Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Цырк высокіх тэхналогій
Першы стацыянарны цырк у Мінску пачапі ўзводзіць у 1954 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Уладзіміра Жукава. Пры закладцы фундамента пад цэнтральнымі дзвярамі закапалі капсулу з пасланнем, у якім адзначалася, што гэты храм мастацтваў узведзены дзеля ўпрыгожвання горада і задавальнення народа. У 1959 годзе сталічны цырк расчыніў свае дзверы.
У 2010 годзе пасля грандыёзнай двухгадовай рэканструкцыі Беларускі дзяржаўны цырк зноў прыняў гасцей. Знешне архітэктура будынка кардынальна не змянілася: фасад пафарбавалі, «апранулі» ў граніт цокаль і падножжы калон. Купал цырка абшылі новым пакрыццём. Каля ўвахода ў будынак з’явіўся фантан, прыступкі ўпрыгожылі дэкаратыўныя скульптуры.
Адноўлены будынак сустракае гледачоў дакладнай копіяй інтэр’ера 1959 года. Ставілася задача вярнуць цырку першапачатковае аблічча пяцідзясятых гадоў дваццатага стагоддзя аж да прадметаў мэблі, ляпнога дэкору, парцьер, падлогі, дзвярных ручак. Дзеля гэтага быў даследаваны вялікі пласт літаратуры, вывучаны старыя архіўныя чарцяжы, гістарычныя дакументы.
Напрыклад, шмат увагі нададзена ўзнаўленню свяцільняў, якія ўяўляюць сабой яркі ўзор дэкаратыўнага мастацтва. Старыя бронзавыя люстры пасля рэстаўрацыі заззялі з новай сілай. Па аўтарскіх малюнках узноўлена падлога. Адзінае адрозненне – не ў бетоне, а ў граніце. У аздобу сцен вярнулася пазалота, зафарбаваная ў папярэднія гады. Фае ўпрыгожана фрэскамі. На месцы старых крэслаў з’явіліся больш камфортныя новыя. Пры гэтым іх колькасць засталася ранейшай – тысяча шэсцьсот семдзесят.
Асноўны цыркавы будынак мадэрнізаваны максімальна. Высокатэхналагічны сталічны манеж адпавядае ўсім сусветным стандартам. Ён аздоблены неабходным светлавым, гукавым, тэхнічным забеспячэннем, каб ствараць нумары любога ўзроўню складанасці. Цырк абсталяваны чатырма зменнымі платформамі: камп’ютарызаванай падлогай са светлавымі спецэфектамі, паркетам, на якім плануюць праводзіць спаборніцтвы па спартыўных танцах, лядовай пляцоўкай і арэнай для працы з жывёламі. Цыркавая арэна можа трансфармавацца ў басейн, здольны падымацца і апускацца.
Пад арэнай зроблена «кішэня» глыбінёй 11 метраў. Канструкцыя, што там знаходзіцца, мае чатыры паверхі. На спецыяльных пляцоўках размешчаны розныя дэкарацыі, якія з дапамогай сучасных тэхналогій могуць мяняць выгляд арэны літаральна за пятнаццаць – дваццаць хвілін.
Побач з галоўным будынкам цырка, арэна якога прызначана для цыркавых прадстаўленняў, з’явіўся сяміпавярховы дом, злучаны спецыяльным пераходам з галоўным. Тут размясціліся трэніровачная арэна, роўная па плошчы галоўнай, грымёрныя, адміністрацыйны корпус і вальеры для жывёл. У новым будынку ёсць спецыяльная танцавальная зала плошчай трыста квадратных метраў, дзякуючы якой можна ставіць самыя складаныя нумары.
За межы асноўнага будынка вынесена білетнае бюро. Гэта інфармацыйны цэнтр установы, дзе можна знайсці ўсе неабходныя звесткі пра цыркавыя прадстаўленні, артыстаў, набыць білеты, у тым ліку і электронныя. На маніторах дэманструюцца рэкламныя ролікі бягучых праграм.
Атрымліваць задавальненне ад выступлення артыстаў наведвальнікі цырка змогуць і на свежым паветры. На месцы старой лесвіцы будзе пабудаваны летні амфітэатр на сто гледачоў.
Такім чынам, глабальная рэканструкцыя цырка дазваляе ствараць спрыяльныя для творчых пошукаў умовы працы. Распрацоўшчыкі праекта шмат працавалі над гэтым – і новыя тэхнічныя магчымасці сучаснага культурна-забаўляльнага комплексу ўражваюць. Пры гэтым мастацкае аздабленне спалучаецца з бяспекай.
Сёння Беларускі дзяржаўны цырк дорыць свайму ўдзячнаму гледачу адчуванне радасці, асалоды ад убачанага чарадзейства.
(453 словы)
Паводле Д. Амяльковіч, І. Кіені.
Похожие статьи:
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Білеты у цырк
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Экзамены