Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыпар

   Язэп паціху выйшаў на двор. Яму не спалася ўсю ноч. Чамусьці хацелася пабачыць тое месца, дзе ўчора падарвалася Фруза. I ён не вытрымаў, пайшоў.
   Спачатку ён ішоў краем замініраванага поля, вызначаў яго па акуратных шыльдачках па-нямецку: Minen! Зварочваць да жыта Язэп пабойваўся. У густой траве цяжка заўважыць міну. Яшчэ зачэпіш нагой міну і падарвешся.
   Язэп ведаў, што немцы звычайна расстаўляюць міны ў строгім парадку, але так, што калі пойдзеш напрасткі, дык крокаў праз дзесяць-дваццаць абавязкова наступіш на міну. А Фруза, казалі, падарвалася на жытнёвым полі. Звязала першы сноп, нагнулася і толькі зачапіла сярпом жыта, як пачуўся выбух.
   Язэп паглядзеў навокал і раптам убачыў у траве след. Тады здагадаўся, як жанчыны дабраліся да жыта. Мабыць, немцы хадзілі на былы Максімаў хутар па ваду ў калодзеж, і сцежка гэтая або не была замініравана, або артылерысты размініравалі яе.
   Гэтай сцежкай ён падышоў да жыта. Адразу ўбачыў чорнае ржышча і неглыбокую ямку ў жыце, дзе загінула Фруза.
   Язэп стаяў над ямкай. Толькі адна думка непакоіла: трэба зрабіць так, каб больш ніхто не загінуў тут. Але што ён можа зрабіць? Жанчыны ўсё роўна прыйдуць сюды жаць. I ніхто іх не спыніць. Значыць, і яшчэ будуць ахвяры.
   Ён адышоў. Перад ім высокай сцяной уздымалася жыта. Тоўстыя, з чырванаватымі каленцамі сцёблы стаялі густа адзін пры адным. Здавалася, яны так і просяцца пад серп.
   Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні, такі быў доўгі. I зерне ў ім было буйное, жоўтае. Колькі ж хлеба зглуміцца тут, калі не сажнеш жыта! А зжаць, відаць, не давядзецца. У жыце прыхавалася смерць.
   Язэп раструшчыў колас, сыпануў зерне пад ногі. «Лепей няхай загіне жыта, чым людзі, – падумаў ён. – Як-небудзь пражывём».
   Ён выцягнуў з кішэні запалкі, чыркнуў запалкай раз, другі. Запалка загарэлася. Язэп паднёс яе да коласа. Кволы агеньчык абсушыў жытнёвыя вусікі, і яны абвугліліся, апалі. Колас выскаліўся зернем, як зубамі. Запалка патухла.
   «Дзівак я, – падумаў Язэп, – трэба сноп падпаліць спачатку, тады жыта зоймецца агнём».
   Гэтая разважлівая думка раптам здалася яму дзікай, страшнай. «Што ж я раблю? – падумаў ён. – А людзі што скажуць? Як жа яны жыць будуць? Гэта ж хлеб...»
   Ён захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два вусікі, што тырчалі ў розныя бакі.
   Затаіўшы дыханне, адкруціў дрот, з асцярогай зняў міну. Аднёс на ўзмежак, выцер узмакрэлы лоб. Падумаў: «Мінёр памыляецца раз у жыцці». Вярнуўся назад, знайшоў яшчэ адну і зноў пачаў знімаць яе. Мільганула думка: «Добра, што правая рука засталася. Каб левая, дык не здолеў бы».
   I другая міна была знята. Потым ён перастаў лічыць. Небяспека толькі выклікала радасць: «Нічога са мной не здарыцца».
   У пошуках мін ён забіраўся ўсё глыбей у жыта. Страху не адчуваў – была цяжкая работа.
   Ад работы яго адарвалі жаночыя галасы. Язэп разагнуўся і адразу ж убачыў жанчын. Яны ішлі ланцужком, след у след, а наперадзе ўсіх Макарыха. I яны ўбачылі Язэпа, спыніліся, сабраліся ў гурт, забыўшыся на небяспеку.
   – Не бойцеся, там чыста, – гукнуў ён і пачаў знімаць міну. Нёс яе на выцягнутай руцэ.
   Жанчыны пачалі жаць. Здаецца, і не хваляваўся, як здымаў міны, а цяпер чуў, што трымціць кожны мускул.
   Праз тыдзень жыта было зжата. Яго і абівалі тут, на полі. А абабіўшы, кожная сям’я атрымала патроху зерня, каб можна было спячы хлеб.
   Яго пяклі ў зямлянцы. Пяклі на кляновых лісцях, па чарзе, бо тут была адна печ на ўсе зямлянкі.
   Пах хлеба і высушанага кляновага лісця – густы, салодкі – вырываўся на волю праз адчыненыя дзверы.
(558 слоў)

Паводле А. Асіпенкі.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБяскрайні прастор

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тры пуды жыта

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Хлеб

Ніл ГілевічНіл Гілевіч - Жыта, сосны і валуны

Пераказы, дыктантыЖніво