Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эпіфара

   Эпіфара (грэч. epiphora – паўтарэнне) – паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў.
   Вось прыклад эпіфары з народнай песні:

Цялушачак гадаваць будзем,
А бычочкі прадаваць будзем,
Дзевак замуж аддаваць будзем,
А хлопчыкаў жаніць будзем.


   У вершы Максіма Багдановіча «...Ціхі і сіні блішча над хатай» эпіфара праходзіць праз усе няцотныя радкі чатырохрадкоўяў, прадвызначаючы агульную кампазіцыю твора і яго рыфму:

Ціхі і сіні блішча над хатай

Неба прастор.

Ціха гайдае ліпа над хатай

Лісцяў узор.

У небе рахманы, сярэбраны голас

Звона гудзіць.

Птушкі маркотнай з дзерава голас

Сумна звініць.


   У прыведзеным урыўку – прыклады радковай эпіфары. Калі ж асобныя словы ці выразы дакладна паўтараюцца ў канцы асобных строфаў, узнікае строфная эпіфара. Вось адзін з яе ўзораў:

Ты – шчасця, свабоды і дружбы вяшчуння,
Ты – светлая па-над зямлёй зараніца,
Ты – шчырага сэрца жывая крыніца,
Крыштальная руская мова!
Ты поўная фарбаў з прастораў квяцістых,
Ты поўная водсветаў, сонечных, зорных,
Сугуччаў і гукаў, жывых, непаўторных,
Цудоўная руская мова!
(Максім Танк. «Руская мова»)


   У гэтым вершы эпіфара з’яўляецца і ў канцы двух наступных строфаў ( «Магутная руская мова!», «Вялікая руская мова!»). Такім чынам, строфная эпіфара удзельнічае ў архітэктанічнай будове ўсяго твора.
   Рыфма з’яўляецца адным з відаў гукавой эпіфары.
   Стылістычная фігура, супрацьлеглая эпіфары, – анафара.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.