Мірошка гнаўся за матыльком. Матылёк быў дужа прыгожы, з шырокімі цёмна-чырвонымі крыльцамі. Такога матылька хлопчык сустрэў упершыню, таму вельмі хацеў злавіць яго, пагуляць з ім, а потым паказаць маці.
Яны мітусіліся на цёплым сонечным лужку, між травы і кветак. Матылёк як бы дражніў малога: ён то высока ўзвіваўся ўгору, нібы іскра з вогнішча, то раптам садзіўся на якую-небудзь аблюбаваную кветку і сам рабіўся кветкай. Нялёгка было зноў убачыць яго.
Мірошка то прыпадаў да самай зямлі, заміраў і чуў, як усхвалявана трапечацца разагрэтае вясёлым паляваннем сэрца, то кідаўся на кветку за матыльком, сціскаў галоўку кветкі ў далонях, але ў самы апошні міг матылёк вырываўся ў неба.
Быў яркі летні поўдзень з мяккімі белымі воблачкамі ў сінім небе, з лёгкім ветрыкам. Мясціна, дзе гуляў хлопчык з матыльком, знаходзілася на невысокай травяністай выспе, у самым пачатку дзвюх рэк. Якраз тут Свіслач улівалася ў срэбную ад сонца Бярэзіну. Чуўся плёскат вады. Лётала мноства прыгожых стракоз. Але матылёк быў адзін на цэлым свеце, і толькі за ім сачылі радасна-насцярожаныя вочы хлопчыка.
Нарэшце Мірошку пашанцавала. Ён кінуўся грудзьмі ў траву, тварам упаў у гарачыя кветкі і схапіў матылька. Радасць распірала грудзі. Ён перавярнуўся на спіну, убачыў над сабой сакавіты блакіт. Мірошка захлынуўся ад шчасця.
– Мама, паглядзі! – закрычаў ён. – Я злавіў!
Ён асцярожна, вузенькай шчылінкай адкрыў цесна сплеценыя далоні, быццам нёс у іх ваду і баяўся праліць нават кроплю.
– Ён жывы, – часта дыхаючы, сказаў Мірошка і спытаў у маці: – Прыгожы?
Потым Мірошка разняў далоні, і матылёк, нязграбна махаючы крыльцамі, паляцеў у бок ракі.
(246 слоў)
Паводле Л. Дайнекі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Ці прыляціць адмірал?
Пераказы, дыктанты → Матылёк (Паводле У. Аляхновіча)
Пераказы, дыктанты → Матылькі
Пераказы, дыктанты → Захапленне прыгажосцю
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Апалон