Герой апавядання – дзесяцігадовы хлопчык, равеснік аўтара ў гады вайны. Алёшка нясе за некалькі кіламетраў ліст-адказ бацьку (франтавы трохкутнічак адшукаў ацалелую сям’ю на толькі што вызваленай тэрыторыі). Сутыкнуўшыся на дарозе з немцамі-акружэнцамі, Алёшка гіне. Ён бы мог застацца ў жывых, калі б не вярнуўся папярэдзіць дзяўчыну-тэлефаністку аб тым, што ў жыце – эсэсаўцы.
У характары свайго героя Іван Пташнікаў падкрэслівае не па гадах развітае адчуванне адказнасці, даросласці, бо і ліст на пошту Алёшка панёс без ведама маці, шкадуючы яе. Побач з дзіцячай цікавасцю і страхамі ў свядомасці персанажа жыве зусім не дзіцячы клопат: «Ці вернецца тата, ці прынясе маці заўтра ад Сельвестрыхі кошык бульбы, ці пусціць іх у вуглы Танька, бо ад сваёй хаты толькі печ асталася, і то развалілася пасля дажджу, – жывуць у хляве». Разам з тым драматызм становішча Алёшкі не нагнятаецца. Боль за абяздоленае маленства, пратэст і гнеў супраць вайны – у падтэксце твора. Нават трагічная развязка – смерць хлопчыка – апісаны эмацыйна стрымана. Аўтарская ўзрушанасць прарвалася толькі ў апошнім абзацы: «Пачуў, што выехала з-пад дзяжкі кашулька і выпалі лісты. Ён хацеў іх падняць, ён вунь як хацеў іх падняць... Але над галавой зазвінелі камары. Іх цэлае поле... Яны засцілаюць вочы: нічога не ўгледзіш... Пасля стала ціха-ціха».
Вайна, такім чынам, раскрываецца праз штодзённыя, часта побытавыя моманты. Народ не толькі змагаўся з ворагам, але і жыў. Менавіта жыццё народа ў гады вайны ў цэнтры ўвагі прадстаўнікоў філалагічнага пакалення. Яно ўзноўлена ў апавяданнях «На чацвёртым годзе вайны» Міхася Стральцова, «Холад на пачатку вясны» Анатоля Кудраўца, «Салодкія яблыкі», «Раяль з адламаным вечкам» Вячаслава Адамчыка, «Алёшка» Івана Пташнікава.
Похожие статьи:
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Найдорф
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Францужанкі
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Алені - ГДЗ
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Пагоня
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Тартак