21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень быў заснаваны ў лістападзе 1999 года рашэннем Трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Міністэрства культуры звяртаецца да ўсіх, каму неабыякавы лёс роднай мовы, пашыраць яе выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці і не толькі ў гэты дзень.
Выказванні славутых беларусаў пра родную мову:
Янка Купала: «Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне, душу мне затрэсла пагудкаю новай, ты песень наўчыла мяне».
Францішак Багушэвіч: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»
Уладзімір Караткевіч: «Ты мой ясны хлеб і каханы май, песня продкаў, нашчадкаў палі, без цябе, не з табой – не патрэбен мне рай на душы. Ў небясі. На зямлі».
Якуб Колас: «Любіце, ведайце і шануйце мову свайго народа і ўмейце дасканала валодаць ёю».
Алесь Гарун: «Дык шануй, беларус, сваю мову, – гэты скарб наш на вечныя годы, за пашану радзімаму слову ўшануюць нас брацця-народы!»
Максім Танк: «З усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову святыні народа, бяссмерця яго, – ты выткана, дзіўная родная мова».
(237 слоў)
(Паводле інтэрнэт-рэсурсаў)
Похожие статьи:
Н → Няўласна-простая мова
В → Вершаваная мова
Л → Літаратурная мова
А → Аўтарская мова
М → Мова мастацкай літаратуры