Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Антон Марціноўскі

(1781-1855)


   Нарадзіўся ў мястэчку Радашковічы Маладзечанскага раёна. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт (1807). Адзін з арганізатараў і актыўных членаў Віленскага друкарскага таварыства, а таксама літаратурна-грамадскага таварыства шубраўцаў, якое аб’ядноўвала ўраджэнцаў і жыхароў Беларусі і Літвы і мела на мэце маральнае ўдасканаленне людзей праз дасціпнае высмейванне розных грамадскіх і асабістых заган. Члены таварыства выказваліся за прыватныя рэформы, грамадскую роўнасць людзей, выступалі супраць невуцтва, цемрашальства, забабонаў. Лічылі, што пашырэнне асветы можа ўплываць на паляпшэнне становішча прыгонных сялян.
   У 1816-1822 гг. Антон Марціноўскі рэдагаваў друкаваны орган шубраўцаў сатырычны часопіс «Вулічныя навіны», што выходзіў на польскай мове, у 1817-1839 гг. — рэдактар-выдавец газеты «Літоўскі веснік», у 1819-1830 гг. — першага на Беларусі навукова-літаратурнага часопіса «Віленскі дзённік». У 1817 г. заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у тым ліку «Летапісец Літвы і Хроніку рускую» ў апрацоўцы I. Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т. Нарбута, творы I. Красіцкага, Ф. Князьніна, Iганат Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця сялян» (пад псеўданімам Патэле, 1817 г.), дзе паказаў бяспраўнае становішча прыгонных сялян, мемуараў (захаваліся ў Р. Зямкевіча, але былі страчаны ў Другую сусветную вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат гарадоў: Вільні. Коўна. Трокаў...» (Ч. 1-2. 1843 г.). Мяркуюць, што ў 1812 г. ён пісаў на беларускай мове адозвы для сялян супраць памешчыкаў.

 

Г. Кісялёў, А. Мальдзіс