Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Броўка - Брат і сястра

З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына.
Не стрэўся з дачкою,
Не ўбачыў ён сына,
Бо хлопца схавалі дняпроўскія хвалі,
А дзеўчыну карнікі ў лесе скаралі.
З баямі дарога,
Цяжкая дарога.
Вярнуўся Крушына,
Прыйшоў да парога,
А ў сэрцы жалоба,
А ў сэрцы трывога.
Застаўся Крушына адзін у хаціне.
Каб вечна аб дзецях жылі ўспаміны.
Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну,
Прынёс, пасадзіў іх пад ціхай страхою,
Карэнні паліўшы бацькоўскай слязою.
Прыйшоўшы да бацькі з падлеснай даліны,
Расці прыняліся
I клён і рабіна.
Наскочыла восень –
Марозная просінь,
Сады пажаўцелі,
Лісты паляцелі.
Наскочыла восень,
Буй-вецер загушкаў,
Пытаецца бацька
Ў любімай дачушкі:
– Дзяўчынка-рабінка, з уборам чырвоным,
Напэўна, дачушка, сягоння сцюдзёна? –
Да нізкай хаціны
Пад крык жураўліны
Схіліўшы галіны,
Шапнула рабіна:
– Ой, татачка, тата, не жалься багата,
Бо цёпла мне, тата, ля роднае хаты.
Нагрэлася я ля агнёў партызанкай.
Ты глянь, я чырвона і ўвечар і ўранку. –
Па белай дарозе
Прыбеглі марозы,
Мятлюга задзьмула,
Зіма агарнула.
Зіма закавала
Ручайкі ў ільдзіны.
Пытаецца бацька
Ў любімага сына:
– Каторы дзянёчак мароз, як званочак,
Напэўне, замёрз ты, кляночак-сыночак? –
На шэрым світанку,
Прынікшы да ганку,
Пад ветраў гамонку
Клён выказаў звонка:
– Не бойся, мой тата, не страчу я сілы,
Зіма цёплай коўдрай мне ногі накрыла.
Нагрэўся я ў бойках, цяпер не скалею,
Ты ж бачыў увосень, як я палымнею. –
З вялікім разгонам
На крыллях зялёных
З чаромхаю белай
Вясна прыляцела.
Вясна прыляцела
З прыгоршнямі кветак.
Пытаецца бацька
Ды ў двух сваіх дзетак:
– Спяваюць дубровы, зялёныя долы.
Скажыце мне, дзеці, ці ў сэрцы вясёла? –
Расправіўшы вецці,
Сказалі ўдвух дзеці, расцвіўшы на сонцы,
Шапнулі ў аконца:
– Нам добра сягоння, з табою гамонім,
Цябе мы ад спёкі сабою заслонім,
Заслонім лістамі ад дожджу касога,
Ад гора ліхога, ад вока благога,
Хай бачаць, хай знаюць, хай ведаюць людзі:
Мы, дзеці, з табою заўсёды мы будзем!

 

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кропля

Пятрусь БроўкаТворчасць Петруся Броўкі