Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ігнат Легатовіч

(1796-1867)


   Настаўнік і паэт Ігнат Легатовіч паходзіў з вёскі Малая Капліца пад Гародняй. У пяць гадоў страціў бацьку, якога замяніў малому айчым, небагаты шляхціц Якуб Вішнеўскі. Ігнат скончыў дамініканскую школу ў Гародні, пасля чаго паступіў у Віленскі ўніверсітэт на аддзяленне літаратуры і мастацтва. Атрымаўшы ў 1817 г. навуковую ступень магістра філасофіі, быў накіраваны ў Мінск, у губернскую гімназію. Больш за дваццаць гадоў працаваў ён тут на сціплай пасадзе настаўніка лацінскай мовы. З 1839 г. служыў інспектарам лепельскай, полацкай і вількамірскай школ. У 1846 г., страціўшы зрок, вярнуўся ў Мінск. За сваю шматгадовую настаўніцкую бездакорную працу быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава III класа. Быў двойчы жанаты. Меў трох сыноў і восем дачок. Ігнат Легатовіч быў вядомы як калекцыянер народнай мудрасці (збіраў прымаўкі, прыказкі, выслоўі, казкі), а таксама як заядлы кніжнік. У доме яго было шмат рэдкіх і цікавых кніг, лёс якіх цяпер невядомы.
   Вершы і песні Ігната Легатовіча, якія ён пісаў яшчэ з часоў вучобы, мелі даволі шырокую распаўсюджанасць сярод людзей. Асабліва яго сатырычныя і гумарыстычныя творы, эпіграмы, максімы. «Яны, — як сцвярджае Зоф’я Макавецкая ў «Польскім слоўніку біяграфічным», — кружылі па Міншчыне і амаль па ўсёй Літве ў шматлікіх спісах, не ў адным доме захоўвалі іх як сямейныя памяткі для наступных пакаленняў...». Некаторыя з яго твораў друкаваліся ў розных польскамоўных перыядычных выданнях, выходзілі асобнымі кнігамі.
   У Легатовіча, без сумнення, было нямала беларускамоўных твораў. Але з усіх іх захаваўся толькі адзін кароценькі верш антыпрыгонніцкага кірунку «Скажы, вяльможны пане...». За гэты верш віленскі польскамоўны альманах «Баян» (1838) быў канфіскаваны ўладамі.
 


Кастусь Цвірка