Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Камянецкая вежа

   Так склалася, што гэты больш як сямісотгадовы помнік стаў своеасаблівым апазнавальным знакам і абярэжным сімвалам Белай Русі. Адлятаючы ў вырай, птушкі знарок робяць развітальны аблёт чырвонага слупа Белай вежы, каб надоўга запомніць галоўную прыкмету роднай зямлі. Вяртаючыся з далёкіх краёў, найперш шукаюць гэты сімвалічны арыенцір. Цэлы і непарушны ён – значыць, усё добра і спакойна на роднай Беларусі.
   Калісьці даўным-даўно ляжаў тут чароўны камень. Валодаў ён незвычайным дарам – дапамагаць бедным людзям. I тыя часта карысталіся яго спагадлівасцю, прасілі парады, дапамогі. А то і хлеба. Прынясуць вечарам сякую-такую ахвяру і папросяць: «Камень-камянец, дай на заўтра хлябец. Цяжка стала жыць, няма чым дзяцей карміць». А ранічкай ляжыць на камені бохан.
   Ды нейкі неразумны чалавек вырашыў выпрабаваць чароўную сілу каменя. Прыйшоў да яго без ахвяры і злосна загадаў: «Камень-камяніска, аддай сваё залаціска. Яно ў цябе без дзела ляжыць, а мне з ім будзе добра жыць». Абурыўся ад гэткага нахабства камень і праваліўся скрозь зямлю. А за сабой і сквапнага чалавека пацягнуў. Толькі глыбокі калодзеж утварыўся. А назва мясцовасці засталася – Камянец.
   Засцярога тутэйшых жыхароў ад войнаў, якія знішчальнымі хвалямі захліствалі гарады, мястэчкі і вёскі, ад частых аблог, жорсткіх набегаў і крывавых штурмаў увасобілася ў шматлікія абарончыя збудаванні. Такім помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца і Камянецкая, альбо Белая,    Гэта першая на Беларусі мураваная вежа.
   Як сведчыць Галіцка-Валынскі летапіс, горад Камянец быў заснаваны ў 1276 годзе валынскім князем Уладзімірам Васількавічам – «вялікім кніжнікам і філосафам». Уладзімір даручыў майстру Алексу падшукаць месца для будучага абярэжнага горада і пабудаваць там каменны слуп вышынёй 17 сажняў.
   Вежу, якую назвалі яшчэ стаўпом Уладзіміра, абкружаў глыбокі роў і вал з умацаваннямі. Але ў 1903 годзе падчас абнаўлення помніка ўсё гэта знікла.
   Лёгкасць, стромкасць, гатычная зграбнасць робяць вежу асабліва велічнай і вабнай – сапраўднай шляхцянкай. Гэта падкрэслівае і своеасаблівы арнамент з вузкіх акенцаў-байніц, падобных на аркі ніш, стрэльчатых вокнаў. Галаву прыгажуні, як шахматную ладдзю, вянчае вялікая карона з 14 зубцоў. Кожны з іх пазначаны назіральнай шчылінай. Маючы 30 метраў увышкі, летапісны Камянецкі стоўп толькі на 5 метраў ніжэйшы за сярэдні неф знакамітага сабора Парыжскай Божай Маці.
   Па лесвіцы, што ўецца ўнутры тоўстай сцяны, можна трапіць на самы верх вежы, на яе былую баявую пляцоўку. Адсюль адкрываецца непаўторны краявід, можна працягнуць руку для павітання з сонцам альбо мігатлівымі знічкамі-зоркамі.
   Калі жахае над ёй маланка і пагрозліва грукоча па небе сваёй калясніцай сівабароды Пярун, гэты стоўп, нібы грамнічная свечка, аберагае нашу зямлю і яе насельнікаў ад разбуральных праяў стыхіі і людской бяздумнасці.
   Камянец заўсёды меў асаблівае значэнне як памежнае ўмацаванне і важны гандлёва-рамесны цэнтр. Ён ляжаў на галоўным беларускім купецкім гасцінцы, які звязваў Брэст з Оршай. Адсюль гандлёвыя дарогі разыходзіліся на ўкраінскія, польскія і прыбалтыйскія землі. Праз Камянец праходзіў каралеўскі шлях з Кракава ў Вільню.
   Зведаў Камянец і ваенную жорсткасць. Посвістам стрэл, звонам падкоў і мячоў, ваяўнічымі воклічамі не раз агучвалася ягонае наваколле. I душу веялі ад цела тут таксама не раз. Горад спусташалі крыжакі, прусы, шведы. Але адважныя камяняне дастойна адпомсцілі сваім крыўдзіцелям-крыжаносцам. У складзе Берасцейскай харугвы яны пераможна змагаліся пад Грунвальдам. Хоць горад быў неаднаразова спалены і разрабаваны, ды вежа Уладзіміра выстаяла, вытрымала. Сумленна зрабіў сваю справу майстар Алекса.
   Набыўшы сёння першапачатковы цёмна-чырвоны колер, вежа працягвае сваю вартаўнічую вахту. Кожным трымцівым досвіткам супакойным полымем свечкі ўзносіць малітву – за мір і спакой на нашай зямлі, за зладжанасць і суладдзе між людзьмі і ў іхніх душах. I рабіць гэта будзе да скону часу.
(546 слоў)
   
Паводле А. Бутэвіча.

Похожие статьи:

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Бярэсце

Пераказы, дыктантыЛегенда пра Камянец

Пераказы, дыктантыВячэрні горад

Пераказы, дыктантыКамянец

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Каложская царква