Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мова мастацкай літаратуры

   Мова мастацкай літаратуры - моўная сістэма, якая грунтуецца на нацыянальнай літаратурнай мове і найбольш поўна выяўляе яе творчыя магчымасці па слоўна-вобразнаму (пісьмоваму) адлюстраванню рэчаіснасці. Шырока карыстаецца яе фанетыка-марфалагічным (гл. гукапіс літаратурны), лексіка-фразеалагічнымі (гл. лексіка літаратурная; тропы), інтанацыйна-сінтаксічнымі (гл. сінтаксіс літаратурны) сродкамі. Мае пэўную адметнасць у залежнасці ад таго, у якіх відах літаратуры (паэзіі ці прозе) выкарыстоўваецца (гл. паэзія; вершаваная мова), у які час і якія пісьменнікі да яе звяртаюцца (гл. стыль пісьменніка). Разам з тым мова мастацкай літаратуры мае свае адрозненні ад літаратурнай мовы.
   У літаратурным творы мы, па-першае, сустракаемся з аўтарскім маўленнем, даволі спецыфічным у кожнага пісьменніка, з індывідуалізаваным маўленнем персанажаў (у дыялогах, маналогах, унутраных маналогах). Па-другое, у мове мастацкай літаратуры з пэўнымі мастацкімі мэтамі часта выкарыстоўваюцца так званыя пазалітаратурныя моўныя формы (дыялектызмы, вульгарызмы, жарганізмы і г. д.), што недапушчальна для літаратурнай мовы.
   У грамадстве ўвогуле, а ў беларускім асабліва, мова мастацкай літаратуры адыгрывае вялікую сацыякультурную ролю. Так, пісьменнікі сваёй творчасцю аказалі вырашальны ўплыў на фармаванне і развіццё ў XІX - XX стст. новай беларускай літаратурнай мовы, яе ўнармаванне, пашырэнне і ўдасканаленне яе разнастайных стылёвых пластоў. Янка Купала і Якуб Колас слушна лічацца асноўнымі стваральнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, хаця нямала дзеля гэтага зрабілі як іх папярэднікі (найперш Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч), так сучаснікі і наступнікі (Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Пятрусь Глебка, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Скрыган, Янка Брыль і інш.).
   У выніку пэўных гістарычных абставін (афіцыйная забарона беларускага друкаванага слова ў XІX ст., дэбеларусізацыя і русіфікацыя, жорсткі наступ на вёску і сялянства - галоўных носьбітаў жывога беларускага маўлення - ў ХХ ст. і інш.) менавіта пісьменнікі сталі ледзь не адзінымі ахоўнікамі і захавальнікамі беларускай мовы.
   Своеасаблівасць мовы мастацкай літаратуры, асаблівасці мовы буйнейшых беларускіх пісьменнікаў, іх канкрэтны ўклад у развіццё літаратурнай мовы паказаны ў энцыклапедычным даведніку "Беларуская мова" (1994).

Похожие статьи:

ВВершаваная мова

ННяўласна-простая мова

ЭЭзопава мова

ЛЛітаратурная мова

ААўтарская мова