Матылькі – легкакрылыя хуткаплынныя імгненні, расквечаныя сонечнымі промнямі і водсветамі летняй поўні… Іх можна не заўважаць. Так большасць людзей і робіць (падумаеш, пырхае штосьці бязважкае і бескарыснае побач!). Можна высочваць, лавіць і наколваць на тоўсты аркуш паперы, каб потым выхваляцца перад сябрамі іх хараством і сваёй спрытнасцю. Можна проста дзівіцца на матылькоў, на іх лёгкія рознакаляровыя іскаркі і потым сам-насам з сабой разважаць пра вечную вабнасць і нявытлумачанасць цуду Прыроды. Гэтага ці любога. Тут ужо хто на што здатны. Цуд можа адбывацца штоміг на вачах, але заўважацца нямногімі. Тымі, каго сучаснікі звычайна не разумеюць, міжволі ці свядома пазбягаючы. У лепшым выпадку… Дзівакі! Ды калі прыгледзецца, паназіраць за нараджэннем яркага, дзівосна прыгожага матылька з брыдкай няўклюды-вусеніцы, то не толькі думка сягне за межы дакладна акрэсленай рэальнасці, выяўляючы, малюючы новыя яе глыбіні, але і душа. Так, так, душа (што б ні называлі людзі душою!). Яна ведала разгадкі ўсіх на свеце таямніц, таму што была несмяротнаю. Несмяротнаю не ў тым сэнсе, што магла абмінуць і абмінала смерць, а ў тым, што заўжды адраджалася. Уваскрасала, здавалася, з нічога – з малой іскаркі святла ці змроку, – уваскрасала ў новым целе, пад новым імем. Хто б, акрамя некалькіх вучоных, назваў імя хоць двух-трох з тысяч і тысяч матылькоў, якія нараджаюцца штовесну?
(205 слоў)
Паводле Т. Бондар
Похожие статьи:
Пераказы → Захапленне прыгажосцю
Пераказы → Матылёк (Паводле У. Аляхновіча)
Пераказы → Ці прыляціць адмірал?
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Апалон
Пераказы → Матылёк