівасцей пэўнай нацыянальнай мовы. Аднаго якога-небудзь універсальнага спосабу гукавой арганізацыі літаратурнай мовы, прыдатнага для ўсіх твораў і, тым больш, для ўсіх пісьменнікаў, - няма.
   Безумоўна, літаратурнага гукапіс цесна звязаны з мастацкай думкай твора, але гэта сувязь у кожным канкрэтным выпадку праяўляецца па-свойму. Здараецца, што нейкае асноўнае (апорнае) слова нібы прарастае ў гукавым ладзе паэтычнага твора. Як, у прыватнасці, прозвішча славутага галандскага мастака - у сістэме гукапісу верша Максіма Танка "Дом Рэмбранта":

 

І рэха паўтараюць прыстані, кварталы,
І мы ўРываЕМся у лаБі РыНТ каналаў.
 

   У іншым жа вершы інструментоўка на гэтыя зычныя гукі можа мець зусім іншае сэнсавае напаўненне. Часам "гукавое пацвярджэнне" зместу настолькі арганічнае і своеасаблівае, што выявіць яго, убачыць надзвычайна цяжка. Ды і формы літаратурнага гукапісу самыя разнастайныя, не паддаюцца ніякай каталагізацыі. Толькі скрупулёзна аналіз, тонкі эстэтычны слых можа выручыць даследчыка фанічных асаблівасцей мастацкага твора.
   Паўтор асобных гукаў, у прыватнасці зычных, вызначае воблік своеасаблівага алітэрацыйнага верша, які ўжываецца ў паэзіі некаторых сучасных народаў (ісландцы, казахі, кіргізы, калмыкі і інш.). Для такіх вершаў характэрны паўтор адных і тых жа зычных гукаў у пачатку радкоў, перад першым націскным галосным.
   Літаратурны гукапіс паэтычных твораў адрозніваецца ад гукапісу твораў празаічных і драматычных багаццем і разнастайнасцю, шматфункцыянальнасцю і выразнасцю сваіх гукавых паўтораў, што прадвызначана скіраванасцю паэзіі на яе гукавое ўзнаўленне. Верш, у адрозненне ад прозы, разлічаны перш за ўсё на гучанне, і ўсе свае выяўленчыя мажлівасці рэалізуе ў гучанні. "Чытаць верш моўчкі можна, - заўважаў А. Луначарскі, - але так, як можна чытаць моўчкі ноты. Верш патрабуе выканання". Фанічныя асаблівасці вершаванай мовы выяўляюцца найбольш поўна менавіта ў маўленні, чытанні верша ўголас. Тое, што для верша лічыцца нормай (раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў, паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў, сінтаксічных канструкцый і гэтак далей), у празаічным тэксце можа выглядаць як значны недахоп. Так, М. Горкі, сустрэўшы ў творы аднаго пісьменніка фразу "Жан жадно сжал её", заўважыў: "Магчыма, у вершах гэта назвалі б алітэрацыяй, а ў прозе - неахайнасць". У адносінах да паэзіі літаратурны гукапіс выступае перш за ўсё як мілагучнасць, гэта значыць прыгажосць і натуральнасць гучання літаратурнай мовы. У той жа час мілагучнасць не павінна існаваць у мастацкім творы сама па сабе, безадносна да яго зместу і настрою. Як слушна падкрэсліваў Іван Франко, дэкадэнты, "ганяючыся за фіктыўнай музычнай вартасцю слова ... пазбываюцца той сілы, якую маюць словы".