Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
У цырку
Хвядос убачыў цырк, як толькі перайшоў мост. Крыху воддаль ад вуліцы стаяў ярка асветлены круглы будынак з купальным дахам. Стары адчыніў цяжкія дубовыя дзверы. Белае святло мякка лілося са сцен і столі на святочна апранутых людзей. Ад гэтага святла і ціхай музыкі, якая аднекуль прасочвалася сюды, Хвядос сам настроіўся па-святочнаму і крышачку засаромеўся свайго паношанага паліто і шапкі.
Яго месца было на верхнім радзе. Пад круглым, нібы царкоўным, купалам віселі вяроўкі, абручы, вераўчаныя лесвіцы. Унізе, на крузе, былі разасланы дываны. Справа ад Хвядоса музыканты спрабавалі інструменты. Іх трубы, скрыпкі бязладна гудзелі на розныя галасы. Праз хвілін дзесяць у зале не засталося ніводнага вольнага месца. Усталявалася цішыня, цырк прыцямнілі.
Раптам на круг пырснуў яркі сноп святла, рыкнулі трубы, грымнулі барабан і медныя талеркі. На круг выйшлі строем цыркачы: дужыя мужчыны, зграбныя і тоненькія дзяўчаты. Прамаршыравалі пад музыку, павіталі гледачоў, і пачалося прадстаўленне.
Чаго толькі там не было! Цыркачы скакалі цераз галовы, станавіліся па трое адзін аднаму на плечы, бегалі па нацягнутым дроце, ездзілі па ім на веласіпедзе, пераляталі з адной лесвіцы на другую. Дзяўчаты лезлі ўверх па канаце, гайдаліся на трапецыі пад самым дахам, адпускалі яе, ляцелі да другой трапецыі, дзе іх хапаў за рукі цыркач з завязанымі вачыма.
Два клоўны рабілі адзін аднаму падножкі, падалі, куляліся, рагаталі і плакалі. Адзін клоўн так бразнуўся, што па яго з насілкамі прыбеглі. Ён жа раптам як падхопіцца, як кульнецца! Увесь цырк рагатаў.
Аб’явілі перапынак. Многія шаснулі ў праходы, узняўся шум. Хвядос застаўся сядзець на месцы. Ён стараўся ўспомніць убачанае ў першым аддзяленні па парадку, але ўсё круцілася, мільгала ў памяці. Хвядос баяўся, што, прыехаўшы ў сваё сяло, усё забудзе і не зможа пра гэта расказаць людзям.
Пачатак другога аддзялення таксама быў вясёлы і цікавы. Але самае яркае, што так узрушыла Хвядоса, адбылося ў канцы прадстаўлення.
На цыркавую арэну вылецелі белыя коні. Гэта былі коні з казак: срэбныя грывы і хвасты, выгнутыя дугой шыі, пругкія ногі. Сіла і буйны нораў клекаталі ў конях, утаймаваных іх гаспадыняй – маладой жанчынай з бічом, якім яна раз-пораз ляскала. На жанчыне ўсё ззяла: пышныя залацістыя валасы, бліскучае адзенне, срэбныя боцікі. Выстраіўшыся па двое, коні беглі па крузе, высока падкідваючы ногі і махаючы галовамі. Пад іх капытамі, здавалася, дрыжала зямля. Потым коні прыпыніліся, прыўсталі на дыбкі. Калі грымнулі апладысменты, коні заківалі галовамі, разумна пазіраючы на людзей бліскучымі вачыма.
Пяць коней, пакланіўшыся публіцы, пабеглі з манежа, а адзін застаўся. Ён павярнуў галаву да жанчыны, і ад яго дыхання валасы ў яе заварушыліся. На арэну выбег мужчына ў чорным пінжаку, схапіў кінуты яму наезніцай біч, ляснуў. Конь пайшоў па крузе шырокімі скачкамі. А жанчына пачакала, калі конь параўняецца з ёю, і скокнула яму на спіну. Конь бег, а яна спачатку стаяла на ім роўненька, нерухома, потым кульнулася цераз галаву, стала на рукі, саскочыла на манеж і адразу ж узляцела на конскую спіну.
Страляў біч, быццам высякаў маланку, і сотні радасных людзей, нібы асветленыя яе ззяннем, білі ў далоні. Ахоплены натхненнем, што дарыла людзям наезніца, Хвядос некалькі разоў прыўставаў з крэсла і ад хвалявання не заўважаў гэтага. Увесь ён быў там, на манежы, побач з канём і наезніцай. Адчуванне вялікай радасці, лёгкасці ахапіла яго, быццам у гэта імгненне скінуў ён цяжар гадоў ці прайшоў праз цёплы лівень...
На вуліцы нейкі час Хвядос таптаўся каля асветленай тумбы, дзе віселі афішы, на якіх былі белыя коні і іх наезніца. Потым рашыў падацца дамоў, але забыўся, куды ісці. Пастаяў, агледзеўся, убачыў мост і нарэшце ўспомніў сваю дарогу.
(563 словы)
Паводле В. Хомчанкі.
Похожие статьи:
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Білеты у цырк
Пераказы → У цырк было ўжо позна