Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Пятрусь Броўка

Фатаграфія Петруся Броўкі12(25).06.1905, в. Пуцілкавічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Ушацкага раёна Віцебскай вобласці – 24.03.1980; Мінск, пахаваны на Усходніх могілках.

   Броўка Пётр Усцінавіч – паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР (1962). Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Ганаровы грамадзянін Мінска (1980). Член СП СССР з 1934. Лаўрэат Сталінскай прэміі 2-й ступені за паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаяць...», «Спатканне» (1947), Сталінскай прэміі 3-й ступені за зборнік вершаў «Дарогі жыцця» (1950), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі» (1959), Ленінскай прэміі за кнігу вершаў «А дні ідуць...» (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за паэму «Заўсёды з Леніным» і за кнігу вершаў «Між чырвоных рабін» (1969), Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1976).
   П. Броўка нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і (дзевяць дзяцей, зямлі – дзве з паловай дзесяціны). Бацька, Усцін Адамавіч, мог майстраваць куфры, шафы, прырабляў гэтым на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была цалкам занята працай каля хаты, клопатамі аб дзецях (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцім, дзе і загінула). Жылі бедна, і таму, каб хоць нечым быць карысным і для старэйшых, дзеці з малых гадоў браліся за работу. Пятрусь спачатку пасвіў гусей, пасля авечак, пазней кароў, вадзіў коней на начлег. Дапытлівы, уражлівы, чулы, хлопец пакрысе пазнаваў жыццё, прыроду, назаўсёды запомніў сцежкі-дарожкі на родных палях і лугах. Дзевяцігадовы, літаральна па складах, па просьбе сялянак, мужы якіх былі на фронце, пісаў салдатам пісьмы. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Янкі Купалы, апавяданнямі Якуба Коласа, палюбіў паэзію М. Някрасава, хоць свет мастацтва быў для яго, паводле ўласнага прызнання, вельмі далёкі. «Нічога з гэтага свету я не мог уцяміць тады. Але вершы запамінаў і любіў». Пазней успамінаў, што калі чытаў іх у «Родных семенах» (буквары. – Рэд.), то яму здавалася, што пішуць іх нейкія незвычайныя, надзеленыя боскім дарам людзі, якія жывуць у іншым, непадобным да нашага, свеце.
   Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў дванаццацігадовым хлапчуком, а ў 1918, трынаццацігадовым, ужо пачаў працаваць у савецкіх грамадскіх установах – спачатку перапісчыкам у Вялікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, праз нейкі час справаводам у валвыканкоме, потым рахункаводам у саўгасе. Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам. У 1919 перажыў акупацыю буржуазнай Польшчы. У 1923 быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 – старшынёй Маладолецкага сельсавета. Разам з камсамольцамі воласці змагаўся з самагоншчыкамі, займаўся культасветнай працай, быў у гушчы жыцця вёскі. У выканком прыходзіла шмат газет і рознай літаратуры. Чытаў з захапленнем. Усё гэта з кожным днём усё больш і больш адкрывала яму вочы на свет. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». У 1923 быў выкліканы на 1-ы з’езд селькораў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу. У 1925 быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927-1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (скончыў у 1931). Шмат даў П. Броўку «Маладняк». Ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Тараса Шаўчэнкі. Сваёй надзённасцю прыцягвала яго і паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. Ясеніным, то У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў ў кожнага геніяльнае. У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 быў прызначаны рэдактарам часопіса «Полымя». У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. У 1941-1942 працаваў інструктарам-літаратарам у газеце «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў у партызанскім друку. З    1943 – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1945 зноў рэдактар «Полымя». У 1948-1967 – старшыня праўлення СП БССР, з 1967 да 1980 – галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1959 як дэлегат ад БССР прымаў удзел у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Член ЦК КПБ (1952-1980). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947-1955). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1956-1980). Член КПСС з 1940. Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.
   Першыя вершы П. Броўкі надрукаваны ў газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.). Аўтар каля трыццаці кніжак паэзіі – «Гады як шторм», «Прамова фактамі», «Цэхавыя будні», «Паэзія», «Так пачыналася маладосць», «Прыход героя», «Вясна радзімы», «Кацярына», «Шляхамі баравымі», «Насустрач сонцу», «У роднай хаце», «Сонечнымі днямі», «Цвёрдымі крокамі», «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «Па сакрэту», «А дні ідуць...», «Высокія хвалі», «Заўсёды з Леніным», «Між чырвоных рабін», «Калі ласка», «Ты – мая пчолка», «Лясы наддзвінскія», «І ўдзень і ўночы», «Што сэрца праспявала». Выдаў кніжкі паэзіі для дзяцей, аповесць «Каландры», нарысы «Ураджай» (разам з П. Глебкам), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), раман «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборнік апавяданняў «Разам з камісарам» (1974), напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», разам з Я. Рамановічам). Пераклаў на беларускую мову творы Т., Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана.
   Ранняя лірыка П. Броўкі прасякнута матывамі радаснага ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. У гады Вялікай Айчыннай вайны паглыбляецца эмацыянальна-рэалістычны змест яго паэзіі, узмацняецца яе патрыятычнае гучанне. У 60-70-я гады адзначаецца ўвага да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, праяўляецца цяга да філасофскага асэнсавання жыцця. П. Броўка – паэт высокага грамадзянскага пафасу, мастак з ярка выяўленай рамантычнай паэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць мастацкага мыслення, прастата рэалістычнага светаадчування, яна моцна звязана з жыццём народа, з агульнымі задачамі камуністычнага будаўніцтва. У яго творчасці пачуццё роднасці з нацыянальнай культурай, з вечнымі каштоўнасцямі народнага жыцця арганічна спалучаюцца з ідэямі савецкага патрыятызму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму. У Мінску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелСЭ і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах – хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», калгасу «Новае жыццё» і Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

І. П. Чыгрын.


Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 1. Абуховіч – Ватацы / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Рэдкалегія: I. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. – 542 с.

 

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кропля

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")

Пятрусь БроўкаТворчасць Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі