Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Гіль - Татава аўтаручка

Увага!!! Поўны змест


   Сеў тата пісаць – а ручка не піша. Ён яе і трос, і чарніла нанова набіраў – не піша і ўсё. Гукнуў тады Максімку:
   – Сынок, ты маёй ручкі не чапаў?
   – Не, тата, не чапаў...
   – Такая харошая ручка была! Прыйдуць мама з бабуляй, трэба будзе ў іх спытаць, мо яны бралі ды незнарок сапсавалі... А ты, сынок, ідзі гуляй.
   Максімка паволі пайшоў у свой пакой і гэтак жа паволі зачыніў за сабой дзверы. Тата схіліўся над сталом. Ды неўзабаве Максімка зноў прыйшоў і дакрануўся да татавага пляча:
   – А калі мама тваёй ручкі не брала?
   Тата ўважліва паглядзеў на сына і, нібы аб нечым здагадаўшыся, сказаў:
   – Мабыць, бабуля скінула яе са стала.
   – А калі і бабуля не вінавата? – не адступаў Максімка.
   – То тады і не ведаю, на каго думаць, – развёў тата рукамі. – Ты ідзі, гуляй, сынок, а мне працаваць трэба.
   Але хлопчык не адыходзіў. Ён пастаяў, памаўчаў, затым зноў спытаў:
   – I ты будзеш на іх сварыцца?
   – На каго?
   – На маму і на бабулю.
   Тата ледзь прыкметна ўсміхнуўся:
   – Пэўна, буду. Такую добрую ручку сапсавалі.
   – Шкада мамы і бабулі...
   Максімка ўздыхнуў і моўчкі пайшоў у другі пакой.
   Цікаў на стале гадзіннік, адлічваючы секунды і мінуты: цік-так, цік-так... Пад гэта ціканне тату добра працавалася. Ён так захапіўся работай, што не заўважыў, як зноў падышоў сын.
   – Не сварыся, тата, – паціху прамовіў ён, – не сварыся на маму і бабулю... Насварыся лепей на мяне...

Похожие статьи:

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Дзе прывітанне?

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Бацька і сын

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Памяці бацькі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Татаў родны куток

Мікола ГільМікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька