Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Самалёт на лузе

   На лузе ля Камароўкі сеў самалёт!
   Хто першы прынёс у вёску гэту дзіўную вестку, невядома. Вядома іншае: яна абляцела вёску вокамгненна. Старэйшыя памалу сыходзіліся ў купкі і абмяркоўвалі падзею, а дзеці, не марудзячы ні хвіліны, памчаліся на луг.
   Пеця Клімук бег разам з усімі.
   Няўжо зараз ён убачыць самалёт, самы сапраўдны, з чырвонымі зоркамі на крылах? Няўжо ён зможа падысці да яго блізка? Няўжо ён пабачыць лётчыка? Няўжо зможа дакрануцца да крылатай машыны?
   Нават на трактар і аўтамашыну Пеця не можа глядзець спакойна, абыякава. А пра самалёт няма чаго і гаварыць! Пагоніць у поле карову, ляжа на траву і глядзіць, як па небе плывуць лёгкія, нібы пушынкі, аблачынкі. А калі самалёт нечакана вынырваў з-за аблокаў, Пеця не вытрымліваў, усхопліваўся на ногі і, махаючы рукамі, крычаў на ўсё поле: «Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне!..»
   Крычаў так гучна, што карова падымала галаву і няўцямна глядзела на свайго малога гаспадара.
   Самалёт знікаў з вачэй, а Пеця зноў лажыўся на траву і думаў пра тое, як здорава, каб можна было, як у вершы, «пабыць у людзях, паглядзець, як месяц на небе начуе, як блукае ў лесе мядзведзь».
   Верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» Пеця Клімук ведаў на памяць. Колькі разоў думалася: каб спаткаўся з лётчыкам, як той хлопчык з верша, дык абавязкова ўпрасіў бы ўзяць яго ў палёт.
   Самалёт і сапраўды стаяў на лузе. Крылы так шырока раскінуты, што па камароўскай вуліцы ён бы і не праехаў, платы б усе папераварочваў.
   Пеця праціснуўся між людзей наперад, да самага самалёта. Асцярожна, каб ніхто не заўважыў, дакрануўся рукою да крыла. Яно было халоднае, хоць добра грэла сонца. На крыле корпаўся лётчык. Бялявы, не надта каб і высокі, шыракаплечы. Ён павярнуўся да людзей і папрасіў усіх адысці далей ад самалёта, бо з крылатай машынай усё ў парадку і яна можа ляцець.
   Спачатку людзі адступалі назад памалу, але, калі матор, чмыхнуўшы некалькі разоў, завыў на ўвесь луг, усе адкаціліся ад самалёта хуценька і досыць далёка.
   Самалёт крануўся з месца і, няўклюдна пакалыхваючыся, пакаціўся. Набраўшы вышыню, лётчык зрабіў над лугам круг, і людзі, што стаялі, задраўшы ўверх галовы, закрычалі:
   – Махае, махае рукой!
   I ўсе пачалі махаць рукамі і махалі да таго часу, пакуль самалёт не знік у лёгкіх белых аблачынках.
   Разыходзіліся з лугу памалу. Пеця ішоў ці не самы апошні, здзіўляўся таму, як такі вялікі самалёт адрываецца ад зямлі і ляціць, быццам птушка, у паветра. Якая сіла яго падымае ўверх? Чаму самалёт не падае?
   Тым летам Пеця Клімук скончыў толькі чатыры класы і адказаў на гэтыя пытанні яшчэ не ведаў. Але даў сабе зарок: абавязкова знайсці іх, гэтыя адказы.
   I ці не тым летнім днём упершыню прыйшла да яго мара стаць лётчыкам? Мара, якая запаланіла сэрца назаўсёды. Мара, якая ўрэшце і прывяла яго ў касманаўты.
(454 словы)

Паводле М. Гіля.

Похожие статьи:

Мікола ГільМікола Гіль - Першы настаўнік

Мікола ГільМікола Гіль - Татава аўтаручка

ПераказыСапёр

ПераказыСталіца беларускага поўдня

ПераказыДа маці