Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каложская царква

   Сапраўднымі дыяментамі ззяюць на нашай зямлі даўнія храмы, якія ўвасобілі ў сваёй архітэктуры спрадвечныя памкненні беларусаў да дасканаласці. Адным з такіх несмяротных свяцілішчаў з’яўляецца Каложская царква ў Гродне, або проста Каложа. Гэта ўнікальны помнік праваслаўнага дойлідства ХІІ стагоддзя.
   Адкуль узнікла назва Каложа? У 1405 годзе князь Вітаўт хадзіў паходам на Пскоў. Там узяў у палон 11 тысяч жыхароў прыгарада Каложы і пасяліў іх у Гародні, паблізу царквы Барыса і Глеба. Перасяленцы назвалі месца новага побыту Каложай, а пазней і царкву сталі называць Каложскай.
   Царква зведала разбуральную сілу войнаў. Хуткаплынны Нёман таксама нарабіў шкоды: яго бурлівыя хвалі падтачылі бераг, і ў ваду абрынуліся паўднёвая і ўсходняя сцены, скляпенні. Аднак у канцы ХІХ стагоддзя святыня была адноўлена.
   Мураваныя сцены храма ўгары маюць адзіныя на сённяшні дзень у Беларусі галаснікі . Гэтыя керамічныя ўстаўкі нагадваюць высокія збаны з доўгай шыяй, умураваныя ў сцены горлам унутр храма, што спрыяе акустыцы будынка.
   Калі над васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно найперш кідае свой ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, жыццёвай сілай свецяцца крыжы. І тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі Нёмана, не толькі сам праменіцца годнасцю, але насычае ёю душы вернікаў, гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы людзей.
(210 слоў)

(Паводле А. Бутэвіча)

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сынковіцкая царква

Пераказы, дыктантыСынковіцкая царква

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Каложская царква

Пераказы, дыктантыФрэскі Спасаўскай царквы

Данута Бічэль-ЗагнетаваДанута Бічэль-Загнетава - Каложа