Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Шубраўцы

   Шубраўцы (Towarzystwo Szubrawców, літаральна – «Таварыства нягоднікаў») — легальнае літаратурна-грамадскае таварыства ліберальнай інтэлігенцыі ў Вільні ў 1816-1822 гг. Напачатку існавала ў выглядзе ініцыятыўнай групы асветнікаў, якая рыхтавала выданне «Wiadomości Brukowe» («Вулічныя навіны», пазней друкаваны штотыднёвік таварыства).
   Заснавальнікі таварыства — М. Балінскі, Л. Бароўскі, Ю. Завадскі, А. Марціноўскі, З. Нямчэўскі, Я. Шымкевіч і інш., прэзідэнты — Шымкевіч, Казімір Контрым, М. Ромер і А. Снядэцкі. Асноўныя прынцыпы структурнай арганізацыі і кірункі дзейнасці таварыства адлюстраваны ў так званым «Кодэксе шубраўскім», які распрацоўвала спецыяльная камісія ў складзе К. Стравінскага (кіраўнік), Балінскага і Контрыма (прыняты 30.06.1817, апублікаваны 07.02.1819) і дадатку да яго «Аб рустыканах», а таксама ў артыкулах «Прамова да шубраўства» і «Дадатак да «Вулічных навін» Снядэцкага (студзень 1818 г.).
   Шубраўцы падзяляліся на сапраўдных членаў, т. зв. «урбанаў» — аўтарытэтных жыхароў Вільні колькасцю не больш як 40 чалавек і ўзростам не маладзей за 25 гадоў, ганаровых членаў т. зв. «рустыкан» (сельскіх жыхароў) 1-й катэгорыі і членаў-карэспандэнтаў («рустыкан» 2-й катэгорыі),, колькасць якіх была не абмежавана. Рустыкан 1-й катэгорыіі выбіралі з асоб, вядомых публікацыямі ў сферы літаратуры і мастацтва; 2-ю катэгорыю шубраўцы папаўнялі высокаадукаванымі людзьмі, зацікаўленымі ў развіцці навукі, або моладдзю, здатнай да літаратурнай працы.
   Галоўныя мэты шубраўцаў — пошукі новых кірункаў сацыяльна-эканамічнага і духоўнага аздараўлення грамадства, сатырычна-гумарыстычная характарыстыка грамадскіх і асобасных заган. На думку шубраўцаў, сродкам маральнага ўдасканалення грамадства з'яўлялася трапнае друкаванае слова. Асновай сацыяльна-маральнага прагрэсу яны лічылі асвету, узгадаваную на айчынным грунце і накіраваную для дабра народу.    Таварыства адстойвала роўнасць людзей перад законам, настойліва даводзіла неправамернасць падыходу да асветы як прывілеі толькі заможных слаёў грамадства, даказвала неабходнасць фарміравання кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі. Па некаторых пытаннях сацыыяльна-палітычнага і літаратурнага жыцця шубраўцы заставаліся на кансерватыўных пазіцыях. Перанос сатырычнага акцэнту з агульных заган на канкрэтна ўплывовых асоб стаў падставай для закрыцця штотыднёвіка, а пасля і самога таварыства.


Крыніца: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512с.