Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Збіральніцтва

   Збіральніцтва – адна з найстаражытнейшых формаў гаспадарчай дзейнасці людзей, заснаваная на збіранні прыродных прадуктаў харчавання. Яно існавала побач з рыбалоўствам і паляваннем, але ў адрозненне ад іх не патрабавала спецыяльных навыкаў і прылад працы. Першабытныя людзі карысталіся прымітыўнымі прыладамі – кіем-капачкай з завостраным канцом, каменнымі нажамі, сякерамі. Але большасць пладоў і раслін збіраліся без выкарыстання прылад.
   З развіццём земляробства і жывёлагадоўлі збіральніцтва стала дапаможным заняткам і набыло форму промыслу.
   Багацце дароў прыроды ў навакольных лясах і пушчах у старажытнасці было ўсеагульным здабыткам. Аднак у эпоху феадалізму большая частка бароў, пушчаў і лясоў была ў руках дзяржавы, феадалаў, якія ўводзілі больш строгія абмежаванні ў выкарыстанні лясных багаццяў. Так, ужо ў ХVІ ст. забаранялася збіраць грыбы і ягады ў панскіх і дзяржаўных лясах жанчынам (дазвалялася толькі дзяўчатам і дзецям). Згодна са Статутам Вялікага княства Літоўскага 1529 г. феадалам давалася права затрымліваць чалавека ў сваім лесе і адбіраць у яго ўсё тое, што ён назбіраў. У ХІХ ст. за ўваход у лес ці збіранне там грыбоў ці ягад без дазволу сялян штрафавалі.
   Сярод розных гатункаў грыбоў у першую чаргу аддавалася перавага баравікам. Для сушкі баравікоў выкарыстоўвалі не толькі хатнія печы, але і печы ёўняў і лазняў.
   Грыбы зразалі з коранем ці толькі шляпкі. Збіралі іх у плеценыя з лазы, вярбы ці з яловых і хваёвых каранёў кашы, у якіх грыбы праветрываліся і не псаваліся. Большасць сабраных грыбоў выкарыстоўваліся для сваіх патрэб. Іх ужывалі свежымі, у вараным ці смажаным выглядзе і нарыхтоўвалі на зіму.
   Пры нарыхтоўцы грыбы звычайна сушылі, радзей салілі (у залежнасці ад гатунку грыбоў). Для сушкі выкарыстоўваліся перш за ўсё грыбы лепшых гатункаў: баравікі, падасінавікі, падбярозавікі, махавікі, радзей – лісічкі, апенькі, маслякі, страчкі. Значную частку сушаных грыбоў (у першую чаргу баравікоў) сяляне прадавалі на кірмашах.
   Для засолу выкарыстоўваліся перш за ўсё грузды, ваўнякі і рыжыкі. З-за недахопу солі некаторыя грыбы (радоўкі, свінушкі, грузды, ваўнякі) залівалі вадою і квасілі.
   Значнае месца ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. займала збіранне ягадных і пладовых дароў лесу: суніц, чарніц, буякоў, маліны, журавін, брусніц, дзікіх парэчак, дзікага агрэсту, пладоў шыпшыны, дзікіх груш і яблык, ягад рабіны, каліны, арэхаў і інш.
   Ягады збіралі звычайна ў жбаны, плеценыя кошыкі і ўжывалі як свежымі, так і сушанымі, для чаго сабраныя ягады падвяльвалі, затым сушылі ў печы ці на печы. Ягады выкарыстоўвалі як для сваіх патрэб (харчаванне і лячэнне), так і на продаж.
   У вялікай колькасці восенню збіралі арэхі, жалуды, дзікія яблыкі і грушы. Жалуды ў асноўным ішлі на корм свінням і для прыгатавання кавы. Грушы сушылі на печы ці ў печы цэлымі, а яблыкі разразалі на тонкія скрылёчкі і сушылі на печы або на сонцы, для чаго скрылёчкі нанізвалі на суровыя ніткі ў вязанкі і развешвалі на сценах хат.
   У час веснавой бясхлебіцы ўжывалі ў ежу маладую крапіву. З гэтай мэтай збіралі лісце маладой лебяды, шчаўе, лісце адуванчыка і варылі з іх страву без усялякай прыправы.
   У якасці асвяжальнага напітку выкарыстоўвалі бярозавы (радзей кляновы) сок. Яго збіралі ў збаны, гладышы, шкляныя слоікі і іншы посуд, злівалі ў бочкі, дзежкі, кадушкі.
   У наш час збіральніцтва ўсё больш набывае характар адпачынку. Лес з’яўляецца адным з галоўных фактараў развіцця матэрыяльна-духоўнай культуры грамадства і ўсяго жывога на нашай планеце.
(512 слоў)

Паводле Л. Мінько

 

Похожие статьи:

ПераказыАпошні падмурак лета

ПераказыУ ягады

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Журавіны

ПераказыЯгаднае лета

ПераказыУ лесе летам