Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Доўгачаканае паведамленне

   Ліст прыйшоў у пачатку жніўня. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі, калі паштальён уручыў ёй канверт. Дзяўчына хвалявалася, у яе дрыжалі пальцы, і таму яна ніяк не магла адкрыць яго.
   – Хутчэй, Наташка, – падганялі дзяўчаты.
   Наташа дастала паведамленне, знайшла патрэбнае слова «залічана» і пачала прытупваць аб мяккую, падатную зямлю босымі нагамі.
   Калі першая радасць уляглася і ўсе дзяўчаты да адной патрымалі ў руках доўгачаканае паведамленне, Наташа задумалася. Яна амаль нідзе яшчэ не была. Нават у раённы цэнтр ездзіла ўсяго тры разы. I вось цяпер, калі трэба было ехаць, яна сумелася. Неяк стала трывожна і тужліва на сэрцы. Як усё будзе? Свет, дасюль маленькі, уяўляўся як неабдымны, бясконцы. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Палохала таксама далёкая дарога. Наташы спачатку трэба было сесці на параход, потым у Віцебску – на чыгунку.
   Да падарожжа яна рыхтавалася грунтоўна. У дадатак да белай сукенкі з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, пашылі яшчэ дзве: адну са штапелю, другую – з саціну, на кожны дзень. Да туфляў, што былі куплены ў сельпо вясною, маці справіла другія.
   Увечары, калі з пашы прыгналі кароў і над вёскай усталявалася ўрачыстая цішыня летняй ночы, Наташа пайшла на сяло. Ёй хацелася яшчэ раз на развітанне сустрэцца з сяброўкамі.
   Ноч спакваля ахінала зямлю. Над балотам, за ракой, у фіялетавым небе загарэлася зорка, быццам узняў нехта на высокім шасце ліхтарык. Над паплавамі слаўся шызы, настоены на водары атавы і спелага жыта туман. Ён поўз нізка, клубіўся, баючыся падступіцца да самай вёскі. У цемрадзі са свістам праляцела чарада качак, недзе далёка на бальшаку загрукаталі калёсы. На старым клёне ў гняздзе заляскатаў дзюбай бусел, час ад часу рыпеў калодзежны журавель.
   Усё было знаёма з дзяцінства. Наташа ішла памалу, слухала гукі засынаючай вёскі. Было маркотна. Не верылася, што ўжо заўтра не ўбачыць яна вясковых прысад, не пачуе лёгкага шапацення іх лісця. Дзяўчына прайшла паўз клуб, завярнула ў вузкі завулак. Ён быў бязлюдны, а ў вокнах не свяціліся агні. Наташа набавіла кроку, наўпрост праз агароды зноў выйшла на галоўную вуліцу. Тут яна і сустрэла сваіх аднакласніц.
   Дзяўчаты падзяліліся няхітрымі вясковымі навінамі. Памаўчалі. Размова неяк не выходзіла. «Трэба ісці класціся спаць», – тут жа падумала Наташа. Але не хацелася пакідаць дзяўчат, з якімі давядзецца хутка развітвацца. Разам прайшло іх дзяцінства. Шмат радасных дзён было ў школе. А цяпер як складзецца яе лёс? Ці сустрэнуцца яны хутка зноў?
   Зосю паклікалі ў хату, і талака дзяўчат пачала разыходзіцца. Наташа паціснула ўсім рукі, неахвотна пайшла дамоў.
(405 слоў)

Паводле А. Асіпенкі.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПрыход вясны

Пераказы, дыктантыПрыпар

Пераказы, дыктантыБудзе хлеб