Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Друкарня

   Друкарня - прадпрыемства з належнай тэхнікай і спецыялістамі, у якім друкуюцца кнігі і перыядычныя выданні (газеты, часопісы).
   У пачатку 1520-х гг. Скарына перавёз сваю друкарню з Прагі ў Вільню, выдаў там "Малую падарожную кніжку" (1522) і "Апостал" (1525), паклаўшы тым самым пачатак кнігадрукаванню і на этнічнай тэрыторыі ўсіх усходніх славян.
   У 1564 г. I. Фёдараў разам з беларусам П. Мсціслаўцам выдалі ў Маскве "Апостала" — першую рускую кніжку; пазней I. Фёдараў паклаў пачатак і ўкраінскаму кнігадрукаванню ("Апостал", Львоў, 1574).
   У сярэдзіне XVI-XVII стст. на Беларусі існавала шмат друкарняў, і не толькі ў буйных гарадах (Вільня, Бярэсце, Магілёў), але і ў невялікіх, нават у асобных магнацкіх маёнтках (Нясвіж, Любча, Еўе, Заблудаў, Лоск, Цяпін, Куцейн і інш.).
   У XVIII ст. з'явіліся друкарні ў Гародні, Менску, Пінску, Полацку, Слоніме, Супраслі, Шклове. У 1776-1783 гг. выходзіла "Гродзенская газета" — першае перыядычнае выданне на тэрыторыі Беларусі (на польскай мове). Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец XVIII ст.) друкарні засталіся ў губернскіх цэнтрах, сталі ўласнасцю дзяржавы і выдавалі толькі афіцыйныя распараджэнні, справаздачы, "Губернские ведомости" (афіцыйныя газеты). Беларускі друк быў забаронены. Беларускія выданні выходзілі падпольна (як, напрыклад, газета "Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гг.), за мяжою ("Пра багацтва ды беднасць". Жэнева, 1881; "Старая прысказка". Львоў, 1887; "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча. Кракаў, 1891 і інш.) або нейкім падманным шляхам у Расіі (у 1903 г. "Вязанка" Янкі Лучыны выдадзена ў Пецярбургу пад выглядам кніжкі на балгарскай мове).
   Найбуйнейшая цяперашняя беларуская друкарня - Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа ў Менску.