Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Аляксандр Ходзька
(1804-1891)
Блізкі сябар Адама Міцкевіча, добры знаёмы А. Пушкіна, сын пісьменніка Яна Ходзькі, паэт, усходазнавец і славіст Аляксандр Ходзька (Барэйка) нарадзіўся ў 1804 г. у родавым маёнтку ў Крывічах Вілейскага павета (цяпер Мінская вобласць). Вучыўся спачатку дома, а потым бацька аддаў яго на далейшую вучобу ў Вільню, пад апеку свайго знаёмага Тамаша Зана. У 1820 г. Алесь (так звалі яго дамашнія і сябры) стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта (аддзяленне літаратуры і вызваленых навук). Пазнаёміўшыся і пасябраваўшы з філаматамі, ён запісваецца ў створанае імі Таварыства філарэтаў, уваходзіць у яго Блакітны саюз пад апеку Яна Чачота. Як і большасць членаў гэтага студэнцкага згуртавання, восенню 1823 г. быў кінуты ў базыльянскія муры, у турэмнае зняволенне, адкуль яго выпусцілі разам з сябрамі вясной наступнага года па заканчэнні следства.
Пасля ўніверсітэта Аляксандр Ходзька наважыўся паехаць у Санкт-Пецярбург вывучаць персідскую і арабскую мовы ў Інстытуце арыенталістыкі пры азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расійскай імперыі. У сталіцы, відаць, не без дапамогі Адама Міцкевіча ён збліжаецца з перадавымі прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі — А. Пушкіным, В. Жукоўскім, князем П. Вяземскім.
У 1830 г. Аляксандра Ходзьку залічваюць на рускую дыпламатычную службу ў Персію (Іран), дзе ён працуе рускім консулам. Звыш дзесяці гадоў праслужыў Ходзька ў Персіі і прылеглых да яе краінах. Калі ён выйшаў у адстаўку, то пасяліўся ў Парыжы, дзе зноў сышоўся з Адамам Міцкевічам — дапамагаў яму выпускаць інтэрнацыянальную газету «Трыбуна народаў». 26 гадоў (з 1857 па 1883 г.) Аляксандр Ходзька чытаў курс лекцый па славянскай філалогіі і літаратуры ў Каледж дэ Франс, той курс, які перад гэтым вёў Адам Міцкевіч. У сваіх лекцыях асаблівую ўвагу звяртаў Аляксандр Ходзька на народную творчасць славян. Памёр Ходзька ў 1891 г. пад Парыжам, пахаваны ў невялікім гарадку Манмарансі.
Пачынаў А. Ходзька з паэзіі. У час вучобы ва ўніверсітэце яго вершы змяшчаліся ў розных віленскіх выданнях. Не пакідаў свайго захаплення паэзіяй Ходзька і ў Санкт-Пецярбургу. Тут у 1829 г. ён выдаў кнігу паэзіі, якую прысвяціў Адаму Міцкевічу. У кнігу ўвайшлі яго вершы, балады, элегіі, напісаная паводле ўсходніх матываў паэма «Дэрар», пераклады з новагрэчаскай паэзіі. На зборнік Ходзькі адгукнулася выдаваная Дэльвігам пры ўдзеле Пушкіна сталічная «Литературная газета», змясціўшы на сваіх старонках зычлівую рэцэнзію.
На вершы Аляксандра Ходзькі, напісаныя ў рамантычным стылі яшчэ ў Вільні, звярнуў увагу Адам Міцкевіч, які прарочыў яму вялікую будучыню, казаў, што Ходзька некалі сядзе на яго паэтычным «троне».
Але гэтыя Міцкевічавы прароцтвы не спраўдзіліся. Захапіўшыся арыенталістыкай (усходазнаўствам), Аляксандр Ходзька неўзабаве занядбаў паэзію. Ён стаў прызнаным аўтарытэтам на ніве ўсходазнаўства. Яго пяру належаць такія кнігі, як «Граматыка персідскай мовы», «Узоры народнай паэзіі Персіі...», куды ўвайшлі песні прыкаспійскіх народаў, а таксама славуты туркменскі эпас «Кёранглы», падручнік турэцкай мовы, зборнік персідскай драматургіі «Персідскі тэатр», шмат артыкулаў, гісторыка-этнаграфічных нататкаў, фальклорных публікацый, у якіх асвятлялася невядомая свету самабытная культура Ірана і прылеглых да яго краін.
Дзейнасць Аляксандра Ходзькі як усходазнаўцы — яркі прыклад таго, як нашы землякі-беларусы шчодра аддавалі свой талент чужым народам, у той час, калі культура сваёй краіны, Беларусі, ляжала амаль некранутай аблогай.
З творчай спадчыны Аляксандра Ходзькі для нас маюць цікавасць яго паэтычныя творы, напісаныя на «літоўскія» тэмы, заснаваныя на ўзорах беларускай народнай паэзіі. Да такіх твораў трэба перш за ўсё аднесці яго баладу «Маліны», у аснове якой — пашыраны ў Беларусі песенны сюжэт пра тое, як старэйшая сястра з рэўнасці забівае малодшую, якая потым прарастае вярбой — выразаная з яе галінкі дудка сама расказвае пра ўчыненае злачынства. Сюжэт балады «Маліны» выкарыстаў у сваім драматычным творы «Баладына» Юльюш Славацкі. Асновай другой вельмі цікавай Ходзькавай балады, якую ён назваў беларускім словам «Васілёк», стала пачутае ў народзе беларускае паданне пра пераўвасабленне душ памерлых у галубоў. Матывы беларускай народнай творчасці выкарыстаны і ў такіх вершах-песнях Ходзькі, як «Зух», «Алеся», «Паніч і дзяўчына» і інш. На тэмы роднай беларускай зямлі напісаны вершы і балады А. Ходзькі «Вясенняя ноч у Літве», «Незнаёмец», «Гербы», «Старац». Даследчыкі знаходзяць у яго творах нямала беларускіх слоў і выразаў, якія паэт свядома ўжываў.
Кастусь Цвірка