Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Бутэвіч - Каложская царква

З кнігі "У гасцях у вечнасці"

 

   Як вядома, на пачатку было Слова. I Слова было ў Бога. I Богам было Слова. У Слове пульсавала жыццё, і Слова з'яўлялася святлом для людзей.
   Пасля словы пачалі складвацца ў сказы, сказы — у рознага кшталту аповяды. I паплыло, забурліла, заштарміла слоўнае мора, усё больш адыходзячы ад сваёй першаасновы. А ў моры гэтым пачало тануць тое першаснае і глыбокае, адзінае і магутнае Слова, якое было на пачатку.
   I тады, думаецца, мудрыя божыя людзі знайшлі варты спосаб захавання Слова. Яны сталі будаваць цэрквы. Дзе можна пачуць справядлівае і гаючае Слова ад Бога. I дзе можна ўзнесці на Вышыні, прашаптаць да Бога сваё слова-маленне, слова-пакаянне, слова-падзяку. Каб не хадзіць поначы, не блукаць у цемры духоўнай, не блудзіць па чужых сцежках, беларусы прагна шукалі сваю дарогу да храма. Ва ўсе часы — спрыяння і нягоды, радасці і смутку, богапакланення і бязбожжа яны захоўвалі павагу да Слова, будавалі храмы і цэрквы. У іх, акрамя ўсяго, увасаблялася агульная культура чалавека, яго духоўны стан, светапогляд грамадства.
   Таму і ззяюць сапраўднымі дыяментамі на беларускай зямлі шмат якія даўнія храмы, што ўвасобілі ў сваёй архітэктуры і духоўнай аўры спрадвечныя памкненні беларусаў да дасканаласці, да лепшай долі, да самапазнання.
   Адным з такіх несмяротных свяцілішчаў з'яўляецца Барысаглебская царква ў Гродне. Або Каложская, або проста Каложа. Гэта унікальны помнік праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя, калі на Гродзеншчыну прыйшло хрысціянства. Каложа — адзіны беларускі храм такога кшталту, арыгінальны і непаўторны. Як сведчаць спецыялісты, Каложская царква не мае сабе падобных ні ў старажытнарускім, ні ў балканскім храмабудаўніцтве. Яна сталася першапачаткам Гарадзенскай архітэктурнай школы, якая выявілася восем стагоддзяў таму. Выдатнымі помнікамі гэтай школы з'яўляліся Ніжняя, Прачысценская цэрквы ў Гародні, княскі палац.
   Слынныя гарадзенскія дойліды, як і кожны сапраўдны майстар, мелі свае сакрэты будаўніцтва. Яны кемна выкарыстоўвалі розныя аздобы, узоры з прыродных камянёў, з каляровай паліванай кафлі. Рабілі ўсё, каб будынак меў прывабную выразную архітэктурную форму.
   А тое, што будаўніцтву Барысаглебскай царквы спрыялі майстры з Грэцыі, сведчыць пра плённыя сувязі тагачаснай беларускай праваслаўнай культуры з багатым візантыйскім духоўным жыццём. Пераймаючы іншазямельныя традыцыі, беларускія дойліды аднак выштукавалі свой храм, які без суперніцтва займае вартае месца сярод найслынных помнікаў хрысціянскага царкоўнага будаўніцтва.
   Пра назву Барысаглебскай царквы існуюць розныя паданні. Адам Кіркор — вядомы гісторык, этнограф і археолаг — звязвае гэта з часам княжання ў Гародні праўнука Яраслава Мудрага Усевалада Давыдавіча. У 1167 годзе ён ажаніўся з дачкой Уладзіміра Манамаха Агаф'яй. У іх было двое сыноў: Барыс і Глеб. Лічыцца, што менавіта яны і заклалі на высокім беразе Нёмана самы старажытны праваслаўны храм у Гародні.
   Адкуль жа ўзнікла назва Каложа? У 1405 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт хадзіў паходам на Пскоў. Там ён узяў у палон 11 тысяч жыхароў прыгарада Каложы і пасяліў іх у Гародні, паблізу царквы Барыса і Глеба. Перасяленцы назвалі месца новага побыту Каложай — як памяць пра сваіх продкаў. Пазней і царкву сталі называць Каложскай.
   Духоўная моц дойлідаў, іх высокае ўмельства спрыялі з'яўленню выдатнага помніка. Але майстры не здолелі засцерагчы святыню ад розных нягод. Царква зведала разбуральную сілу сярэднявечных сечаў, шведскай вайны. Хуткаплынны Нёман таксама нарабіў шкоды. Яму хацелася так блізенька плысці ля гэтай непрыступнай прыгажуні, што не заўважыў, як бурлівыя хвалі падтачылі бераг. У 1853 і 1889 гадах у нёманскую ваду абрынуліся паўднёвая і ўсходняя сцены, скляпенні. Аднак Слова Божае зноў паклікала да сябе людзей. I ў канцы XIX стагоддзя царква, аберажоная Духам Святым, была адноўлена — дабудаваны драўляныя сцены, дах.
   Узведзеная на рошчыне людской дабрыні і любові да Бога, Барысаглебская царква і да гэтага часу здзіўляе сваёй выразнасцю, кампактнасцю, годнасцю, дасканаласцю формы і практычнага прызначэння. Мураваныя сцены храма ўгары маюць адзіныя на сённяшні дзень у Беларусі галаснікі. Гэтыя керамічныя ўстаўкі нагадваюць высокія збаны з доўгай шыяй, якія ўмураваны ў сцены горлам унутр храма, што спрыяла акустыцы будынка. Галаснікі надавалі богаслужэнню асаблівую ўрачыстасць, узнёсласць і выразнасць. Кажуць, калі царква ўжо ззяла сваім купалам, гарадзенцы папрасілі дазволу выпрабаваць гэтыя невядомыя галаснікі і пагукаць у храме. Нават самі злякаліся ўласнага голасу — такой моцай і дужасцю гучаў ён. Даўней сцены царквы былі аздоблены фрэскамі.
   Асаблівую цікавасць і непаўторную адметнасць гэтаму старадаўняму помніку хрысціянства надаюць устаўкі ў знадворныя чырвонацагляныя сцены паліраваных рознакаляровых валуноў і маёлікавых плітак зялёнага, карычневага і жоўтага колеру.
   З каляровых плітак выкладзены рознай велічыні крыжы. Гэтыя колеравыя ўстаўкі з'яўляюцца важным элементам архітэктурнай адметнасці храма і яго апазнавальным знакам. Такім чынам даўнія майстры ўвасобілі ў камені ідэю ўсёстваральнай і ўсёпераможнай Божай сілы.
   У незвычайных крыжах Каложы сцвердзілася не толькі майстэрства дойлідаў, а і іхняя прадбачлівасць. У іх закладзены глыбокі сімвалічны сэнс, які падкрэсліваецца не толькі колерам, але і бляскам, свячэннем. У сонечны дзень царкоўная сцяна ажно праменіцца таямнічым мігценнем, дыхае магутнай энергіяй. Адпаведна царкоўнай традыцыі на візантыйскіх мазаіках Хрыста заўсёды атачала залатая прастора, якая валодала цудадзейнай аберагаючай энергіяй. Яно, гэтае таямнічае і моцнае святло, укрыжаванае ў сценах Каложы, ахоўвала і абараняла саму царкву і яе вернікаў-прыхаджан ад злога, нядобрага, дадавала стваральнай сілы і хрысціянскай цярплівасці ў імя дабра роднай зямлі.
   Калі над васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно ў любую пару года найперш кідае свой ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, абярэжнай і жыццядайнай сілай свецяцца яе крыжы. I тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі-Нёмана, не толькі сам поўніцца і праменіцца веліччу і годнасцю, але насычае ёю душы вернікаў, любасцю і дабрынёй гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы і дзеі людзей Белай Русі.
   А калі трапяткія нябесныя сузор'і буйнымі арабінавымі гронкамі зачаравана трымцяць у нёманскіх хвалях побач з абрысамі Каложы — гэтай праўдзівай перліны хрысціянскага свету, тады здаецца, што ў нерухомай цішыні пранікліва гучыць сказанае Богам: "I вочы мае і сэрца маё будуць там ва ўсе дні".

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Каложа

Данута Бічэль-ЗагнетаваДанута Бічэль-Загнетава - Каложа

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Бярэсце

Пераказы, дыктантыКаложская царква

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці