Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выслоўі

   Выслоўі — лаканічныя трапныя і дасціпныя ўстойлівыя народныя выразы, часта гумарыстычнага характару, што ўжываюцца ў розных выпадках на працы і ў час адпачынку.
   У адрозненне ад прыказак, яны не валодаюць завершанасцю выказвання і афарыстычнасцю.
Да выслоўяў адносяцца жарты і каламбуры, тосты і вясельныя прыгаворкі (У гасцях усяго было, толькі прымусу не было; Хлеб на стале, рукі свае; Чарачка-каток, каціся ў раток; З'еш акрайчык, каб быў сын Мікалайчык), вітанні і зычанні (Здароў! — Жыў, здароў, хаджу без штаноў, чаго і табе жадаю; Бадай табе палепшала!; Памагай Бог! — Казаў Бог, каб і ты памог; Умалотна вам!), прысяганні і кленічы (Каб я з гэтага месца не сышоў!; Няхай язык мой адсохне!; Каб на гэты род прыйшоў звод!; Няхай цябе качкі затопчуць!), дражнілкі (Валодзя, свінні ў гародзе, парасяты ў грэчцы. Як твая жонка завецца?; Цярпі, Грышка, карчма блізка!) і інш.
   Да выслоўяў адносяць таксама ўстойлівыя параўнанні (Жыву як гарох пры дарозе: хто ідзе, той ушчыкне; Зямлі як бабе сесці; Маладзіца як брусніца; Патрэбны як леташні снег; Як карова языком злізала), скорагаворкі (Іван рэпу жрэ, Марыя лён трэ; Ішоў поп каля коп, а капа каля папа; Карл у Клары ўкраў каралі).
   Выслоўі нярэдка змяшчаюцца ў розных фразеалагічных зборніках ("Беларуская фразеалогія" Ф. Янкоўскага, 1968; "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: У 2-х тамах" I. Лепешава, 1993), выходзяць асобнымі выданнямі ("Выслоўі", 1979).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.